Не мода, а летапіс
Ці можна адгадаць, які водар зараз у модзе ў беларусаў? Чаму некаторыя парфумы немагчыма паўтарыць, нават калі вельмі захацець? А ў якіх краінах мужчына асацыюецца з пахам ружы, а не марской свежасці?

Бахром Хакімаў, аўтар парфумернага блога з Брэста, ужо два гады пагружаны ў індустрыю водараў. Даведаемся ў блогера пра стэрэатыпы ў парфумерыі, калекцыянаванні і інвестыцыях, а таксама пра тое, што будзе ў модзе ў найбліжэйшай будучыні.

— На твой погляд, беларусы адрозніваюцца ў выбары парфумаў ад іншых краін? Калі так, то чым і чаму?
— Існуе статыстыка па трэндах і папулярнасці тых ці іншых водараў і кірункаў у розных рэгіёнах. Гэта звязана з узроўнем жыцця, кліматам і традыцыямі, а таксама з гістарычным кантэкстам. Таму ад іншых краін Усходняй Еўропы мы мала адрозніваемся. Нельга гаварыць увогуле пра ўсіх людзей, але, напрыклад, у Азіі традыцыйна карыстаюцца «інтымнымі» або блізкімі да скуры парфумамі, кветкавымі або акватычнымі — гэта такая культура і этыкет...
Можна адзначыць, што ў Беларусі вы рэдка сустрэнеце чалавека, які носіць вінтажную класіку ці артызанальную нішу (водары, створаныя ўручную незалежнымі парфумерамі ў майстэрнях).

— Ці назіраеш ты розніцу ў тым, як да выбару парфумаў падыходзяць мужчыны і жанчыны?
— Усё ж такі ў парфумаў няма гендару, гэта абсалютны маркетынг, як і няма мужчынскай ці жаночай музыкі ці ежы. У кожным рэгіёне свае погляды. Простае параўнанне: у нас (па стэрэатыпах) жаночыя водары — кветкавыя, а мужчынскія — свежыя, драўняныя. Але, напрыклад, у краінах з мусульманскай культурай і пэўным укладам жыцця і побыту сімвалам мужчынскага водару з’яўляецца ружа, а вось жанчыны асацыююцца з ладанам і смоламі.
— Як ты расцэньваеш феномен калекцыянавання духоў? «Куплю, каб папоўніць калекцыю і карыстацца», ці ўсё ж гэтыя шкляначкі проста пыляцца на паліцы?
— Я карыстаюся не ўсімі водарамі калекцыі, прыкладна 50-60 флаконаў стаяць на паліцы, таму што некаторыя з іх набытыя як антыкварыят або знакавыя сімвалы эпохі, а некаторыя проста чакаюць сваёй гадзіны. Гэта як любое калекцыянаванне — неабавязкова карыстацца галоўнай функцыяй прадмета, ён можа быць проста сімвалам або «дарагім трафеем». Філатэлісты не выкарыстоўваюць свае маркі для адпраўкі пісьмаў.
— Як функцыянуюць рынкі перапродажаў і падробак? Гэта няякасныя падробкі вядомых водараў? Ці на «астраўках» у гандлёвых цэнтрах — так званыя «легальна паўтораныя рэцэптуры»?
— У парфумерыі (і не толькі) ёсць тэрмін «дзюп» — гэта аналаг прадукта, які вельмі падобны да арыгіналу, але зроблены іншым брэндам і часта каштуе танней. Тэма дзюпаў у парфумерыі даўно абмяркоўваецца, і тут складана рэгуляваць аўтарскія правы, бо многія брэнды «натхняюцца» і робяць падобнае ў рамках сваіх брэндаў, каб зарабіць. І гэта не заўсёды гісторыя пра падробкі.
Калі казаць пра водары «з астраўкоў у гандлёвых цэнтрах», то гэта танная нумарная парфумерыя, аналаг. Альбо юрыдычна легальны аналаг (вытворца не піша назву брэнда, выкарыстоўвае сваё пакаванне або проста робіць падобны водар). Часам даходзіць да абсурду з назвамі накшталт Domenіco & Gusto, замест Dolce & Gabbana. Або падробка, калі на флаконе напісана арыгінальная назва брэнда і капіруецца дызайн пакавання. Таму ім проста прысвойваюцца нумары, якія ў іх класіфікатары стаяць пад папулярнымі водарамі. Водары таннейшыя, таму што няма затрат на рэкламу і выкарыстоўваецца вельмі танная сыравіна. Адрозненне прыкметна ў тэхнічных характарыстыках: шлейфавасць, устойлівасць і расчыненне. Не варта верыць, калі вам кажуць, што гэта ўсё разліваецца на заводах, «дзе разліваецца Шанэль». Чаму гэта папулярна? Бо танна.

— Навошта існуюць духі з водарам агародніны ці грыбоў?
— Духі з водарам агародніны ці грыбоў наогул не навінка ў разрэзе гісторыі парфумерыі, такія водары існавалі і 40-50 гадоў таму, таму што парфумерыя — гэта не толькі хімія, трэнды і продажы, але яшчэ і мастацтва, эксперыменты і новы погляд на свет.
— Можаш выказаць здагадку, куды цяпер рухаецца парфумерная індустрыя? Што нас чакае? У адзенні, напрыклад, рэзка вярнуліся ў «нулявыя».
— Парфумерыя заўсёды ідзе ў нагу з часам і падладжваецца пад ход гісторыі, патрэбы людзей. У моманты гістарычных змен і пастаяннага стрэсу людзі часцей пераходзяць на прастату, таму ўжо які год трэнд — водары чысціні, свежага паветра, пральнага парашка і белага мускуса. Я магу з вялікай радасцю адзначыць, што ў трэнды ўваходзіць вінтаж, хоць і марудна. Куфры, схаваныя на гарышчах старэйшых пакаленняў, «прачынаюцца» і адчыняюцца. З-за змены пакаленняў многія рэчы ўжо не асацыююцца ў людзей з мінусамі і траўмамі мінулай эпохі. Моладзі незнаёмыя гэтыя пахі, таму што іх маці былі народжаныя ў канцы 80–90-х і проста не насілі такія водары. Прасцей кажучы, мікра-трэнды — гэта вінтаж, агароднінныя, фужэрна-гурманскія, фруктова-зялёныя водары.
Парфумерыя — не мода, а летапіс. У кожным флаконе — адбітак эпохі. Яе галоўны парадокс заключаецца ў тым, што водар — нешта вельмі асабістае і, адначасова, абсалютна сацыяльнае. У ім, як у люстэрку, адбіваецца ўсё, што мы бачылі, чулі. Усё, чаго мы дакраналіся і міма чаго прабягалі...
Ягор ЧУРЫК
Фота прадастаўлена суразмоўцам