Top.Mail.Ru

Памятны знак у гонар подзвігу ліквідатараў аварыі на ЧАЭС адкрылі ў Гомелі

У 40-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Гомелі адкрылі памятны знак у гонар подзвігу ліквідатараў, паведамляе БелТА.


Кампазіцыя ўстаноўлена ў скверы Ратавальнікаў. Аўтар работы з граніту — скульптар Сяргей Раманюк.

Як адзначыў на адкрыцці міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, 40 гадоў таму пасля аварыі людзі, якія жылі на пацярпелых тэрыторыях, у тым ліку ў Гомелі, не разумелі наступстваў аварыі. «Не ўсе маглі зразумець, у тым ліку ліквідатары, з чым давядзецца сутыкнуцца. Пажарныя, якія першымі ступілі ў распалены рэактар для ліквідацыі пажару, вядома ж, былі сапраўднымі героямі. Разумеючы, што іх жыццё пад пагрозай, яны выконвалі сваю работу. Многія людзі розных прафесій — ваенныя і медыцынскія работнікі, простыя рабочыя, будаўнікі і многія іншыя нашы суайчыннікі — былі задзейнічаны ў ліквідацыі», — звярнуўся да старонак гісторыі ён. 


Вадзім Сіняўскі зрабіў акцэнт: на жаль, наша краіна панесла самыя адчувальныя наступствы ў выніку аварыі. «Пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі былі рэалізаваны шэсць дзяржаўных праграм па ліквідацыі наступстваў. І сёння мы займаемся ўстойлівым сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёнаў, якія пацярпелі», — падкрэсліў міністр. Ён дадаў, што сучасныя пакаленні не маюць права дапусціць такіх аварый. 

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі звярнуў увагу: пасля красавіка 1986-га многія ўключыліся ў ліквідацыю. «Народ згуртаваўся. Рашэнні даводзілася прымаць вельмі хутка, імкліва, з вялікай адказнасцю і дакладнасцю. 

«Сёння, праз 40 гадоў, мы з удзячнай памяццю ўспамінаем ліквідатараў, якія аддалі жыццё сваё і здароўе для таго, каб мы зараз мелі выгоды. І адкрыццё сёння помніка — адзін з сімвалаў удзячнай памяці», — падкрэсліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. 

Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў адзначыў: памятны знак — гэта і сімвал і падзякі, і адказнасці перад мінулым і будучыняй. «Людзям выключнай адвагі і маральнай сілы прысвечаны гэты памятны знак», — сказаў ён.


На працягу дзесяцігоддзяў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вялізныя намаганні краіны былі накіраваны на адраджэнне пацярпелых тэрыторый і падтрымку насельніцтва, зрабіў акцэнт старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў. «Клопат адчуваўся і ў тыя часы, адчуваецца і сёння. Гэта і медыцынскае абследаванне, аздараўленне, і сацыяльная падтрымка. Сёння, праз 40 гадоў, Гомель жыве звычайным жыццём, працуе прамысловасць, будуюцца дамы, развіваецца сацыяльная сфера. Наш горад становіцца лепшым і лепшым. Гэта стала магчымым дзякуючы тым, хто ў 1986 годзе выканаў свой грамадзянскі, службовы абавязак, і дзякуючы мэтанакіраванай і мудрай палітыцы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. І гэты знак — не проста пункт на карце і не архітэктурная дэталь. Гэта паклон кожнаму ратавальніку, тым, хто цаной сваёй будучыні падарыў будучыню нам, а самае галоўнае — нашым дзецям і ўнукам», — падсумаваў старшыня гарвыканкама.

Удзельнікі цырымоніі адкрыцця таксама высадзілі 40 чырвоных клёнаў на Алеі Памяці на тэрыторыі сквера.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю