Сакавіты ўраджай
У ААТ «СталовічыАгра» пад Баранавічамі самы разгар восеньскай уборачнай кампаніі. Гаспадарка з амаль 10 тысячамі гектараў высокапрадукцыйных сельгасугоддзяў, якая аб’ядноўвае 15 вёсак, штодня даказвае: тут умеюць працаваць з розумам і душой. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на палях аднаго з найбольш дынамічных і тэхналагічных сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна. Паглядзелі, як ідзе ўборка цукровых буракоў і кукурузы на сілас, а таксама пагаварылі з тымі, хто здабывае гэты ўраджай.

Тэхналогіі і дакладны разлік
ААТ «СталовічыАгра» мае сур’ёзную структуру пасеваў, якая забяспечвае стабільнасць нават у складаныя гады: 850 гектараў цукровых буракоў, 500 гектараў азімага рапсу, 1800 гектараў кукурузы на зерне і сілас, а таксама больш за 3200 гектараў збожжавых — пшаніцы, ячменю, трыцікале.
Адзін з галоўных этапаў восеньскай кампаніі — уборка цукровых буракоў. Галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Сільчанка тлумачыць, што гэта культура вельмі патрабавальная да глебы.

— Буракі — культура пераборлівая, патрабуе багатую на арганіку глебу.
Бедныя землі не дадуць патрэбнага выніку, — тлумачыць спецыяліст. — Каб вырошчванне па класічнай сістэме акупілася, трэба атрымаць мінімум 350 цэнтнераў з гектара. Гэта каб проста выйсці ў нуль, без прыбытку. Калі ж працаваць па смарт-сістэме, патрабаванні яшчэ большыя.
У гаспадарцы выкарыстоўваюць менавіта сучасную смарт-сістэму, якая дазваляе скараціць колькасць апрацовак ад пустазелля і павысіць эфектыўнасць.
— Сістэма «чыстае поле» — гэта выведзеныя гібрыды, устойлівыя да пэўных тыпаў гербіцыдаў. Калі класічныя буракі такі гербіцыд не вытрымліваюць, то смарт-гібрыд — вытрымлівае. Таму замест трох-чатырох апрацовак праводзім толькі дзве, — расказвае аграном. — Але тэхналогіі мяняюцца, пустазелле прыстасоўваецца, таму і мы мяняем падыходы.
Сёлета на палях правялі дзве апрацоўкі ад пустазелля (не лічачы апрацовак ад хвароб і шкоднікаў). У «Сталовічах» адмовіліся ад хімічнага стрэсу для раслін — цукар набіраецца натуральным шляхам. Ураджайнасць складае каля 600 цэнтнераў з гектара.
Пасля перапрацоўкі буракоў адходаў не застаецца. Жмых ідзе на корм жывёле. Меласа (патака) — таксама ў рацыён. А дэфекат выкарыстоўваюць для вапнавання палёў. Такім чынам, кожная частка расліны ідзе ў справу.

Канвеерны метад: ад далёкіх палёў да блізкіх
У гаспадарцы выкарыстоўваюць сучасныя высокапрадукцыйныя камбайны. Яны дазваляюць хутка і якасна ўбіраць буракі, аўтаматызаваць працэс і кантраляваць якасць збору. За штурвалам такой машыны — вопытныя механізатары, якія ведаюць тэхніку дасканала.
Як расказалі ў гаспадарцы, беларуская селекцыя цукровых буракоў паступова развіваецца, але пакуль саступае імпартнай. Сёння ў гаспадарцы выкарыстоўваюць як айчынныя распрацоўкі, так і сумесныя з расійскімі партнёрамі.
Каб забяспечыць раўнамерную працу і пазбегнуць страт, у гаспадарцы выкарыстоўваюць канвеерны метад уборкі.
— Тыпы гібрыдаў падбіраюць так, каб адны набіралі цукар раней, другія — пазней. Гэта дазваляе размеркаваць уборку па часе. Такі падыход дазваляе аптымізаваць лагістыку і збіраць ураджай з мінімальнымі стратамі, — тлумачыць Уладзімір Сільчанка.
Вырашчаныя буракі накіроўваюць на Жабінкаўскі цукровы завод, які з’яўляецца асноўным перапрацоўшчыкам у рэгіёне. Дзяржзаказ у гаспадарцы складае 30 тысяч тон, і на момант нашага прыезду 5,5 тысячы тон ужо былі здадзены.
На полі, дзе ідзе ўборка культуры, бачым буракаўборачную машыну. За штурвалам — Сяргей Кондрыца. Ён ужо трэці сезон працуе на такой тэхніцы. Да гэтага працаваў электразваршчыкам, ужо некалькі гадоў працуе трактарыстам-машыністам у «СталовічахАгра».
— Машына энергаёмістая, кіраваць не вельмі складана, але абслугоўваць няпроста, — кажа ён.

Сяргей Кондрыца добра ведае ўсе асаблівасці сваёй тэхнікі.
— Галоўнае ва ўборцы — увага і засяроджанасць. Трэба сачыць за прыборамі, за паказчыкамі і за тым, як камбайн ідзе па радку. Машына можа працаваць на аўтапілоце, але бываюць моманты, калі даводзіцца пераходзіць на «ручное» кіраванне, — смяецца Сяргей.
Камбайн захоплівае адразу шэсць радкоў буракоў. Хуткасць руху — ад 8 да 10 кіламетраў у гадзіну, у залежнасці ад поля і памеру буракоў.

Сяргей тлумачыць, як адбываецца сам працэс:
За змену Сяргей убірае ад 15 да 20 гектараў. Яго дзень пачынаецца каля сямі гадзін раніцы, а заканчваецца позна. Пры гэтым мужчына не скардзіцца — галоўнае, каб тэхніка не падводзіла. Жыве Сяргей у Сталовічах, побач з гаспадаркай. Жонка працуе начальніцай малочнатаварнага комплексу. Дачка працуе ў Мінску, сын вучыцца ў Жыровіцкім сельскагаспадарчым каледжы на механіка.— Лемяхі (рэжучая частка плуга. — «Зв.») заходзяць у зямлю, здзяйсняюць зваротна-паступальныя рухі і прыпадымаюць буракі. Потым яны ідуць па транспарцёры, ачышчальнай зорцы і па элеватары ў бункер. Адтуль — у бурт на поле. Бункер камбайна змяшчае 42 тоны буракоў. Увесь працэс кантралюецца з дапамогай камп’ютара — ён паказвае загружанасць бункера і працу ўсіх сістэм.
— Спадзяюся, пойдзе па маіх слядах, — кажа Сяргей з усмешкай.
У планах — 45 тысяч тон
Адпраўляемся на кукурузнае поле каля вёскі Сталовічы, дзе таксама працуе кормаўборачная тэхніка. Тут вырошчваюць беларускі сорт «Лювена». У планах — закласці 45 тысяч тон кукурузнага сіласу на зіму. Арыентуюцца на спеласць пачатка, бо менавіта зерне дае асноўную энергетычную каштоўнасць корму, — адзначыў галоўны аграном гаспадаркі. Спецыяліст растлумачыў, што тэхналогія закладкі сіласу класічная — траншэі, трамбоўка, накрыццё плёнкай. Так корм захоўваецца да паўтара года.
На кормаўборачным камбайне працуе Аляксандр Уласень, які ўжо 16 гадоў у «Сталовічах-Агра». За сезон жніва працаўнік намалаціў больш за 3000 тон зерня, стаўшы найлепшым камбайнерам гаспадаркі. А сёння, у першы дзень уборкі кукурузы, мужчына перасеў на іншую тэхніку.

Аляксандр прыйшоў у прафесію па прыкладзе бацькі. Цяпер перадае любоў да зямлі сваім сынам — Максіму і Алегу. Абодва хочуць стаць механікамі і працаваць у гаспадарцы. Старэйшы вучыцца ў Жыровіцкім аграрна-тэхнічным каледжы, малодшы, які цяпер у дзявятым класе, таксама збіраецца туды паступаць.
— Гэта нашы кадры, наша будучыня, — з задавальненнем заўважае Аляксандр.
Жыве ён побач са Сталовічамі, у вёсцы Цюкантавічы. Дома — жонка, якая таксама працуе ў гаспадарцы. Сям’я трымае свой агарод, ужо выкапалі бульбу.
— У вёсцы прасцей, — кажа вясковец. — Тут трэба працаваць, але ж гэта наша зямля, якая заўсёды накорміць.
* * *
У гаспадарцы разлічваюць, што ўборка цукровых буракоў будзе завершана да сярэдзіны лістапада. Гэта дазволіць своечасова падрыхтаваць глебу да наступнай сяўбы. Наперадзе — уборка кукурузы на зерне, якая пачнецца не раней за кастрычнік.
У «Сталовічы-Агра» ведаюць: каб вырасціць добры ўраджай, патрэбны не толькі якасныя насенне і тэхніка, але і ўважлівы падыход да кожнай расліны і кожнага чалавека. І менавіта такі падыход дае вынік — і на полі, і на нашым стале.
Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД