Top.Mail.Ru

«Партрэт роднай зямлі» на палотнах мастака Міхаіла Карпука

Хочаш адчуць «Подых вясны», а тут недзе яшчэ «Срэбраная зіма»... Глядзіш на карціны і думаеш: такія неспадзяванкі ў нас бываюць. А ўсё адно грэе думка: якое б ні было надвор’е, а ты на радзіме. Так, відаць, і Міхаіл Карпук адчуваў: «У родным краі» — гэта заўсёды дома.


Некаторыя творцы прысвячаюць карціны адной жанчыне. Ёсць тыя, каго натхняе нейкі горад. А беларускі мастак Карпук усё жыццё ствараў своеасаблівы «Партрэт роднай зямлі». Такую назву далі ягонай даволі вялікай (больш за 50 твораў) выстаўцы ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва — каб да 95-годдзя творцы нагадаць пра адметны талент. Бо да творчасці Міхася Карпука насамрэч была далучана даволі шырокая аўдыторыя дзякуючы яго працы над выпускам беларускіх кінакарцін і тэлеспектаклях у другой палове ХХ стагоддзя. А яшчэ ў сваёй майстэрні ён працаваў як жывапісец і ствараў графічныя работы. І ўсё — пра Беларусь, прызнаваўся: «У мастацтве я адналюб. Пішу толькі непаўторныя пейзажы роднай Беларусі». 

Гэтыя пейзажы — нібыта вандроўкі ў гісторыю. Паглядзеўшы некаторыя творы, хочацца ўзнавіць веды ці паглыбіцца ў мінулае, каб мець уласнае адчуванне пэўных мясцін. Бо «Мірскі замак» — твор 1983 года — цяпер, калі прайшло больш чым праз 40 гадоў, бачыцца зусім інакш. Выраслі пакаленні, якія наогул не ведаюць пра той стан будынка, з якога пачыналася аднаўленне. А твор 1981-га года «Навагрудскае замчышча» наадварот успрымаецца як напамін пра тое, што трэба не згубіцца, не знікнуць у плыні стагоддзяў. «Па мясцінах Хруцкага» — наогул серыя, праз якую адчуваеш, што для кожнага творцы важнае натхненне, і разумееш яго прыроду... Вось як Міхась Карпук, ураджэнец Брэстчыны, які шмат твораў прысвяціў сваёй малой радзіме. Але не абмяжоўваў сябе, падарожнічаў па Беларусі і фактычна рабіў яе зборны партрэт. Ён заўсёды рабіў шмат эцюдаў, накідаў. Але ўласная мастацкая творчасць асабліва захапіла, калі скончыліся два папярэднія этапы — на тэлебачанні, а пасля на кінастудыі «Беларусьфільм». Карпук як мастак ствараў дэкарацыі да тэлеспектакляў і фільмаў. Адзін з найбольш яркіх — трохсерыйны «Уся каралеўская раць» (выпушчаны ў 1971-м годзе), які на ІV Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў нават быў адзначаны «за мастацка-рэалістычны паказ буржуазнага ладу жыцця». Цяжка нават уявіць, чым натхняўся мастак карціны, які нарадзіўся ў вёсцы Мыкшыцы, што ў Камянецкім раёне, але дакладна ён быў чалавекам з багатым уяўленнем. Вядома, і з добрай адукацыяй (пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча імя А. Глебава атрымаў дыплом Маскоўскага паліграфічнага інстытута). А пад час вайны ён быў падлеткам, магчыма, гэтыя ўспаміны паўплывалі на працу мастака ў ваеннай драме «Парашуты на дрэвах». Сярод многіх кінакарцін самай папулярнай стала «Апошняе лета дзяцінства», над якой Карпук працаваў разам з адметным рэжысёрам Валерыем Рубінчыкам (яны знялі заключную частку прыгод юных герояў, якія высвятлялі прычыны таямнічых здарэнняў у стужках «Корцік» і «Бронзавая птушка». 

Дарэчы, сябрам Беларускага саюза кінематаграфістаў Міхась Андрэевіч стаў у 1978-м годзе, нават на два гады раней, чым уступіў у саюз мастакоў. Аднак выстаўка ў галерэі Леаніда Шчамялёва стала часткай супольнага з Беларускім саюзам мастакоў праекта «Класікі — сучаснікі».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю