У стартавы дзень рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер» былі разыграны шэсць камплектаў узнагарод, паведамляе БелТА.
У пятніцу ўдзельнікі спаборніцтваў у трох узроставых катэгорыях вызначылі наймацнейшых у спрынце. Юныя прадстаўнікі Мінска заваявалі восем узнагарод (3-3-2), каманда Магілёўскай вобласці — пяць (1-2-2), Віцебская вобласць — дзве (1-0-1), Гродзенская вобласць — адно золата, Брэсцкая вобласць — дзве бронзы, Гомельская вобласць — адно срэбра. Кожны прызёр атрымаў медаль, дыплом, кубак і сертыфікат ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Узнагароды дзяўчатам уручала чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава.
«Снежны снайпер» — выдатная магчымасць праявіць сябе для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не займаюцца біятлонам у спецыялізаваных установах. Спадзяюся, сённяшнія медалі і прызы матывуюць дзяцей на далейшыя поспехі, гэта памяць на доўгія гады. Разумею слёзы тых, каму не ўдалося падняцца на п’едэстал, але важна не зацыклівацца на гэтым, а працягваць працаваць для дасягнення сваіх мэтаў і станавіцца мацнейшым з кожным днём«, — сказала Дар’я Домрачава.
9 лютага ў «Раўбічах» юныя спартсмены разыграюць медалі ў мас-стартах і змешаных эстафетах, у праграме нядзелі — дзевяць гонак, першая з якіх стартуе ў 9.00, заключная — у 14.00. Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба праводзяцца з 2007 года.
Фота БелТА