Top.Mail.Ru
153

Пасол Туркменістана: СНД — важная пляцоўка, якая злучае краіны з агульнай гісторыяй, інтарэсамі, эканомікай

У Выканаўчым камітэце СНД у Мінску адбылося першае ў гэтым годзе пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці пры статутных і іншых органах Садружнасці пад старшынствам Туркменістана, перадае БелТА.



Асноўным пытаннем сустрэчы пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў стала прэзентацыя Канцэпцыі старшынства Туркменістана ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2026 годзе і плана мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. Акрамя таго, на пасяджэнні быў разгледжаны план работы Савета пастаянных прадстаўнікоў на бягучы год, праект парадку дня чарговага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў СНД, пытанне аб рэалізацыі праекта «Развіццё статыстыкі СНД».

Як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь, пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Туркменістана пры статутных і іншых органах СНД Назаркулы Шакулыеў, старшынства Туркменістана ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў з’яўляецца важным этапам прадаўжэння паслядоўнай палітыкі дзяржавы, заснаванай на прынцыпах нейтралітэту. А гэта добрасуседства, узаемапавага, а таксама раўнапраўнае партнёрства.

«Туркменістан зыходзіць з таго, што СНД з’яўляецца важнай, значнай рэгіянальнай пляцоўкай, якая злучае краіны, што маюць агульную гісторыю, мову, інтарэсы, эканоміку. І канцэпцыя старшынства Туркменістана ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2026 годзе прадстаўлена па гэтых напрамках. Плануецца правядзенне шэрага мерапрыемстваў як у Туркменістане, так і на пляцоўках краін — удзельніц Садружнасці», — расказаў Назаркулы Шакулыеў.

Каменціруючы тэму старшынства Туркменістана ў Садружнасці, генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што, з улікам геаграфічнага становішча гэтай краіны, першараднымі стануць пытанні эканомікі.

«Праз Туркменістан праходзіць некалькі вельмі важных транзітных транспартных маршрутаў — гэта „Усход-Захад“, „Поўнач-Поўдзень“. І цяпер якраз абмяркоўваецца тэма з Масквой, Баку, Казахстанам, Узбекістанам, Таджыкістанам, што датычыцца пашырэння гэтых маршрутаў. Другое пытанне — энергетычнае, бо Туркменістан яшчэ і крыніца нафты і газу, і забеспячэнне іх паставак — таксама адзін з важных пунктаў прадстаўленай сёння канцэпцыі», — расказаў Сяргей Лебедзеў.

Акрамя таго, паводле слоў генеральнага сакратара СНД, Туркменістан вялікую ўвагу ўдзяляе гуманітарнаму супрацоўніцтву. Так, у краіне праходзіць Фестываль школьнага спорту, Ашхабад прымаў Еўразійскія гульні ў 2017 годзе, да якіх было ўзведзена нямала новых спартыўных аб’ектаў. З савецкіх часоў тут ёсць свая хакейная каманда, туркменскія спартсмены добра паказваюць сябе на сусветных арэнах.

«Таму ў 2026 годзе ў Туркменістане будуць праходзіць спартыўныя спаборніцтвы, культурныя форумы. У прыватнасці, Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД», — адзначыў Сяргей Лебедзеў.

Адказваючы на пытанні журналістаў, генеральны сакратар СНД таксама пракаменціраваў заяву кіраўніцтва Малдовы аб выхадзе са складу краін-удзельніц.

«На справе выхад са складу краін — удзельніц СНД суправаджаецца шэрагам працэдур на працягу года. У сакавіку яны збіраюцца выйсці з асноватворных дакументаў СНД. Але гэта толькі заява і падобныя ўжо былі. Але пры гэтым Малдова збіраецца застацца ў шэрагу пагадненняў, якія ёй выгадны. Таму канкрэтыкі, як гэта будзе праходзіць і што адбудзецца за заявай аб выхадзе з СНД, і як гэта будзе ажыццяўляцца ў частцы ўдзелу Малдовы ў іншых пагадненнях, няма», — расказаў Сяргей Лебедзеў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю