Непасрэдна ў Авальнай зале Старшыня Палаты прадстаўнікоў азнаёміў высокапастаўленага госця з дзейнасцю дэпутатаў, структурай парламента. У сваю чаргу, старшыня Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета, прэм’ер-міністр Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун ХЛАЙН паведаміў, што ў яго краіне толькі плануюць стварыць парламент, а таму беларускі вопыт для М’янмы вельмі неабходны.
Ужо падчас перагавораў Ігар Сергяенка адзначыў, што Рэспубліка Саюз М’янма — дружалюбная дзяржава для нашай краіны. «Умацаванне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі з’яўляецца знешнепалітычным прыярытэтам Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі, — падкрэсліў ён. — Ваш візіт носіць знакавы характар для беларуска-м’янманскіх дыпламатычных адносін, 25-годдзе якіх мы адзначылі летась».
Па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, за гэты перыяд зроблена нямала для ўмацавання двухбаковых сувязяў у самых розных галінах, а таксама для развіцця дагаворна-прававой базы і рэалізацыі сумесных праектаў.
«Разам з тым патэнцыял нашага ўзаемадзеяння далёка не вычарпаны, — падкрэсліў ён. — І аб гэтым ішла размова ў ходзе афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з вамі, а таксама ў ходзе сустрэчы з прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь. Мы ведаем, што падчас вашага візіту прадпрыемствамі, кампаніямі Беларусі і М’янмы падпісана больш за 15 кантрактаў, мемарандумаў у самых розных сферах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва нашых краін».
Ігар Сергяенка выказаў упэўненасць, што дасягнутыя дамоўленасці і падпісаныя дакументы нададуць магутны імпульс беларуска-м’янманскаму ўзаемадзеянню і паслужаць стымулам для дзяржаўных органаў, кампаній дзвюх краін да самай актыўнай работы па дасягненні канкрэтных вынікаў.
«Разлічваю ў перспектыве на аднаўленне міжпарламенцкага дыялогу (тым больш, вы адзначылі, што ў канцы 2025 — пачатку 2026 года ў вас пройдуць парламенцкія выбары), а таксама развіццё міжрэгіянальных сувязяў шляхам абмену візітамі і сустрэчамі, — звярнуў увагу спікер. — Парламент Беларусі гатовы ўнесці свой уклад у актывізацыю адносін з М’янмай па самым шырокім коле пытанняў. Вы можаце спадзявацца на канструктыўную і адказную пазіцыю Нацыянальнага сходу нашай краіны. Перакананы, што высокі ўзровень беларуска-м’янманскіх адносін будзе і ў далейшым служыць надзейнай асновай для дынамічнага развіцця супрацоўніцтва па ўсіх кірунках».
Старшыня Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета, прэм’ер-міністр Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун ХЛАЙН распавёў, што дзякуючы інфармацыі Старшыні Палаты прадстаўнікоў азнаёміўся з дзейнасцю беларускага парламента. «Парламент з’яўляецца самым адказным ведамствам, якое дапамагае ўраду, — перакананы ён. — Гэта функцыя ўсіх парламентаў. З боку М’янмы ёсць інтарэс супрацоўніцтва паміж парламентамі».
Лідар М’янмы звярнуўся да спікера з просьбай — пасля сфарміравання ў гэтай краіне парламента адправіць да нас групу дэпутатаў з мэтай азнаямлення з беларускім вопытам парламенцкай дзейнасці. Мін Аун Хлайн падкрэсліў, што да міжпарламенцкага ўзаемадзеяння ў М’янмы вялікі інтарэс. «Мой візіт у Беларусь, сустрэча з вамі, — першы крок сумеснага супрацоўніцтва паміж парламентамі», — канстатаваў ён.
Вераніка КАНЮТА.
Фота БелТА.
Як звярнуў увагу ў размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандр ШПАКОЎСКІ, які з’яўляецца кіраўніком рабочай групы па супрацоўніцтве з М’янмай, у сувязі з няпростай унутранапалітычнай абстаноўкай у М’янме, пакуль няма парламента (гэты заканадаўчы орган распушчаны), м’янманскае кіраўніцтва накіравана на правядзенне ўсеагульных выбараў у канцы 2025 — пачатку 2026 года.
«У Нейпьідо існуе зацікаўленасць ва ўдзеле беларускіх парламентарыяў у назіранні за выбарамі і перадачы вопыту парламенцкай дзейнасці для будучага заканадаўчага органа ў М’янме, — канкрэтызаваў дэпутат. — Мы накіраваны ўсяляк развіваць супрацоўніцтва з дружалюбнай нам краінай у тым ліку па лініі міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. У Рэспубліцы Беларусь ужо прэвентыўна створана рабочая група па супрацоўніцтве з парламентам М’янмы. Мы зацікаўлены ў стабільным, прадказальным развіцці М’янмы, якая з’яўляецца для Рэспублікі Беларусь дружалюбнай дзяржавай у Паўднёва-Усходняй Азіі. І накіраваны на тое, каб развіваць як эканамічнае ўзаемадзеянне, так і гуманітарнае, культурнае. І, натуральна, роля парламенцкай дыпламатыі тут уяўляецца вельмі важнай. І сваё месца ў гэтай сістэме партнёрства беларускі парламент абавязкова знойдзе».