Top.Mail.Ru

Парламентарыі — пра перавагі адзінага дня галасавання

Год таму — 25 лютага 2024 года — у Беларусі ўпершыню прайшоў адзіны дзень галасавання. Паводле змяненняў і дапаўненняў, унесеных у Канстытуцыю на рэферэндуме 2022 года, апошняя нядзеля лютага замацавана як адзіны дзень галасавання. Менавіта тады нам трэба было выбраць 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, больш за 12,5 тысячы дэпутатаў мясцовых Саветаў дваццаць дзявятага склікання — усіх трох тэрытарыяльных узроўняў. Па ўсёй краіне былі ўтвораны і адкрыты 5411 участкаў для галасавання. Многія адзначылі эфектыўнасць правядзення выбараў у адзін дзень. Эксперты расказалі пра перавагі адзінага дня галасавання.


«Не распыляючы ўвагу выбаршчыкаў»

Віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў выказаў упэўненасць, што ўвядзенне адзінага дня галасавання стала вынікам карпатлівай работы з практыкай прымянення Выбарчага кодэкса Беларусі, а таксама вывучэння замежнага вопыту:

— Выбарчае заканадаўства нашай краіны, як і любой краіны, не з’яўляецца чымсьці застылым, нейкай субстанцыяй, якая не паддаецца карэкціроўцы. І на ўсім працягу арганізацыі электаральных кампаній, вядома ж, вывучаецца як нацыянальны вопыт укаранення нормаў выбарчага права, так і міжнароднае заканадаўства. І ўвядзенне адзінага дня галасавання — вынік карпатлівай працы з практыкай прымянення Выбарчага кодэкса, а таксама вывучэння практык прымянення ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў і ў іншых краінах.

Гаворачы аб адзіным дні галасавання, парламентарый адзначыў некалькі пазіцый:

— Першае. Гэта рашэнне дазволіла захаваць фінансавыя сродкі, не распыляць іх. За адзін раз фінансавыя сродкі выдзяляюцца на фарміраванне ўсёй вертыкалі прадстаўнічай улады.

Па-другое. Арганізацыя людзей, якія рэалізоўваюць сваё выбарчае права. 

Мы з вамі бачылі папярэднія выбарчыя кампаніі, гэта значыць, праводзяцца, напрыклад, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, потым праводзяцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. І так уся вертыкаль дэпутацкага корпуса. Адпаведна, увага людзей да гэтага працэсу зніжаецца. Калі гэта праводзіцца ў адзіны дзень галасавання, людзі настроены, яны атрымліваюць усю паўнату інфармацыі аб усіх элементах прадстаўнічай улады: ад самага нізу да самага верху. Таму адсутнасць распылення ўвагі выбаршчыкаў — вельмі важна, паколькі людзі атрымліваюць усю інфармацыю, звязаную як з заканадаўствам, так і з пазіцыямі будучых дэпутатаў, калі яны прыйдуць у адпаведныя структуры прадстаўнічай улады.

І трэці момант, які я адзначыў бы, — арганізацыя работы Цэнтральнай выбарчай камісіі. Арганізуючы тыя ці іншыя выбары, гэта зноў распыленне сіл і сродкаў. Калі Цэнтральная выбарчая камісія працуе ў рамках адзінага дня галасавання, адпаведна, ёсць магчымасць у міжвыбарны перыяд займацца прававой асветай, арганізоўваць навучанне тых людзей, якія ўдзельнічаюць ва ўчастковых выбарчых камісіях.

«У нас ніколі не было ў мясцовыя Саветы, у парламенцкія выбары такой яўкі. Нюансаў хапае. У тым ліку і „збеглыя“ нам тут са сваімі нязграбнымі рухамі цела дапамаглі. Самае галоўнае — людзі зразумелі цяперашні момант, правільна ўспрымаюць, характарызуюць яго. І, зыходзячы з ужо майго досведу, спрабуем прааналізаваць ход гэтай кампаніі і бачым, што цяперашнюю ўладу падтрымліваюць больш за 87 % насельніцтва. Адназначна падтрымліваюць».

Аляксандр Лукашэнка 26 лютага 2024 года падчас сустрэчы з Генеральным сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым

Маштабная выбарчая кампанія ў гісторыі краіны

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» Ала Смаляк адзначыла:

— Першы ў нашай краіне адзіны дзень галасавання прайшоў год таму. І ён стаў маштабнай выбарчай кампаніяй у гісторыі незалежнай суверэннай Беларусі. Трэба адзначыць, што новы фармат электаральнай кампаніі атрымаў станоўчы водгук у нашых грамадзян. Доказ таму — у тым ліку высокая актыўнасць выбаршчыкаў як на датэрміновым этапе, так і ў асноўны дзень.

Уся электаральная кампанія, нягледзячы на новаўвядзенні, праходзіла спакойна, у атмасферы адзінства і традыцыйна са святочным настроем.

Гаворачы аб перавагах фармату адзінага дня галасавання, трэба адзначыць і зручнасць як для саміх грамадзян, так і для выбарчых камісій, у тым ліку і з пункту гледжання эканоміі часу, і важкае скарачэнне расходаў бюджэту на падрыхтоўку і правядзенне выбараў.

Адзіны дзень галасавання — найважнейшы крок, значная вяха паступальнага ўдасканалення палітычнай сістэмы нашай краіны, пачатак якой быў пакладзены прыняццем новай рэдакцыі Канстытуцыі ў лютым 2022 года.

Узважанае і правільнае рашэнне

Алена Патапава, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, выказала ўпэўненасць у наступным:

— Правядзенне выбараў у фармаце адзінага дня галасавання — гэта было вельмі ўзважанае рашэнне, да якога мы ішлі на працягу многіх гадоў. Як паказвае практыка, рашэнне гэта было абсалютна правільным і своечасовым. Па-першае, мы сэканомілі сродкі нашага бюджэту. Гэта вельмі важна.

Акрамя таго, мы не сталі адцягваць лішні раз нашых грамадзян дзеля правядзення выбараў розных этапаў асобна, зладзіўшы іх у адзін дзень.
З пункту гледжання арганізацыйных пытанняў, гэта правільна. Але важна разумець і іншы момант: у адзіным цыкле былі выбраны дэпутаты ўсіх узроўняў, якія сёння працуюць разам. Гэтыя людзі выбіраліся адначасова і ўжо на этапе выбарчай кампаніі пазнаёміліся, дзесьці звялі свае праграмы разам і ўжо наладзілі кантакт з выбаршчыкамі.

Гаворачы аб эфектыўнасці ўзаемадзеяння дэпутатаў усіх узроўняў, Алена Патапава адзначыла:

— Асабліва на месцах, у рэгіёнах, вельмі важна, калі дэпутаты мясцовых саветаў (гарадскіх, раённых) разам з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў прапрацоўваюць тыя пытанні, якія ідуць, што называецца, ад зямлі і якія потым знаходзіць сваё адлюстраванне ў змене, ва ўдасканаленні заканадаўства.

Быць парламентарыем — адказна

Каментуючы падзеі мінулага года, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла 

Сапега акрамя відавочных фінансавых і арганізацыйных выгод адзначае, што правядзенне адзінага дня галасавання стала чарговым пацвярджэннем сталасці беларускай дзяржавы і грамадства.

— Мы перасталі карыстацца той дэмакратычнай калькай, якая была навязана нам з Захаду, і правялі выбары паводле ўласных правілаў, — кажа сенатар. — Што асабліва важна, прапанова аб правядзенні адзінага дня галасавання не была навязана зверху, а была прапанавана людзьмі падчас масавага абмеркавання змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю і ў далейшым прынятая на праведзеным усенародным рэферэндуме. Таму нікога з разважных людзей, за выключэннем нашых ідэалагічных праціўнікаў, не здзівіла масавая яўка беларусаў на выбарчыя ўчасткі ў дзень галасавання — больш за 80 %. Людзі галасавалі за сваю прапанову і выбралі менавіта тую ўладу, якая прыслухоўваецца да меркавання народа і дзейнічае выключна ў яго інтарэсах.

Георгій Хлябовіч, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, гаворачы аб парламенцкай дзейнасці, канстатаваў:

— Год таму, калі мы прыйшлі ў Палату прадстаўнікоў, — напэўна, гэта чымсьці падобна да школы, як першы раз у першы клас, — мы адчувалі велізарнае хваляванне, знаходзячыся на першым сходзе, калі выбіраліся кіраўнікі камісій, кіраўнік Палаты прадстаўнікоў, яго намеснік. І мы не зусім, можа, разумелі аб’ём сваёй работы. Усе людзі прыйшлі з розных прафесій, ніхто канкрэтна не рыхтаваўся на заканадаўца (хоць ёсць сярод нас юрысты, я быў урачом), і гэта правільна, таму што мы можам дазволіць кансалідавана выказаць меркаванне па цэлым шэрагу пытанняў.

У цэлым, скажу сваё меркаванне, працаваць дэпутатам — адказна. Мы не толькі законапраектамі займаемся, мы таксама сустракаемся з нашымі грамадзянамі. Падчас электаральнай кампаніі год таму нам удалося пазнаёміцца з калегамі, якія выбіраліся ў іншыя саветы (у абласны, мясцовыя Саветы). Гэта дазваляе нам і цяпер сумесна працаваць. І ў электаральнай кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы адносна тых наказаў, якія намі былі дадзены людзям больш за год таму, можам смела сказаць: ужо многае выканана.

«Магчымасць быць пачутым»

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Глеб Лапіцкі адзначыў, што гадавіна адзінага дня галасавання — значны крок у развіцці палітычнай сістэмы Беларусі:

— Упершыню ўжытая ў нашай краіне практыка адначасовага правядзення выбараў даказала высокую грамадзянскую сталасць і зацікаўленасць насельніцтва ў палітычным жыцці краіны, што пацвярджае беспрэцэдэнтная яўка.

Важна адзначыць, што ўкараненне адзінага дня галасавання было накіравана не толькі на аптымізацыю электаральнага працэсу, але і на істотную эканомію бюджэтных сродкаў. Паспяховая рэалізацыя гэтай ініцыятывы прадэманстравала высокую ступень адказнасці, адукаванасці і гатоўнасці грамадзян да фарміравання ўсіх галін заканадаўчай улады. Нягледзячы на неабходнасць азнаямлення з вялікай колькасцю кандыдатаў, людзі зрабілі свой выбар, які, несумненна, накіраваны на развіццё нашай краіны.

Ключавым аспектам адзінага дня галасавання з’яўляецца стварэнне адзінага электаральнага цыкла, які працуе ў адзіным часавым прамежку, што спрыяе большай узгодненасці і эфектыўнасці ў заканатворчай дзейнасці.

Алена Хіля, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, акцэнтуе ўвагу на тым, што адзінства ў адзіны дзень галасавання сёння дае вынікі:

— На працягу ўсіх гэтых пяці гадоў будзем працаваць адзін з адным у адзінай звязцы. Чаму? Таму што дэпутатаў парламента ўсяго толькі 110, і не кожны грамадзянін можа дайсці да дэпутата парламента. Але ёсць свой, той, які тут, побач з табой, працуе і, відавочна, разумее ўсе твае праблемы на пачатковым этапе. І ты можаш атрымаць алгарытм дзеянняў: куды табе пайсці, у які орган улады, альбо да каго звярнуцца для вырашэння сваёй, можа быць, і не такой важнай у дзяржаўным плане праблемы, але важнай для гэтага чалавека. І гэта адзінства ў адзіны дзень галасавання за ўсіх дэпутатаў розных узроўняў сёння дае вынік: мы працуем разам на тое, каб у кожнага грамадзяніна была магчымасць быць пачутым.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю