Яны, нашы вартавыя граніцы, сустрэлі фашысцкую навалу першымі і мужна змагаліся за кожны метр зямлі на пагранічных заставах. Вельмі шмат іх палягло ў самыя першыя дні вайны.
У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці ёсць нямала матэрыялаў, дакументаў, прысвечаных 17-му Чырванасцяжнаму пагранічнаму атраду, які ахоўваў 182 кіламетры дзяржаўнай граніцы. У склад атрада ўваходзіла пяць камендатур. У зоне адказнасці кожнага начальніка камендатуры было чатыры лінейныя і адна рэзервовая заставы. І ўсе гэтыя заставы перад світаннем 22 чэрвеня адчулі на сабе масіраваны ўдар ворага.
У музеі захоўваюцца ўспаміны былога начальніка 20-й заставы Ягора Манекіна: «Кулямёты праціўніка трасіруючымі кулямі прастрэльвалі наша ўзбярэжжа, тым самым стваралі спрэс агнявую заслону. З-за Буга курсам на ўсход ляцелі фашысцкія самалёты. Запальвальныя снарады ўшчэнт разносілі назіральныя пагранічныя засады. Сілай пяхотнага батальёна гітлераўцы пачалі пераправу праз Буг. Перашкодзіць пераправе нам не было чым. У нас не было ні танкаў, ні гармат, ні мінамётаў».
Пагранічнікі 20-й заставы стаялі літаральна насмерць, вытрымалі сем атак. Праціўнік ніяк не чакаў, што нашы вартавыя граніцы прадэманструюць такое ўменне манеўраваць. З кулямётамі ў руках яны хутка мянялі пазіцыі і ўдала супрацьстаялі ворагу. Калі ўмелага кулямётчыка сяржанта Філатава забіў варожы снайпер, кулямёт адразу ж падхапіў радавы Ермакоў. І прытым наўкола бушаваў лясны пажар, рукі і твар Ермакова былі ў страшных апёках, але і ў такім стане ён працягваў страляць!
...Камандзір Ягор Манекін здолеў вывесці рэшткі байцоў сваёй заставы на ўсход, там яны далучыліся да часцей рэгулярнай арміі. Пагранічнік Манекін прайшоў усю вайну, у яго франтавой біяграфіі было тры франты: Бранскі, Другі Прыбалтыйскі, Ленінградскі. Пасля вайны Ягор Піліпавіч вернецца ў пагранвойскі, даслужыцца да палкоўніка, потым будзе жыць у Маскве. Амаль праз 30 гадоў пасля Перамогі прыедзе на сустрэчу ветэранаў у Брэсцкую крэпасць. Яго ўспаміны, цытаты з якіх прыведзены, стануць бясцэннай старонкай летапісу доблесці заходніх вартавых граніцы.

Гэта толькі адзін эпізод мужнасці і самаадданасці пагранічнікаў. А падобныя эпізоды былі на кожнай з застаў легендарнага 17-га пагранічнага атрада. І менавіта ў гонар іх, папярэднікаў, якія загінулі ў 1941-м, брэсцкія пагранічнікі 21 чэрвеня штогод праводзяць акцыю «Баявы разлік».
Святлана ЯСКЕВІЧ
Дарэчы
Вартавым непарушнай граніцы
Каля Паўночных варот Брэсцкай крэпасці 21 чэрвеня адкрыецца скульптурная кампазіцыя «Савецкім пагранічнікам прысвячаецца».
У ходзе сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам абароны Расіі Андрэем Белавусавым, якая адбылася 16 мая, ад кіраўніка расійскага ваеннага ведамства паступіла прапанова аб перадачы на бязвыплатнай аснове скульптурнай кампазіцыі воінам-пагранічнікам для ўстаноўкі ў Брэсце.
Кіраўнік нашай дзяржавы падтрымаў прапанову і прыняў рашэнне ўстанавіць гэты помнік да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Скульптура, якая распрацавана маскоўскай Студыяй ваенных мастакоў імя М. Б. Грэкава, была дастаўлена ў Беларусь два тыдні таму і ўстаноўлена на пастаменце каля Паўночных варот Брэсцкай крэпасці.
Манумент вышынёй больш за тры метры ўяўляе сабой кампазіцыю з фігур чатырох воінаў-пагранічнікаў, якія ўстанаўліваюць памежны слуп. Помнік сімвалізуе перыяд вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года, аднаўлення Дзяржаўнай граніцы СССР і пераможнага заканчэння аперацыі «Баграціён», а таксама сведчыць аб бязмежнай павазе нашчадкаў да подзвігу тых, хто вызваляў краіну ад «карычневай чумы».
У цырымоніі адкрыцця помніка возьмуць удзел прадстаўнікі ваенных ведамстваў Беларусі і Расіі, кіраўнікі органаў улады, прадстаўнікі грамадскасці.
У тэму
Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа будзе маштабна адзначаны ў Брэсце. Ранкам 21 чэрвеня адкрыецца музейная экспазіцыя «Цягнік Перамогі» каля Музея чыгуначнай тэхнікі. А бліжэй да поўдня на вакзале адбудзецца сустрэча ўдзельнікаў «Цягніка Памяці».
Беларускія і расійскія артысты выступяць ноччу 22 чэрвеня на канцэрце-рэквіеме ў Брэсцкай крэпасці. Канцэрт атрымаў назву «Чатыры гады доўгага шляху». Чакаецца, што ўдзел возьмуць Уладзімір Гасцюхін, Аляксандра Гайдук, арт-група «Беларусы», танцавальныя калектывы з Пінска, а таксама расійскія выканаўцы, сярод якіх — Дзяніс Майданаў, група «Любэ» і іншыя.
Пачнецца праграма ў Брэсцкай крэпасці ў гадзіну ночы трансляцыяй фільма «Пісьмы абаронцам Брэсцкай крэпасці». Затым пройдзе канцэрт-рэквіем, а за ім — традыцыйны мітынг з ускладаннем кветак да Вечнага агню і пліт некропаля. У 5 гадзін раніцы рэканструктары пакажуць эпізоды абароны Брэсцкай крэпасці. Пра свой удзел у рэканструкцыі заявілі больш за 600 членаў ваенна-гістарычных клубаў з розных краін.