Top.Mail.Ru

Памяці Віктара Гардзея

23 студзеня раптоўна спынілася сэрца Віктара Гардзея. Пісьменніка, які праявіў сябе ў розных галінах творчасці. Каторы кірунак ні возьмеш — гэта настолькі таленавіта, што нельга не здзіўляцца, наколькі сам Усявышні паклапаціўся, каб хлапчук са звычайнай вясковай сям’і, якая пражывала ў вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна, дасягнуў такіх высокіх мастакоўскіх вышынь.


Яго паэзія — настолькі прасветлена-лірычная, што, калі знаёмішся з ёю, уражанне такое, быццам яна ўвабрала ў сябе ўсю пяшчоту Палесся з яго нерушавасцю і багаццем гэтага краю на добрых і шчодрых людзей.

Проза — тая ж лірычнасць, але з філасофскай засяроджанасцю, дзякуючы якой ва ўсёй шматграннасці, непаўторнасці зноў жа спасцігаеш пяшчоту і багацце Палесся і яго жыхароў палешукоў, якія, калі захочуць, любога могуць заткнуць за пояс.

Дзіцячыя творы — такое багацце фантазіі, што ажно дзіву даешся. А яшчэ ж яны прасякнуты тонкім гумарам, які час ад часу высвечваецца дыяментамі-іскрынкамі. Гэтакім жа гумарам, дарэчы, напоўнены і шмат якія празаічныя творы.

Публіцыстыка — нязменная выразнасць жыццёвай пазіцыі. Ён, у параўнанні з іншымі, не быў трыбунам, аднак і маўчуном яго не назавеш: браўся за пяро як публіцыст толькі тады, калі проста не можа не выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў грамадстве.

Пераклады — нязменная павага да аўтара, да арыгінала, але гэта ўменне прыўнесці і сваё, што, не адмаўляючы таленту таго, каго пераўвасабляеш па-беларуску, дае мажлівасць у нечым раскрыцца і ўласнаму таленту.

Бадай, нічога больш дадаваць не трэба. Хіба што падрабязней расказаць пра асобныя набыткі яго ў гэтых жанрах. 

А яшчэ, хочаш таго ці не хочаш, паколькі слова развітальнае, прыгадаць і некаторыя асабістыя моманты. Звязаныя як з яго жыццём, так і з творчасцю. Найперш — паэтычнай, бо не будзе перабольшаннем сказаць, што ўсё ж найбольш яго талент раскрыўся ў гэтым жанры. Адметныя ж задаткі былі ў першай ужо кнізе «Касавіца». 

З гэтага зборніка і пачалося стварэнне Віктарам Гардзеем свайго паэтычнага свету, у якім заўсёды ёсць месца спаконвечным матывам дабра, справядлівасці, лучнасці з бацькоўскай зямлёй, любасці да блізкіх людзей. На паверхню выходзіць толькі сваё — самабытнае, ад чаго хораша і светла на душы. Пасля былі іншыя: «Верасное пасляслоўе», «Засевак Радзімы», «Межань»... 

Апошні з іх цікавы не толькі новымі на той час творамі, але і напісанымі раней, якія па розных прычынах у папярэднія зборнікі не ўвайшлі. З’явіліся ў самым юным узросце, калі за плячыма — усяго нейкіх дваццаць гадоў. Па сутнасці, яшчэ хлапчуком быў. Але ў іх не толькі шмат шчырасці, што суседнічае і з пэўнай наіўнасцю. Ёсць і іншае, больш важнае — тое, чаго часам не стае сённяшнім паэтам-дэбютантам — непасрэднасць, уменне ўспрымаць рэчаіснасць вобразна, так, што і на адлегласці часу нельга не радавацца таленту іх аўтара, які пачаў раскрывацца так рана. 

Маё знаёмства з Віктарам адбылося ў 1983 годзе, калі ён прыйшоў працаваць у рэдакцыю часопіса «Беларусь», пераехаўшы з Ганцавіч. З’явіўся ў Мінску не звычайным раёншчыкам, з якога нямала ахвотных, у каго таленту каліва, пакпіць, а сапраўдным журналістам. Прайшоў школу легендарнага рэдактара Васіля Праскурава, які пазней быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Шмат дала па-сапраўднаму творчая атмасфера, што панавала ў газеце «Савецкае Палессе». Дзякуючы Васілю Фёдаравічу склаліся багатыя творчыя традыцыі. У розны час у рэдакцыі працавалі паэты Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, у газеце друкавалі свае першыя творы Мікола Антаноўскі, Алесь Каско, Уладзімір Марук, Мікола Купрэеў... 

Хораша станавілася на душы, калі знаёміўся з вершамі Віктара. Разам з тым сорамна было за калег-крытыкаў, якія, надта ж налаўчыўшыся складваць розныя «абоймы», чамусьці «забываліся» знайсці ў іх месца Віктару Гардзею. Яму, бадай, прыкра было за такую няўважлівасць. Ды ён стараўся не звяртаць на гэта ўвагі. Ды, можа, толькі выгляд рабіў. Аддушыну ж знаходзіў у напісанні новых твораў. 

Як любяць яго землякі, упэўніўся ў канцы жніўня 1996 года, калі разам з ім завітаў у Малыя Круговічы. Мясцовыя ўлады і Ганцавіцкі раённы выканаўчы камітэт пастанавілі прысвоіць вуліцы ў Малых Круговічах, дзе прайшло яго маленства, імя выдатнага земляка. На вясковай паляне адбыліся такія ўрачыстасці, прысвечаныя яго 50-годдзю, пра якія многім паэтычным «мэтрам» застаецца толькі марыць. 

Як не радавацца такой увазе! І ён радаваўся. Аднак у некаторых вершах прысутнічала самотнасць. Асабліва шмат з’явілася яе пазней, у кнізе «Межань». За ёю — уласна-перажытае, выпакутаванае. Вёска для яго па-ранейшаму заставалася скарбніцай найлепшых дзён. Як і ўся прырода роднае аселіцы: «За вёску іду, як у храм». Але не пакідала і адчуванне незваротнасці страчанага. «Каб не пабег я рана-раным // За вёску і яшчэ далей, // Дык не хадзіў бы знерваваным // І жыў бы, можа, весялей». Як жа інакш: «У лясах, што аж да небакраю, // Нехта тут блукае ўжо другі. // Стану я на выспе — пагукаю, // Сам сябе, вясёлага, з імгі». Прысутнічаў і асабісты боль:

Чаму ж так? Гляджу вінавата.
Лёс вырваў з пагляду майго
І сына-салдата, і брата,
І брата яшчэ аднаго.

Ды паэт на тое і паэт, што ў стане ўзвысіцца над асабістым, каб разважаць і пра жыццё ўвогуле, і пра смерць як заканамернае завяршэнне зямнога існавання чалавека. Пры гэтым ён ішоў найперш ад асабістага, прамаўляючы вуснамі лірычнага героя:

Вунь Харона чаўны. І — бязмоўе.
Кінуў лёс пакаленні на тлум.
У бяроз, як і ў нас, белакроўе,
І няма прасвятлення для дум.

Але ён прыходзіць і да высновы, якая дазваляе зразумець, што жыццё бясконцае ў сваёй хадзе і кожны, хто жыве, павінен напоўніцу радавацца яму, ведаючы, што наперадзе чакае штосьці новае, яшчэ нязведанае і неспазнанае:

Не спяшайце, чаўны, не адчальце:
Мноства з’яў таямніцай пакуль.
Вось і сёння па мокрым асфальце
Вожык бег, а куды і адкуль?

Не знікалі з вершаў Віктара Гардзея смутак, адчай. Аднак усё ж куды больш было ў іх радасці, светласці, паэтычнай свежасці. Паэт знаходзіў у сабе сілы пераадолець песімізм, душэўную адзіноту, таму яго лірычны герой спяшаўся жыць, дзяліцца сваімі вялікімі і малымі радасцямі. Гэта асабліва добра відаць па вершах, у якіх апяваецца прырода, што аднолькавая ў сваім харастве ў розныя поры года. Удыхаючы гэтае хараство на поўныя грудзі, пачынаеш упэўнівацца ў тым, што сам ты таксама жывая часцінка гэтага вялікага хараства: «Разумею: я патрэбен // Полю шэраму ў вясне. // Момант ісціны, што ў хлебе, // Па жыцці вядзе мяне». І далей:

Не сагрэлася б пад снегам
Без майго дыхання рунь.
Нахапілася адлега.
Ручаі бягуць угрунь.

Па-зямному хораша і ўсцішна станавілася ў храме яго паэзіі, у якім гэтак лёгка клаўся радок да радка. А там, дзе сапраўдны талент, няма неабходнасці кідацца ў марнае эксперыментатарства ці займацца рэбусавасцю. Проста пішы, як думаеш, і цябе зразумеюць:

Весялей і лягчэй, і суцішней —
Штось жывое чуваць ля вакон.
То душа, прытварыўшыся вішняй,
Мой трывожны падсвечвае сон.

Думаў, знікла — не вернеш бяглянку,
І тады стане млосна зусім,
Але бачу, прачнуўшыся ўранку,
Як святлее ў пакоі маім.

Разам з тым Віктар Гардзей валодаў і яшчэ адной якасцю, важнай для любога пісьменніка, але для паэта ў большай ступені — назіральнасцю. Праходзіць прамежак часу (у залежнасці ад значнасці назіранняў меншы ці большы), і нараджаецца чарговы твор. 

Не абмяжоўваючыся паэзіяй, перайшоў да прозы. Адметнасць яе — моцныя аўтабіяграфічныя моманты. Калі ж глядзець шырэй, прысутнічае нязменнае жаданне расказваць пра землякоў. Аб гэтым засведчыла яшчэ аповесць «Дом з блакітнымі аканіцамі», што дала назву яго першай кнізе прозы. Затым быў зборнік «Карані вечнага дрэва», цэнтральнае месца ў ім заняла аповесць «Жыта ганьбу не заслоніць» з жыцця пасляваеннай заходнебеларускай вёскі. Гэтаксама прыхільна як чытачы, так і крытыка сустрэлі трылогію «Аселіца Чорнага мора» і раман «Бедна басота». 

З поспехам пісаў для дзяцей, аб чым засведчылі зборнікі вершаў «Чырвоны грабеньчык», «На арэхавай палянцы», «Коцікі на вярбе», «Мой тата — трактарыст», «Зай, які лічыў варон», «Зайкава балалайка»... І нядаўняя кніжка — «Як мядзведзікі тату згубілі», што выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». 

А яшчэ ён аўтар унікальнай дылогіі «Малая дзіцячая Чырвоная кніга», у якой расказваецца пра рэдкія віды беларускай фаўны і флоры. Спачатку даюцца звесткі, а пасля ідуць вершаваныя радкі. У гэтай незвычайнай дылогіі, як і шмат у якіх вершах і казках для дзяцей, Віктар Гардзей паказаў сябе чалавекам з добрым пачуццём гумару. Досціп, тонкая ўсмешка спрыяюць таму, што дзеці ахвотна завучваюць творы на памяць. 

Плённа ж працуючы ў галіне перакладу — як паэтычнага, так і празаічнага, ён паказаў сябе і выдатным знаўцам беларускай мовы. Гэта відаць, прынамсі, з двухтомніка казак народаў Еўропы «Хрустальны калодзеж», які вытрымаў два выданні.

Выраз «Ёсць патрэба бачыць родны дом» у дачыненні да Віктара Гардзея набывае сёння больш значны і больш шырокі сэнс. У жыцці і творчасці пісьменніка прысутнічала патрэба пастаянна бачыць родную Беларусь — як той дом, у якім жыць усім нам разам. І які будаваць супольна. У меру таленту кожнага. Што і рабіў упэўнена паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык.

Некалі пішучы пра творчасць Віктара Гардзея, свайму артыкулу я даў загаловак «Зямное і вечнае». Цяпер напрошваецца іншая назва: «З зямнога ў вечнае». Зямны яго шлях завяршыўся. Віктара Гардзея ўжо няма. Няма і ніколі не будзе. Застаецца ён толькі ў нашай памяці. Наперадзе — іншы шлях, нам не вядомы. Спяшацца ў яго не хочацца. Аднак, калі такая часіна настане, хацелася б увайсці ў яго прасцягі так сумленна, як жыў і тварыў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю