Top.Mail.Ru
216

Паілі аленя колай і цягалі за рогі. Суд у Мінску прызначыў пакаранне двум жыхарам Віцебскай вобласці

Суд Заводскага раёна Мінска прызначыў двум жыхарам Віцебскай вобласці адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе 10 дзён арышту за хуліганства ў Менскім заапарку, паведамляе БелТА.



Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў судзе разглядалася сёння, на наступны дзень пасля затрымання мужчын. Двое сяброў з Віцебскай вобласці, адзін 1975-га, другі — 1973 года нараджэння, у мінулы чацвер прыехалі ў Мінск. Увечары таго ж дня накіраваліся ў Мінскі заапарк. Зайшлі ў дэльфінарый, а пасля прадстаўлення, падышоўшы да вальера, дзе ўтрымліваўся высакародны алень, пачалі здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні.

Адзін мужчына стаў хапаць аленя за рогі, другі паіў жывёлу з бутэлькі газаваным напоем. Прычым гэта адбывалася ў прысутнасці іншых наведвальнікаў заапарка. Напрыклад, мужчына і жанчына, якія праходзілі побач, зрабілі заўвагу, але адказу не атрымалі. Больш за тое, жыхары Віцебскай вобласці па чарзе самі ж здымалі тое, што адбываецца на мабільны тэлефон, а відэа пасля размясцілі ў ТікТок.

На судзе абодва мужчыны прызналі віну ў поўным аб’ёме, не адмаўляючы таго, што адбывалася. Яны прызналі, што дзеянні зроблены з хуліганскіх памкненняў. Прычыну сваіх паводзін растлумачылі тым, што ім «было весела».

Як растлумачыў намеснік старшыні суда Заводскага раёна Мінска Дзмітрый Лукашэвіч, правапарушэнне здзейснена ў грамадскім месцы, у прысутнасці іншых грамадзян. Жыхары Віцебскай вобласці разумелі, што сваімі дзеяннямі парушаюць грамадскі парадак, правілы наведвання заапарка, і гэта выклікае абурэнне іншых наведвальнікаў заапарка.

Абодва парушальнікі падвергнуты спагнанням у выглядзе адміністрацыйнага арышту на тэрмін 10 сутак кожны паводле арт. 19.1 (дробнае хуліганства) КаАП. Пастанова суда ў законную сілу не ўступіла і можа быць абскарджана ва ўстаноўленым законам парадку. Мужчыны былі затрыманыя напярэдадні разгляду справы ў судовым пасяджэнні і працягнуць адбываць прызначанае адміністрацыйнае спагнанне.

Між тым у судовым пасяджэнні яны паказалі, што пасля адбыцця адміністрацыйнага спагнання гатовы прынесці прабачэнні заапарку і загладзіць прычыненую шкоду, у тым ліку прынесці «дэлікатэсы» для пацярпелай жывёлы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю