Top.Mail.Ru
75

Пашыраны гарантыі для работнікаў прамысловасці

Гэта стала магчымым дзякуючы падпісанню Тарыфнага пагаднення на 2026-2028 гады паміж Беларускім прафсаюзам работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ», Рэспубліканскай асацыяцыяй прадпрыемстваў прамысловасці «БелАПП», Міністэрствам прамысловасці і Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Рэспублікі Беларусь.


Тарыфнае пагадненне замацоўвае шырокі комплекс сацыяльна-працоўных гарантый і пераваг для работнікаў галіны. Яны датычацца аплаты працы, гарантый занятасці, аховы працы, а таксама дадатковых ільгот з улікам галіновай спецыфікі.

Адно са значных палажэнняў пагаднення датычыцца развіцця сістэмы настаўніцтва ў арганізацыях прамысловага сектара. Бакі дамовіліся аб пашырэнні практыкі перадачы прафесійнага вопыту ўнутры калектываў, а таксама ўстанаўленні стымулюючых выплат настаўнікам. Гэта дасць магчымасць павысіць якасць падрыхтоўкі кадраў, паскорыць адаптацыю маладых спецыялістаў і забяспечыць пераемнасць пакаленняў у галіне.

Бакі таксама прыйшлі да ўзгодненага рашэння заключаць (або прадаўжаць) кантракты з работнікамі, якія не дапускаюць парушэнняў вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны. Гэта норма накіравана на ўмацаванне кадравага патэнцыялу прадпрыемстваў і павышэнне матывацыі работнікаў.

Захаваны і ўзмоцнены гарантыі для работнікаў, якія пацярпелі ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці або маюць прафесійныя захворванні. Важна падкрэсліць, што гэта норма носіць прамы характар і падлягае абавязковаму прымяненню — незалежна ад таго, адлюстравана яна ў калектыўных дагаворах арганізацый ці не. Кожны работнік — член прафсаюза мае права на атрыманне дадатковай кампенсацыі ў выпадку траўміравання.

Як адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ» Валерый Курсевіч, падпісанне Тарыфнага пагаднення — гэта вынік сістэмнай і канструктыўнай работы сацыяльных партнёраў.

«Для нас важна, што дакумент не толькі захоўвае дзейныя гарантыі, але і пашырае іх з улікам запытаў людзей. Па сутнасці, кожная норма пагаднення сфарміравана на аснове рэальнай практыкі і запытаў людзей, прадыктавана самім жыццём і паўсядзённымі патрэбамі работнікаў. Гэта не абстрактныя палажэнні, а канкрэтныя рашэнні, якія ўжо сёння запатрабаваны ў працоўных калектывах. Важна, што шэраг норм носіць прамы характар — гэта азначае, што работнікі атрымліваюць рэальныя, а не дэкларатыўныя гарантыі. І наша задача — забяспечыць, каб усе палажэнні пагаднення ў поўным аб’ёме рэалізоўваліся на практыцы», — дадаў Валерый Курсевіч.

Трэба адзначыць, што ў бліжэйшы час на падставе падпісанага пагаднення будуць актуалізаваны калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў і арганізацый прамысловай галіны. Гэта дасць магчымасць забяспечыць рэальнае прымяненне дасягнутых дамоўленасцяў у інтарэсах работнікаў.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю