Як адзначыў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ, у сувязі з майскімі замаразкамі пэўныя пашкоджанні пасеваў ёсць. Але спецыялісты гатовыя частку іх перасеяць тымі культурамі, якія дазволяць аграрыям, можа быць, яшчэ ў нейкай ступені атрымаць больш ураджаю, чым планавалі.
«Вялікай катастрофы няма. Гэта звычайная, напэўна, сітуацыя для кліматычных умоў у Беларусі. Так, падобныя гады не кожны год бываюць, але яны здараюцца з пэўнай перыядычнасцю. Аднак вялікай такой, глабальнай небяспекі няма. Гэта звычайная, нармальная работа. Мы гэта разумеем і гатовыя да любых умоў надвор’я», — падкрэсліў Юрый Горлаў.
Асноўны клін збожжавых і зернебабовых культур у нашай краіне практычна пасеяны, паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Іван КАСКЕВІЧ. Засталіся грэчка і кукуруза. Калі стабільна ўстановіцца цёплае надвор’е, тады будуць дасейвацца менавіта гэтыя культуры. А цяпер плануецца перасеяць тыя ўчасткі, дзе бяды нарабілі замаразкі. Работнікам аграрнага сектара вызначаны тэрмін — да 1 чэрвеня, практычна за два тыдні трэба перасеяць усе пашкоджаныя ўчасткі.
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання зацвердзіла рабочы план па нарыхтоўцы травяных кармоў. Створаны рэспубліканскі штаб і аператыўныя рабочыя групы. Так, планаваны аб’ём нарыхтоўкі травяных кармоў у сельгасарганізацыях краіны на зімова-стойлавы перыяд 2025/2026 у сукупнасці склаў звыш 10 мільёнаў тон кармавых адзінак, у тым ліку ў планах нарыхтаваць больш за 346 тысяч тон сена, звыш 3,9 мільёна тон сенажу і не менш за 5,79 мільёна тон сіласу.
Па словах Івана Каскевіча, халоднае надвор’е пэўным чынам ударыла і па нарыхтоўцы травяных кармоў. Замаразкі былі не столькі моцныя, колькі паўторныя, што паўплывала і на інтэнсіўнасць адрастання траў. Так, першы ўкос сёлета быў значна слабейшы, чым у звычайныя гады. Таму дзяржава выдзеліла фінансаванне на дадатковыя аб’ёмы азотных угнаенняў. Спецыялісты разлічваюць, што за кошт падкормкі другі ўкос будзе значна лепшым.
Фота Tochka.by.