Традыцыйныя каштоўнасці яднаюць
Сёлета форум, які праводзіцца па ініцыятыве Савета Рэспублікі і Беларускай праваслаўнай царквы, упершыню набыў міжнародны статус. У ім бяруць удзел афіцыйныя парламенцкія дэлегацыі з Азербайджана, Таджыкістана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Узбекістана.
У першы дзень форуму ў час сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай парламентарыі краін СНД абмяняліся вопытам па такіх пытаннях, як заканадаўства ў сферы абароны сям’і і шлюбу, ахова мацярынства і дзяцінства.

Спікер расказала членам парламенцкіх дэлегацый аб традыцыі праводзіць у Полацку сямейны форум напярэдадні Тыдня бацькоўскай любові, аб тым, з чаго ён пачынаўся чатыры гады таму і якія пытанні на ім абмяркоўвалі з сем’ямі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Сёлета форум упершыню праводзіцца ў міжнародным фармаце, і госці з розных краін будуць абменьвацца вопытам сваіх дзяржаў у сферы сямейнага заканадаўства і захаванні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
Старшыня Камітэта па пытаннях сям’і, жанчын і дзяцей Мілі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі Хіджран Кямран гызы Гусейнава адзначыла, што Беларусь і яе Радзіму цесна звязваюць гістарычныя сувязі, і ў абедзвюх дзяржавах шмат агульнага, у тым ліку і ў адносінах да сямейных каштоўнасцяў. «Кіраўнікі нашых дзяржаў заўсёды гавораць, што ідэалагічная вайна, якая сёння ідзе, сваім вастрыём накіравана на падрастаючае пакаленне. Таму нам цікава абмеркаваць, як захаваць нашы традыцыі, зразумець, што каштоўнага робіцца ў сферы заканадаўства ў гэтым плане ў Беларусі, даведацца пра ваш вопыт», — адзначыла ўдзельніца форуму.

Таксама госці расказалі, як у іх краінах падыходзяць да пытанняў дэмаграфіі, захавання традыцыйных каштоўнасцяў і выхавання моладзі. Дэпутат Жагорку Кенеша Кыргызскай Рэспублікі Жылдыз Курманаліева падкрэсліла, што ў яе дзяржаве жанчыны-дэпутаты ініцыююць прыняцце закона аб абмежаванні доступу да інтэрнэту для непаўналетніх. Гэта пытанне пакуль знаходзіцца ў стадыі абмеркавання, але ў краіне добра разумеюць, што ўплыў сацсетак на падрастаючае пакаленне ідзе вельмі вялікі. У рэспубліцы таксама ўдзяляюць значную ўвагу праблеме сямейнага гвалту. «Раней псіхолагі працавалі толькі з сямейнымі агрэсарамі, стараючыся іх перавыхаваць, але цяпер работа будзе весціся і з ахвярамі сямейнага гвалту, ім будзе аказвацца маральная падтрымка», — праінфармавала яна.
Для гасцей-парламентарыяў былі арганізаваны экскурсіі па Полацку, гістарычных мясцінах і самых вядомых славутасцях старажытнага горада.
Сёння ў Спаса-Ефрасіннеўскім жаночым манастыры пройдзе адкрыты дыялог, у час якога Наталля Качанава і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, сустрэнуцца са шматдзетнымі сем’ямі з усіх рэгіёнаў краіны. У гэты дзень удзельнікі наведаюць Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай і Полацкае кадэцкае вучылішча, а таксама азнаёмяцца з выстаўкай народных рамёстваў.

Ключавой падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне, якое пройдзе пад купалам Сафійскага сабора. Удзельнікі абмяркуюць прыярытэты дэмаграфічнай бяспекі, развіццё дзяржаўнай сямейнай палітыкі, умацаванне міжпарламенцкага супрацоўніцтва і арыенціры духоўна-маральнага выхавання моладзі.
Паводле БелТА
У тэму
Ад чысціні мовы да гарманічнай сям’і
Слова мае стваральныя магчымасці, іграе ключавое значэнне ў жыцці асобы і грамадства, адлюстроўвае менталітэт народа, яго традыцыі і ў цэлым узровень развіцця. Але слова можа і разбураць, сведчыць аб унутранай дэградацыі чалавека ці пра негатыўныя з’явы ў грамадстве. У гэтым упэўнены ўдзельнікі круглага стала «Захаванне духоўна-маральных каштоўнасцяў: дыялог дзяржавы і грамадства аб традыцыйных ідэалах», які прайшоў у Доме прэсы.
Асаблівую актуальнасць тэма моўнай культуры набывае ў Тыдзень бацькоўскай любові, бо менавіта ў сям’і, асабліва той, дзе бацькі дбаюць пра чысціню маўлення, пачынаецца фарміраванне гарманічнай асобы. Як адзначыў іераманах Андрэй ВАСІЛЮК, звароты грамадзян, занепакоеных зніжэннем узроўню маўленчай культуры, пашырэннем брыдкаслоўя ў дзіцячых і падлеткавых групах часта паступае ў Грамадскі савет па маральнасці, створаны па ініцыятыве Беларускай Праваслаўнай царквы і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Каб выправіць становішча, прадпрымаюцца сур’ёзныя захады. Сёлета ў трэці раз у краіне праводзіцца акцыя «Я і мая сям’я без брыдкаслоўя». Асноўныя яе мерапрыемствы запланаваны на кастрычнік, але барацьба за чысціню мовы вядзецца на працягу ўсяго года.
У рамках акцыі ўсімі прыходамі і епархіямі Беларускай Праваслаўнай царквы ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі праводзяцца тэматычныя сустрэчы, лекцыі, разнастайныя акцыі. У Полацку ў Сафійскім саборы пытанні, звязаныя з захаваннем традыцыйных каштоўнасцяў, уздымаюцца на Міжнародным форуме «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава». Дабрачынны фонд падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў» запрашае далучыцца да конкурсу сацыяльных праектаў «Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці». Сёлета конкурс праводзіцца пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускага саюза жанчын. Грамадская арганізацыя таксама праводзіць шэраг асветніцкіх мерапрыемстваў, сярод якіх сустрэчы з псіхолагамі, на якіх маладыя сем’і могуць атрымаць парады і падтрымку ў пытаннях, звязаных з гарманічнымі ўзаемаадносінамі, выхаваннем дзяцей. У гэтым месяцы плануецца запусціць курс «Азбука кахання», які будзе праводзіцца па блаславенні Мітрапаліта Веніяміна. На ім гаворка пойдзе аб пабудове моцных сямейных адносін і захаванні іх на ўсё жыццё.
У пачатку кастрычніка запушчаны рэспубліканскі культурна-асветніцкі конкурс «Здаровае слова». Яго мэта — павышэнне моўнай культуры, адраджэнне значнасці слова ў жыцці асобы і грамадства, стварэнне моды на прыгожае і пісьменнае маўленне ў маладзёжным асяроддзі. Работы на яго прымаюцца да 14 студзеня 2027 года. Па выніках будзе стварацца сацыяльная рэклама. Ад удзельнікаў чакаюць відэаролікі, тэматычныя постары і плакаты, якія паказваюць стваральную сілу слова, асобная намінацыя — для творцаў, якія могуць дасылаць вершы і песні.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ