Top.Mail.Ru

Пасябравалі бібліятэкары Урала і Міншчыны

Пухавіцкая раённая цэнтральная бібліятэка і Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Кыштымскай гарадской акругі заключылі Пагадненне аб супрацоўніцтве. 



Расказвае кіраўнік бібліятэчнай сістэмы Пухавіцкага раёна Ала Андросава: «Мне давялося пазнаёміцца з бібліятэкамі Кыштыма — гэтага адметнага паселішча, размешчанага на мяжы Паўднёвага і Сярэдняга Урала, на рацэ Кыштым. Уражана гісторыяй горада, Кыштымскага края, гісторыяй Чалябінскай вобласці. Вельмі прыгожыя мясціны! Лясы, азёры, розныя помнікі прыроды... І даволі шмат цікавых ураджэнцаў Кыштыма пакінулі свой след у культуры, літаратуры! Мне здаецца, што наша пухавіцка-кыштымскае пабрацімства заўважаць многія жыхары Мар’інай Горкі, насельніцтва якой дзесяцігоддзямі фарміравалася і за кошт ураджэнцаў Расіі з самых розных куточкаў, у тым ліку з Урала. Вось мы разгарнулі кніжную выстаўку пра Кыштым — і адразу ў бібліятэку перадалі даўняе выданне „Малахітавай шкатулкі“ легендарнага Паўла Бажова. А выданне болей сучаснае я сама прывезла з Кыштыма, як і шэраг кніг пра Уральскі край...»

Дарэчы, цікавы факт. Адзін з ураджэнцаў Кыштыма — кавалер ордэна Славы 3-х ступеняў Анатоль Касціцын ваяваў у Беларусі. І ордэн Славы 2-й ступені атрымаў за тое, што бараніў пераправу праз Свіслач паблізу пухавіцкага паселішча Свіслач у 1944 годзе. Кыштым — радзіма пісьменнікаў Ніны Паповай, Юрыя Меленцьева, Вадзіма Нікольскага, Міхаіла Аношкіна... У планах пухавіцкіх бібліятэкараў — цэлы шэраг ініцыятыў, якія будуць спрыяць пашырэнню ведаў пра Мар’іну Горку, Пухавіччыну, іх эканамічны і турыстычны патэнцыял на Урале, у Чалябінскай вобласці, у Кыштыме.

Мікола БЕРЛЕЖ 
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю