Top.Mail.Ru

Паглядзелі, як адаптуюцца працоўныя мігранты ў сельскай гаспадарцы

У справе прыёму на працу замежных спецыялістаў у Беларусі ўлічваюцца і пытанні бяспекі, і жыццёвыя рэаліі. Як неаднойчы каментаваў гэта пытанне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, дзверы краіны адчынены для ўсіх, хто прыехаў сумленна працаваць і паважае нашы законы. Такіх спецыялістаў у калектыве не толькі прымуць з павагай, але і актыўна падтрымаюць. Падчас восеньскага наведвання ААТ «Агра-Ляскавічы» на Гомельшчыне кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Да іх трэба ставіцца як да сваіх людзей. І дзетак навучаць, і лячыць людзей трэба. Па-беларуску: „Кінь наперад, потым знойдзеш“. Таму трэба арыентавацца, асабліва на нашы рэспублікі (былога СССР. — „Зв.“). Гэта ж нашы людзі».


Як пераканалася карэспандэнт «Звязды», станоўчы вопыт працаўладкавання замежных спецыялістаў у гаспадарках Гомельскага раёна ўжо ёсць, і першыя ластаўкі тут сапраўды перажываюць сваю «працоўную вясну».

Па мару за чатыры тысячы кіламетраў...

«Беларусь — гэта дысцыпліна!» — такі адказ атрымліваю, калі прашу Батыра Нурмедава адным словам перадаць, што для яго Беларусь.

Зразумець і ацаніць парадак па-беларуску сын далёкага Туркменістана паспеў у першыя месяцы пераезду ў Беларусь.

Сам ён з некалі вядомага савецкага ваеннага гарадка Кызыл-Арват. Нарадзіўся ў 1978-м, вучыў рускую мову ў школе. І, як сам прызнаецца, на падкорцы, з дзяцінства для яго ўсведамленне: савецкія рэспублікі — адзін вялікі народ. Рускія, беларусы — свае, зразумелыя.

— Марыў знайсці працу ў вас. Рады, што вырашыў прыехаць. Разглядаў у Беларусі прапановы аб вакансіях на прадпрыемствах. Удзячны, што так добра прынялі, — дзеліцца суразмоўца.

Вось ужо амаль дзевяць месяцаў як Батыр — работнік адной з гаспадарак Гомельскага раёна — ААТ «Камбінат «Усход». Працуе аператарам машыннага даення ў МТФ «Чырвонае». У мужчыны вышэйшая адукацыя, на радзіме ў свой час скончыў дзяржінстытут у Ашхабадзе, працаваў машыністам помпавых установак. Але цяпер, на жаль, на радзіме праблемы з працаўладкаваннем. Ён шчыра рады, што атрымаў магчымасць навучыцца новай для сябе прафесіі і працаваць, як сам гаворыць, у выдатных умовах.

— Для мяне гэта новы досвед: усё ж такі з жывёламі ніколі не працаваў. Мне вельмі падабаецца, што ўсё дакладна, зразумела, адладжана — выконваеш свае абавязкі, працуеш, атрымліваеш заробак, павага, увага. Вельмі добрыя ўмовы пражывання ў інтэрнаце: цяпло, гарачая вада, уся тэхніка кухонная — што яшчэ трэба?! Падабаецца, што ўсюды дысцыпліна, — менавіта на апошнім фактары, які ацаніў у гаспадарцы, зноў робіць акцэнт Батыр. — Вядома, вельмі падабаецца дакладны графік і добры заробак за працу.

У Батыра на радзіме — пажылая маці, жонка і трое дзяцей.

— Дочкі вучацца ва ўніверсітэце, сыну хутка ў армію, — расказвае аб тых, хто чакае яго ў Туркменістане, і радуецца, што так добра прынялі на новым месцы. Бо менавіта тут, пад Гомелем, амаль за чатыры тысячы кіламетраў ад дома, мара бацькі сямейства — паставіць на ногі дзяцей, даць годную адукацыю — стала рэальнай.

— Усё ж такі стабільная праца — гэта галоўнае. Расказваю пра Беларусь родным. Мару, што як мага хутчэй мае змогуць прыехаць да мяне, пакажу, якая прыгожая Беларусь. Вашы азёры, лясы — гэта цуд! — Батыр шчыры ў сваім захапленні.

Ён не адзін з Туркменістана працуе на камбінаце. Землякі з розных рэгіёнаў гэтай краіны, але працаваць разам на адным вытворчым участку суайчыннікам было важна.

— Праблем з камунікацыяй у калектыве ў нас няма. Але ўсё ж адсутнасць рускай моўнай практыкі на радзіме першыя месяцы давала аб сабе знаць. Праўда, мясцовыя людзі спагадлівыя і ва ўсім дапамагаюць, — прызнаецца Батыр Нурмедаў і дадае, што паспеў ацаніць: з беларусамі добра не толькі на працы, але і ў выхадныя.

— Імкнёмся выязджаць у горад. Мне асабіста падабаецца вывучаць вашы славутасці, хачу ў музеі ў вас схадзіць. Паспеў нават крыху падарожнічаць па Беларусі: на 9 Мая ўпершыню паглядзеў ужывую парад Вялікай Перамогі ў Мінску, — падзяліўся Батыр. Ён такі шчыры ў рабоце, аднак разгубіўся перад камерай і засаромеўся фатаграфавацца.

«Іх сем’ям — толькі падзяка»

У лютым гэтага года на працу ў гаспадарку пад Гомелем прынялі пяць работнікаў з Туркменістана.

Як адзначае галоўны спецыяліст па ідэалагічнай і кадравай рабоце ААТ «Камбінат «Усход» Марына Балюнова, за гэты час новае працоўнае папаўненне калектыву зарэкамендавала сябе з добрага боку.

— Іх сем’ям адназначна толькі падзяка. Дзякуй за працавітых, адказных мужоў, сыноў. Вельмі акуратныя ў працы. Гэта дарагога варта, — падкрэслівае Марына Віктараўна.

Сёння на сельгаспрадпрыемстве трое работнікаў-туркменаў працуюць аператарамі машыннага даення, адзін — жывёлаводам і адзін — трактарыстам-машыністам. Усе забяспечаны месцамі ў інтэрнаце.

— У нас у гаспадарцы ёсць магчымасць для работнікаў з Туркменістана, як і для ўсіх нашых спецыялістаў, павысіць кваліфікацыю, перайсці на новыя ўчасткі, калі ёсць жаданне. Тым, напрыклад, у каго ёсць пасведчанне на права кіравання трактарам, у перспектыве можна аднавіць веды на практыцы і перайсці ў трактарысты-машыністы, калі будзе вытворчая неабходнасць. Усе зноў прынятыя працаўнікі, дарэчы, у нас абавязкова праходзяць навучанне, замацоўваюцца за больш дасведчанымі кадрамі. Глядзім, як спраўляецца чалавек на сваім месцы. Гэта датычылася і работнікаў з Туркменістана: прайшлі першапачатковае навучанне, пастажыраваліся ў больш вопытных аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, паказалі, што зацікаўлены ў рабоце, прадэманстравалі адказныя адносіны да службовых абавязкаў, — растлумачыла галоўны спецыяліст.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


Паводле інфармацыі Мінпрацы, у нашай краіне працуюць 32 тысячы працоўных мігрантаў, што ў паўтара раза больш, чым годам раней. І многія мэтанакіравана прыехалі працаваць у сельскай гаспадарцы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю