На радасць кветкаводаў, півоні — мнагалетнік, таму іх прыгажосцю можна любавацца доўгія гады, а таксама памнажаць яе, рассаджваючы разрослы куст на новыя ўчасткі ў садзе.
Рассадка карэнішчаў
Дзяленне — гэта не толькі метад атрымання новых кустоў, але і эфектыўны спосаб амаладзіць старыя. Самы прыдатны ўзрост для дзялення карэнішча — 4-5 гадоў, рабіць гэта лепш за ўсё бліжэй да канца верасня ў сухое, сонечнае надвор’е. Варта ведаць, што карані дарослай півоні дасягаюць 30 см, а тонкія прыдаткавыя карэньчыкі ідуць на яшчэ большую глыбіню. Каб максімальна зберагчы кветку, выкопваць яе трэба вельмі акуратна: сцябло абрэзаць, пакінуўшы «хвосцік» каля 10 см.
Выкопванне
Выкопвайце півоню, адступіўшы ад цэнтра куста на 30-50 см. Гэта можна рабіць лапатай або віламі, пры гэтым трымаць інструмент увесь час вертыкальна, а не пад вуглом, каб выпадкова не перасекчы карэньчыкі. Абкапайце кветку такім чынам з усіх бакоў.
Выцягваць куст з грунту лепш за ўсё так: падчапіць яго віламі або лапатай, падкласці пад іх, напрыклад, цэглу і выкарыстоўваць інструмент як рычаг. Другі варыянт — выцягнуць куст рукамі, мякка і плаўна, без рыўкоў.
Потым абтрэсці карэнішча, абмыць яго вадой і пакласці пад навес на прасушку прыкладна на суткі.
Дзяленне
Пасля ачысткі і прасушкі кораня стане відаць, што ад кожнага сцябла адыходзіць адна або некалькі пупышак. З іх і развіваецца новая каранёвая сістэма. Звычайна пры нармальным доглядзе садовай культуры да 5 гадоў ад яе можна атрымаць 3–5 частак новых карэнішчаў.
Спачатку трэба правесці рэвізію каранёў, пры неабходнасці выдаліць усе пашкоджаныя часткі — іх нельга ні дзяліць, ні перасаджваць. Нажом аддзяліць участкі з роставымі пупышкамі. Кожны павінен мець дастатковую колькасць карэньчыкаў, каб расліна паспела ўкараніцца да халадоў.
З пакінутай часткі выдаліць засохлыя абрэзкі сцябла, усе пашкоджаныя месцы, а таксама старыя і моцна пераплеценыя ўчасткі карэнішча. Зрэзы густа прысыпаць драўняным вугалем.
Пасадка
Месца пасадкі півоняў павінна быць аддалена ад дома або іншага будынка, быць абароненым ад скразнякоў і ветру, а галоўнае — добра асветленым. Лункі пажадана падрыхтаваць за 2–4 тыдні да пасадкі.
Схема пасадкі:
- адлегласць паміж бакамі лунак — 50–80 см;
- дыяметр лункі — 35–50 см;
- глыбіня — да 60 см.
У кожную лунку трэба пакласці пласт торфу або перагною, дадаць у якасці падкормкі касцяную муку або суперфасфат і прысыпаць зямлёй. На працягу некалькіх месяцаў адбудзецца ўсаджванне, але, калі ямкі выкапаны нядаўна і на працягу тыдня стаяла сухое надвор’е, іх прыйдзецца паліваць, каб грунт хутчэй асеў. У выніку пасадачная ямка павінна быць такой, каб пупышкі знаходзіліся прыкладна на 5-сантыметровай глыбіні. Калі садзіць глыбей, парастак не праб’ецца скрозь пласт зямлі, а калі вышэй, то ў маразы півоня можа загінуць. Кожны корань трэба змясціць у лунку трохі пад нахілам, прысыпаць зямлёй і акуратна ўтрамбаваць. Месца пасадкі паліць, а пасля ўсмоктвання вільгаці прысыпаць пластом кампосту.
Напярэдадні замаразкаў будучую клумбу трэба замульчыраваць тоўстым пластом сухога лісця, пілавіння або ігліцы. У такіх умовах кветка перазімуе, і ўжо на наступны год маладыя кусцікі пацешаць вас першым цвіценнем.