Top.Mail.Ru

Паглядзелі, як падлеткі праводзяць канікулы з карысцю і без гаджэтаў

Летняя дзіцячая аздараўленчая кампанія працягваецца. Толькі ў сталіцы працуе 30 загарадных лагераў. У планах — аздаравіць рэкордную колькасць дзяцей: амаль 90 тысяч мінскіх школьнікаў. Прыярытэт аддаецца загараднаму адпачынку.


Палатачны фармат

Адметнасць гэтага сезона — палатачны летнік, які знаходзіцца на тэрыторыі выхаваўча-аздараўленчага летніка «Беларусь» ад Мінскага трактарнага завода. Палаткі школьнікаў размясціліся на зялёнай пляцоўцы стацыянарнага лагера, і гэта сапраўдны паходны фармат: дзеці жывуць у палатках, якія ставілі самі, праводзяць дні і ночы на свежым паветры і атрымліваюць максімум жывых эмоцый.

Начальнік лагера Анастасія Куцеева расказала, што ў кошт пуцёўкі ўваходзіць мноства дадатковых інтэрактыўных і пазнавальных праграм: наведванне аквапарка «Лябяжы», пенныя вечарынкі, віртуальная рэальнасць, лазертаг, вогненнае шоу, экскурсіі па месцах баявой славы. Таксама праводзіцца акцыя «Крок да поспеху». Начальнік летніка расказала, што сустрэчы з гасцямі праходзяць у фармаце свабоднага дыялогу.

— Спачатку госць расказвае пра сябе і свае дасягненні, а потым дзеці задаюць любыя пытанні. Тэма называецца «101 пытанне»: пытаюцца пра ўсё, што іх цікавіць. Калі гэта спартсмен — пра рэкорды, калі творчая асоба — пра творчасць. За змену прыязджае па два-тры спікеры. Ім тут вельмі падабаецца, — тлумачыць Анастасія Куцеева.


На тэрыторыі выхаваўча-аздараўленчай установы абсталяваны спартыўныя пляцоўкі: футбольнае поле, валейбольная пляцоўка і трэнажоры.

Радавацца кожнаму дню

У адным з атрадаў працуе выхавальніца Святлана Банад — старшы выкладчык аўтатрактарнага факультэта БНТУ.

— У свой час у гэтым лагеры кожнае лета адпачываў мой сын, ён сур’ёзна займаўся спортам. Сёлета ён паступіў у ВНУ, а я працягваю традыцыю — працую з дзецьмі. Для мяне гэта не проста работа. Гэта магчымасць вярнуцца ў атмасферу дзяцінства, перадаць свой досвед, — дзеліцца педагог. — У маім атрадзе дзеці 11-12 гадоў. Яны ўжо дастаткова дарослыя, каб усведамляць адказнасць, і адначасова яшчэ такія адкрытыя да ўсяго новага. Я бачу, як яны радуюцца кожнаму дню, як сябруюць і падтрымліваюць адно аднаго.

Тэлефон не патрэбны, калі побач сябры

Самыя шчырыя ацэнкі летніку даюць, вядома, самі выхаванцы. Эмоцыі дзяцей не пакідаюць сумненняў: 
гэта месца сапраўды стала для іх адкрыццём. Глеб Мурашка, які пераходзіць у 7 клас, дзеліцца: «Гэта звычайны летнік, але мы менавіта з класам знаходзімся ў палатачным — мы самі ставілі палаткі, і гэта як сапраўдны паход! Днём гуляем у футбол і валейбол, у трэнажорным гарадку нават не хочацца браць тэлефон у рукі. А ўвечары — дыскатэка! Гэта найлепшае, што было летам». Яго падтрымлівае Артур Сарвіраў, якому 12 гадоў: «Дома сумна — усе ў тэлефонах, а тут весела. Цэлы дзень на свежым паветры, з сябрамі. Намнога лепш, чым дома».


Назва чацвёртай змены ў летніку «Будучае — гэта мы», прадоўжыцца да 7 жніўня. Наперадзе — яшчэ цэлы месяц лета і адна, апошняя, пятая змена. Асабліва кранальныя словы тых, хто толькі-толькі заехаў, але ўжо адчуў атмасферу. Алеся Траццякова, сямікласніца, расказвае: «Я сёння толькі заехала, а ўжо знайшла сяброў! Мне вельмі падабаецца, што тут ёсць цудоўныя трэнажоры. Я хачу падцягнуцца і стаць мацнейшай. Упэўнена, што гэтыя дні пройдуць весела і карысна». 

А для Любові Чарнагоравай, вучаніцы 5 «А» класа 208-й школы, выбар бацькоў стаў падарункам: «Гэты летнік абралі бацькі, бо ў яго цудоўныя водгукі. Я — творчая дзяўчынка, таму ўдзельнічаю ва ўсіх конкурсах. 

А яшчэ ў сталовай цудоўна кормяць. Асабліва мне падабаецца боршч і катлеты — як у мамы!»

Дыялог з моладдзю

Дзяцей слухаюць не толькі выхавальнікі, але і гарадскія ўлады. Дыялог з моладдзю — адна з ключавых задач аздараўленчай кампаніі. 

У Мінску штогод рэалізуецца больш як 500 праектаў, распрацаваных школьнікамі і студэнтамі: ад добраўпарадкавання горада і стварэння зон адпачынку да развіцця адукацыі, аховы здароўя і маладзёжных ініцыятыў. Як падкрэсліў прадстаўнік гарадской адміністрацыі, менавіта зваротная сувязь з падрастаючым пакаленнем дазваляе рабіць горад больш камфортным для жыцця.


Замена сучасных гаджэтаў жывымі эмоцыямі, футбол замест экрана, шчырыя размовы з цікавымі людзьмі — такія ўражанні атрымліваюць выхаванцы ВАЛ «Беларусь». І гэта, бадай, галоўнае, што можа даць летні адпачынак.

— Пры падрыхтоўцы летняга адпачынку мы пастараліся стварыць камфортныя ўмовы, каб дзеці з карысцю правялі час і паправілі здароўе, — адзначыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаваўчаму складніку. Кожная змена ў аздараўленчым летніку носіць тэматычны характар, прысвечана знакавым падзеям і людзям. У рамках гарадскога праекта «Крок да поспеху» кожную змену ў летнік прыязджаюць дэпутаты, службовыя асобы, вядомыя спартсмены, дзеячы культуры. Яны размаўляюць з дзецьмі на розныя тэмы, адказваюць на пытанні, расказваюць пра свой жыццёвы шлях.

— Нам вельмі важна, каб дзеці далучаліся да грамадска-палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, разумелі, наколькі важна быць у адзіным страі — моладзі і старэйшаму пакаленню, — падкрэсліў спікер Андрэй Стрыгельскі.

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю