Top.Mail.Ru

Палігон дзейнасці — нашы працоўныя месцы

На Гомельшчыне ў рамках адзінага дня інфармавання член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім», дэлегат сёмага Усебеларускага народнага сходу Ілья Ікан сустрэўся з супрацоўнікамі галоўнага офіса дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Беларуснафта». Удзел у мерапрыемстве ўзялі каля 1400 работнікаў у 40 відэастудыях падраздзяленняў «Беларуснафты».

Сенатар засяродзіў увагу на дзейнасці канцэрна і задачах, пастаўленых кіраўніком дзяржавы перад нафтахімічнай галіной краіны. Ілья Ікан расказаў аб ключавых тэзісах, абазначаных Прэзідэнтам па імпартазамяшчэнні, развіцці прамысловасці, дасягненні якасных паказчыкаў эканамічнага росту, а таксама выкананні вядучымі вытворцамі краіны ўсіх узятых на сябе абавязацельстваў. Сенатар акцэнтаваў увагу і на персанальнай адказнасці кожнага за лёс краіны, падкрэсліў значэнне працоўных калектываў у справе ўмацавання нацыянальнай эканомікі і дзяржаўнага суверэнітэту. 

Найважнейшым блокам размовы стала абмеркаванне стратэгічнага арыенціра, акрэсленага Прэзідэнтам, які датычыцца абараназдольнасці нашай краіны, развіцця Узброеных Сіл Беларусі і адаптацыі сілавога блоку да хуткіх змен у сучасных умовах. Як нагадаў сенатар, па ацэнцы Прэзідэнта, наша тэхналагічная кампактная мабільная армія, ваенныя арганізацыі ў цэлым здольныя адказаць на любыя выклікі часу і з’яўляюцца сёння надзейным шчытом для народа і гарантам міру на беларускай зямлі. 

— Сёння ваенная бяспека нашай краіны забяспечваецца ў складаных умовах ваенна-палітычнай абстаноўкі. На заходнім і паўночна-заходніх напрамках вядзецца сістэмнае нарошчванне ўзброеных сіл Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора. Прыбалтыйскія дзяржавы актыўна мілітарызуюцца, трацяць на ўзбраенне, набыццё ваеннай тэхнікі і мадэрнізацыю ваеннай інфраструктуры вялізныя грашовыя сродкі, — нагадаў спікер.

Як было адзначана, за мінулы год на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў праведзена больш як 230 ваенных вучэнняў. Застаецца напружанай абстаноўка на паўднёвым напрамку. 

— Нягледзячы ні на што, наш Прэзідэнт неаднаразова падчас выступленняў перад шырокай аўдыторыяй, вузкіх нарадах настройваў усіх нас на дакладную ісціну, лепш і не нельга выказаць, — асабліва падкрэсліў Ілья Ікан. — Яна ў тым, каб мы не займаліся палітыкай, а займаліся ты, што мы ўмеем. Працаваць, вырашаць вытворчыя задачы, таму што наша з вамі справа — утрыманне эфектыўнай эканомікі, якая стабільна працуе. Таму наш з вамі палігон дзейнасці — нашы працоўныя месцы, — заклікаў нафтавікоў сенатар.

Старшыня канцэрна «Белнафтахім» закрануў на сустрэчы і бягучыя пытанні дзейнасці прадпрыемства. Па яго словах, запланавана асобная нарада з кіраўніцтвам вытворчага аб’яднання для вызначэння рэперных пунктаў яго развіцця. 

Спікер таксама звярнуў увагу на важнасць падобных сустрэч у рэгіёнах і падкрэсліў, што ніякія сучасныя тэхналогіі ці штучны інтэлект не здольныя замяніць жывых зносін з працаўнікамі. 

Што датычыцца канкрэтных задач, якія сёння пастаўлены перад вытворчым аб’яднаннем, то Ілья Ікан зрабіў акцэнт на нарошчванні аб’ёмаў здабычы беларускай нафты, зніжэнні выдаткаў вытворчасці і ўкараненні аптымальных спосабаў распрацоўкі радовішчаў. Асобную ўвагу кіраўнік канцэрна ўдзяліў рабоце аўтазаправачных станцый і ўзаемадзеянню з канчатковымі спажыўцамі. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота belorusneft.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю