Адным з яркіх момантаў святкавання ў Касцюковічах XXXІІІ Дня беларускага пісьменства сталася прэзентацыя скульптурнай кампазіцыі «Алесь і Алеся».
Яе аўтар — магілёўскі скульптар, член Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Мінькоў. Мы распыталі майстра аб жыцці сучаснага скульптара, творчасці і сям’і.
— Аляксандр Віктаравіч, як нарадзілася ідэя стварэння скульптуры «Алесь і Алеся»?

— Прадстаўнікі мясцовай улады Касцюковіцкага раёна, звярнуўшыся да мяне з замовай, падзяліліся сваім бачаннем скульптуры да XXXІІІ Дня беларускага пісьменства. Адштурхоўваліся ад верша знакамітага ўраджэнца Касцюковіцкага раёна, народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая», які ён прысвяціў сваёй першай любові Алесі Карыткінай і які пазней стаў асновай для знакамітай песні «Алеся» ў выкананні легендарных «Песняроў». Я прапанаваў некалькі эскізаў. Адзін з варыянтаў кампазіцыі спадабаўся больш, яго і ўвасабляў у жыццё. Сваю працу «на старце» я называў «Першае каханне». Але потым яе перайменавалі ў «Алесь і Алеся». Мой галоўны аўтарскі меседж у тым, што першае каханне — заўсёды цуд, і, якім бы ні было, яно назаўжды змяняе людзей, пакідае ў іх сэрцах глыбокі след.
— Гарадская скульптура звычайна абрастае сваёй гісторыяй: нейкімі міфамі, традыцыямі. Ці сочыце вы за гэтым працэсам?
— Не. Завершаная скульптура жыве сваім жыццём, і няхай людзі надзяляюць яе біяграфіяй, ствараюць традыцыі. Я рады, што мае працы ёсць у розных абласцях Беларусі. Гэта мой дар роднай зямлі. І хай яны акажуцца не такімі даўгавечнымі як егіпецкія піраміды, але, калі хтосьці будзе прыходзіць да іх у дні радасці ці смутку, гэта ўжо вялікае шчасце для мастака.
— Натхненне — гэта недазваляльная раскоша для сучаснага скульптара, ці ўсё ж яно мае значэнне, яму знаходзіцца месца і сёння?
— Я кожны дзень малюю эскізы. Нярэдка адчуваю натхненне, развіваю ідэю і здаецца: вось з гэтага можа атрымацца нешта па-сапраўднаму цікавае. Але бывае, што на эмоцыях бярэшся за працу і губіш задуму. Лепш, каб задума выспела, а ўжо потым спакойна брацца за яе ўвасабленне. Калі ўжо пачынаеш ляпіць, то натхненне звычайна адступае, ты дзейнічаеш паводле вызначанага плана, крок за крокам.
— Якая са створаных вамі скульптур найбольш падабаецца вам самому?
— Мабыць, больш за ўсё я задаволены кампазіцыяй «З’яўленне іконы», якую ўсталявалі ў Бялынічах да Дня беларускага пісьменства ў 2020-м годзе. Гэта трохметровы гранітны анёл: яго крылы ўпрыгожаны ўзорам у тэхніцы выцінанкі, ён трымае бронзавы Бялыніцкі абраз Божай маці. Заўсёды, наведваючы тыя мясціны, зазіраю ў царкву ў гонар іконы Божай Маці Бялыніцкай (там, дарэчы, мяне хрысцілі) і з радасцю адзначаю: мая скульптура вельмі арганічна там выглядае і быццам «насычаецца» з часам духоўным жыццём мясцовых жыхароў.
— Аляксандр Віктаравіч, ці лёгка сучаснаму скульптару пракарміць сям’ю, асабліва калі ў ёй трое дзяцей, як у вас?
— Скульптары сёння могуць добра сябе забяспечыць пры ўмове, што ў іх ёсць імя, аўтарытэт і паступае шмат заказаў. Але каб зарабіць імя, патрэбны гады. Канчатковы вынік заўсёды залежыць не толькі ад намаганняў мастака, але ад своечасовага фінансавання, ад таго, наколькі ён будзе адпавядаць уяўленням замоўшчыка, ад тэрміну, у які неабходна ўкласціся, ад матэрыялу. Прызнаюся, рэдка праца ідзе гладка. Асабіста ў мяне бываюць «хлебныя» перыяды, калі заказы паступаюць адзін за адным, а здараюцца і прастоі, калі фінансавых паступленняў няма, і мы ў сям’і жывём на заробленыя раней сродкі.
— Ці не перашкаджае сям’я мастаку?
— Сям’я і творчасць часам цяжка сумяшчальныя. Але канкрэтна мне аднаго мастацтва было б недастаткова для шчасця. Сям’я напаўняе жыццё і творчасць новымі сэнсамі, пачынаеш задумвацца пра рэчы, пра якія раней не думаў. Асабіста я хачу пакінуць пасля сябе не толькі свае працы, але і сваю ДНК. Жадаю працягвацца ў дзецях, унуках, праўнуках.
— У вас трое сыноў. Вы заўсёды хацелі быць шматдзетным бацькам?
— Не. Мы з жонкай планавалі дваіх дзяцей. У мяне ёсць брат, у жонкі — сястра. Мы лічым: аднаму дзіцяці самотна расці. Наш трэці сын Ілья, можна сказаць, атрымаўся «звышплана». Але мы гэтаму рады. Трое нават лепш за дваіх. Мне падабаецца глядзець, як хлапчукі растуць, мяняюцца, узаемадзейнічаюць паміж сабой.
— Якія змены вы ў сабе заўважылі, калі сталі бацькам?
— Зусім перастаў думаць пра сябе, засяродзіўся на думках аб сям’і, дзецях. Адчуў адказнасць за іх. Пасля нараджэння першынца зусім перастаў выпіваць. Наогул, я перакананы: чалавек становіцца дарослым, толькі калі ў яго з’яўляюцца дзеці, калі фокус яго ўвагі пераключаецца з сябе на іх, іх будучыню. Са з’яўленнем нашчадкаў зусім інакш асэнсоўваеш жыццё. Заўсёды відаць, ёсць у чалавека дзеці ці не. Часам мужчыне 40 гадоў, а ён сам як дзіця. Таму што ні за кога не адказвае.

— Вы вучыце сыноў мужчынскім навыкам?
Ці ўмеюць вашыя хлопчыкі, напрыклад, забіць цвік?
— Умеюць. Мы зараз жывём у доме, які я амаль цалкам будаваў самастойна.
І кожны з сыноў прыцягваўся да гэтай справы, пасільна ўдзельнічаў, дапамагаў.
— Некаторыя сучасныя юнакі і дзяўчаты не хочуць ствараць сям’ю, нараджаць дзяцей. Чаму, як вы думаеце?
— Мне складана зразумець, чаму многія людзі так берагуць сваю незалежнасць, так баяцца шлюбу. Магчыма, гэта закончаныя эгаісты. Напэўна, многія не гатовыя да адказнасці за сям’ю. На жаль, нават за свае словы, учынкі далёка не ўсе маладыя ўмеюць адказваць. Думаю, гэтаму трэба ўдзяляць больш увагі ў школе і ў сям’і... Вядома, сямейнае жыццё патрабуе ахвяр. Але якое гэта шчасце, калі прыходзіш пасля працы, і табе насустрач кідаюцца дзеці, віснуць на табе, дурэюць! І няхай ты стомлены, няхай не настолькі фінансава паспяховы, як хацелася б, але цябе дома чакаюць.
Вольга Паклонская, фота прадастаўлена суразмоўцам