Падпісаны ў канцы мінулага тыдня Указ Прэзідэнта № 74 «Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў» без перабольшвання можна назваць знакавым дакументам, які паўплывае на дзейнасць менавіта мясцовай улады. Прычым вельмі хутка — указ уступае ў сілу ўжо з 1 сакавіка. А як бачаць яго заканадаўцы рэспубліканскага ўзроўню — члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў?
Ігар Сяргееў, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар ААТ «Беларускі цэментны завод»:
— З прыняццем гэтага ўказа ў кіраўнікоў раённай і гарадской вертыкалі з’явілася магчымасць аператыўна прымаць рашэнні, пачынаць працаваць і развівацца менавіта ў тым кірунку, які неабходны канкрэтнаму рэгіёну. Сітуацыю на месцах ніхто лепш за мясцовую ўладу не ведае. Ва ўказе прадугледжана выкарыстанне зямельных, кадравых, фінансавых рэсурсаў, а таксама надзяленне паўнамоцтвамі па добраўпарадкаванні.
Адно з новаўвядзенняў звязана з надзяленнем правам мясцовых распарадчых органаў прыцягваць суб’екты гаспадарання розных форм уласнасці, незалежна ад падпарадкаванасці, для ўдзелу ў добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на замацаванай тэрыторыі.
Гэта, безумоўна, правільна, бо ўсе мы пражываем, працуем і адпачываем на адной тэрыторыі. Такім чынам, кожны павінен зрабіць свой унёсак у яе далейшае развіццё і росквіт. Асабліва гэта актуальна ў Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці. Зразумела, новаўвядзенні пацягнуць зусім іншую адказнасць кіраўнікоў рэгіёнаў на месцах і павысяць узровень выканальніцкай дысцыпліны. Бо старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў нясуць адказнасць за выкананне ўсіх дзяржаўных паказчыкаў, развіццё свайго рэгіёна і дабрабыт кожнага яго жыхара.
Дзмітрый Захарчук, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Ваўкавыскага райвыканкама:
— Прамы пасыл Прэзідэнта такі: не рэвалюцыя, а эвалюцыя. Усё трэба рабіць планамерна. Таму Указ Прэзідэнта «Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў» — чарговы паступальны крок для ўмацавання ролі мясцовайулады. Бо на месцах лепш відаць, як адрэагаваць на той ці іншы запыт грамадства. Ды і раён раёну розніца. Таму ўніверсальных падыходаў да вырашэння задач быць не можа, кожны ў сваім раёне павінен дзейнічаць зыходзячы з сітуацыі.
Безумоўна, указ павышае ролю кіраўніка, дае яму больш паўнамоцтваў, фінансавай свабоды, але і адказнасці таксама больш. З вельмі сур’ёзных палажэнняў ва ўказе — выканальніцкая дысцыпліна, абавязковасць выканання распараджэнняў і прадпісанняў старшыні выканкама (невыкананне цягне адміністрацыйную адказнасць).
Што да фінансавай свабоды, указ прадугледжвае пры павелічэнні даходнай часткі бюджэту прадпрыемства свабодныя рэшткі сродкаў накіроўваць на сваё меркаванне туды, куды найбольш неабходна. Нашмат спрашчаецца вырашэнне пытанняў, звязаных з прыцягненнем будаўнічых арганізацый. Больш свабоднымі становімся і ў рамках навядзення парадку — добраўпарадкавання без праекта. Гэта эканоміць вялікія сродкі. Шырокія магчымасці дае і механізм аднясення затрат не на асноўную фінансавую дзейнасць, а на дадатковы капітал, што не пагаршае эканамічных паказчыкаў прадпрыемства.
Дзякуючы ўказу з’явілася магчымасць больш шырока прыцягваць не толькі дзяржаўны, але і прыватны бізнес да пытанняў навядзення парадку на тэрыторыі раёна. Усё разам абяцае даць выдатны эфект.
Алег Дзячэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў:
— Ідэя ўказа дакладная і ўсім зразумелая — пераразмеркаваць уладныя паўнамоцтвы такім чынам, каб на месцах узмацніўся ўплыў выканкамаў і іх старшыняў на сітуацыю ў кожным раёне. Бо на «зямлі» лепш відаць, што і як трэба зрабіцьу інтарэсах людзей з улікам патэнцыя-лу, запатрабаванняў і самабытнасці падсправаздачных тэрыторый.
Указ надасць больш упэўненасці кіраўнікам на месцах у вырашэнні розных кадравых, фінансавых і іншых пытанняў. Акрамя таго, узаемадзеянне паміж дзяржавай і прыватным сектарам атрымае новы імпульс у развіцці і ўзніме на якасна новы ўзровень сацыяльную адказнасць «прыватнікаў» перад грамадствам і дзяржавай. У Год добраўпарадкавання арганізацыі прыватнай формы ўласнасці змогуць актыўна ўключыцца ў працэс добраўпарадкавання тэрыторый у сельскіх і гарадскіх населеных пунктах, зрабіўшы гэту работу сістэмнай і ўсёабдымнай.
Антон Каранкевіч, член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў:
— Пашырэнне паўнамоцтваў старшынь выканаўчых камітэтаў дазволіць прымаць рашэнні, якія непасрэдна ўплываюць на жыццё грамадзян. Напрыклад, кіраўнікі выканкамаў змогуць самастойна вызначаць прыярытэтныя кірункі развіцця сваіх рэгіёнаў, што будзе садзейнічаць больш мэтанакіраванаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў і рэсурсаў. Такі падыход дасць магчымасць улічваць спецыфіку кожнага рэгіёна і адаптаваць рашэнні да яго ўнікальных умоў.
Наталля Тарасенка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў:
— Указ — гэта своечасовы і прадуманы крок па ажыццяўленні мер, накіраваных на ўмацаванне пазіцыі мясцовых органаў улады, павышэнне эфектыўнасці іх дзейнасці, пашырэнне магчымасцяў кіраўнікоў базавага ўзроўню для неабходных пераўтварэнняў у рэгіёнах, галоўнай мэтай якіх з’яўляецца паляпшэнне якасці жыцця беларускіх грамадзян.
Так, цяпер толькі па папярэднім узгадненні з рай-, гарвыканкамамі будуць прымацца рашэнні па спыненні дзейнасці значных сацыяльна-бытавых аб’ектаў (што асабліва актуальна для сельскай мясцовасці) або прыпыненні дзейнасці асобных арганізацый, што дасць магчымасць максімальна ўлічваць інтарэсы грамадзян і перспектывы развіцця населеных пунктаў.
Фота БелТА