Top.Mail.Ru

Пасля халоднай зімы мінчан і гасцей сталіцы будуць сустракаць абноўленыя паркі і пляжы

Каб скінуць міжсезоннае здранцвенне і напоўніць жыццё энергіяй і эмоцыямі, аднаго цяпла мала. Пасля пяці месяцаў расстання мы як бы па-новаму знаёмімся з месцамі, дзе праводзілі свой лепшы час у сезон цяпла — паркамі, лесапаркавымі зонамі, скверамі і пляжамі. І нам заўсёды цікава, як падрыхтаваліся да гэтай сустрэчы ўпадабаныя лакацыі, што новага і цікавага прадставяць сваім наведвальнікам.

Насамрэч чакаць засталося нядоўга — інтрыга вырашыцца практычна праз тыдзень-два: сезон атракцыёнаў адкрыецца ў Мінску ўжо 24 красавіка, а з 1 мая стартуе пляжны сезон. 

Лакацыі ў стылі «спорт»

Любімыя месцы адпачынку мінчан і гасцей горада — гэта перш за ўсё 4 галоўныя паркі — імя Горкага, Чалюскінцаў, Уга Чавеса і 900-годдзя Мінска. Перад сезонам усе яны не проста «пачысцілі пёркі», але і зведалі некаторыя змены, сказаў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер УП «Мінскзелянбуд» Руслан КАСЕВІЧ.

У парку імя Горкага, паводле яго слоў, усе гандлёвыя павільёны прыведзены ў адзіны стыль, з боку вуліцы Першамайскай ужо ёсць дзіцячы гульнявы комплекс, а каля вадаёма з боку вуліцы Кірава з’явілася ціхая зона адпачынку. Новы сезон парк адкрые і новым атракцыёнам — «Пажарная каманда», які прызначаны для дзяцей ва ўзросце ад трох гадоў і ўяўляе сабой дзіцячы міні-цягнік, які рухаецца па рэйках вакол дэкарацый у выглядзе палаючага дома. Маленькія наведвальнікі могуць тушыць гэта полымя.

— У гэтым годзе ў нас чакаецца адкрыццё чацвёртай чаргі будаўніцтва парку імя Уга Чавеса, — дзеліцца Руслан Андрэевіч. — Плошча парку складае каля 28 гектараў, дастаткова месца для абсталявання розных лакацый. Мы вырашылі, што гэтыя лакацыі будуць спартыўнага характару і там размесцяцца хакейная каробка, лыжа-ролерная траса, пляцоўкі для заняткаў стрытболам, баскетболам, міні-футболам, валейболам, пляжным валейболам.

Сёлета пачалося праектаванне рэканструкцыі парку Чалюскінцаў. Намеснік генеральнага дырэктара «Мінскзелянбуда» прыадчыніў заслону таямніцы будучых пераўтварэнняў:

— І ў гэтым парку таксама будуць у адзіным стылі выкананы ўсе гандлёвыя аб’екты, зменіцца асвятленне па цэнтральнай алеі. На замену выведзеных з эксплуатацыі атракцыёнаў — «Кола агляду», «Ладдзя» і «Катальная гара» — будуць устаноўлены новыя аналагічныя атракцыёны. Тут жа з’явіцца новы дзіцячы гульнявы гарадок, атракцыён «Мікс» беларускай вытворчасці, які ўяўляе сабой ківач-арэлі, даволі экстрэмальныя.

Спыніўся Руслан Касевіч і на пытанні, якое хвалюе многіх, — кошце задавальнення, бо ўсе мінулыя гады цэны на атракцыёны практычна не мяняліся. 

— Але падаражэнне тэхнічнага абслугоўвання, высокі кошт за запчасткі і расходныя матэрыялы вымусілі пайсці на павышэнне цэн для наведвальнікаў атракцыёнаў — парадку на 15%, — растлумачыў ён.

Кожнаму атракцыёну — тэхнічны агляд

Начальнік упраўлення нагляду за бяспекай пад’ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Пётр КЛІМКОЎ завастрыў увагу на тым, што забаўляльныя атракцыёны — далёка не бяскрыўдныя арэлі і тут асабліва важна забяспечыць усе меры бяспекі — бо ў летні сезон імі карыстаюцца дзясяткі тысяч людзей, у тым ліку і дзеці.

— Таму штогод кожны атракцыён праходзіць тэхнічны агляд, — кажа ён. — Нагляд праводзяць эксперты ў галіне прамысловай бяспекі. Тыя атракцыёны, якія адпрацавалі прызначаны тэрмін службы, аглядаюцца толькі экспертамі ў галіне прамысловай бяспекі. Акрамя таго, яны дадаткова праходзяць больш паглыбленае даследаванне.

Новыя кабінкі, лаўкі з навесамі і гамакі

У 2025 годзе ўвага спецыялістаў Мінскай лесапаркавай гаспадаркі была засяроджана на Заслаўскім вадасховішчы, дзе адрамантавалі пад’язную аўтадарогу з вылучэннем пешаходнай зоны і заменай пакрыцця да пляжа № 5. Адрамантавалі пад’езд да пляжа № 6 і аўтастаянкі на пляжах № 1, 3 і 5. На адным з пляжаў з’явілася новая фотазона «Заслаўскае». Сёлета ўвага пераключылася на вадасховішча «Дразды».

Расказвае выканаўца абавязкаў начальніка службы па ўтрыманні гарадскіх лясоў, пляжаў і МКАД Мінскай лесапаркавай гаспадаркі Дар’я ЖАРСКАЯ:

— Тут з’явяцца новыя пліткавыя дарожкі, фотазона, 6 сучасных ценявых навесаў, 4 удасканаленыя кантэйнерныя пляцоўкі і скрыні. Усяго на пляжы будзе ўстаноўлена каля 195 адзінак новага абсталявання. 

Не застануцца без увагі і іншыя зоны пляжнага адпачынку. Напрыклад, для дзяцей на Цнянскім вадасховішчы будзе ўсталяваны гульнявы комплекс і двухсекцыйныя арэлі, на Заслаўскім вадасховішчы — дзве гульнявыя панэлі. Для аматараў валейбола будзе праведзена замена 12 валейбольных стоек, а таксама плануецца замена месцаў для гледачоў, устаноўка казырка для журы і шаф для захоўвання інвентара.

У цэлым на пляжах Мінска запланавана ўстаноўка 105 кантэйнераў для збору змешаных камунальных адходаў, 70 кантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і 78 туалетных кабінак. На гарадскіх пляжах таксама з’явяцца новыя кабінкі для пераапранання, лаўкі з навесамі, велалаўкі, гамакі і скрыні, будуць замененыя мангалы.

Яшчэ адно найважнейшае пытанне — ахова правапарадку і гарантаванне бяспекі жыхароў Мінска ў зонах адпачынку — трымае пад пастаянным кантролем міліцыя. Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Сяргей ГАРОХАЎ, расказаў пра тое, што цяпер прапрацоўваецца пэўная методыка і тактыка таго, якім чынам будзе забяспечвацца бяспека.

— Дзесьці гэта можа быць аўтамабільнае патруляванне, дзесьці — пешае або з дапамогай беспілотнага лятальнага апарата, а дзесьці — электраскутары.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю