Top.Mail.Ru

Падзяка за вернасць справе

Ёсць сярод нас жанчыны, якіх называюць вернымі. Яны не пройдуць міма чужой праблемы, змогуць далікатна прамаўчаць, калі трэба, і рашуча выказацца ў абарону дабра, падтрымаць безабароннага, не сагнуцца перад складанасцямі. Так можна сказаць пра Валянціну Рагоўскую. Больш за 20 гадоў яна ўзначальвала Гомельскі абласны драмтэатр. Пры ёй калектыў атрымаў званне Заслужанага, тры артысты сталі народнымі, пачалі праводзіцца славянскія тэатралізаваныя сустрэчы, зарадзіліся новыя фестывалі ў розных раёнах.


Валянціна Георгіеўна ганарыцца званнем заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь і тым, што стала лаўрэатам спецпрэміі Прэзідэнта ў 2000 годзе, а ў 2012 — пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «За вернасць і адданасць прафесіі». Сваю ж першую ўзнагароду, значок «Выдатнік культуры», атрымала ад міністра культуры СССР Кацярыны Фурцавай, калі яшчэ працавала ў раённым аддзеле культуры.

Кажуць, уменне слухаць — рэдкі дар. Ім шчодра адорана наша гераіня. З людзьмі заўсёды адкрытая, на роўных. Вельмі важныя для яе і царкоўныя ўзнагароды: ордэн прападобнай Ефрасінні Полацкай, ордэн Святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі» .

У гэтым годзе Валянціна Георгіеўна сустракае сваю 92-ю вясну. І сёння яна адчувае ўвагу і дачыненне да тэатра: калі ўзнікне патрэба, гатова дапамагчы, падзяліцца мудрымі развагамі. У горадзе і вобласці багата сведак яе служэння культуры, чалавеку. Ад імя ўсіх нізка схіляюся перад цудоўнай, праўдзівай, таленавітай, вернай жанчынай.

Аляўціна Чайкоўская, 
г. Гомель

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю