Цэнтральнай тэмай мінулага тыдня стаў XІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які сёлета прымалі Мінск і Мінская вобласць. Гэта ўнікальная пляцоўка, якая дазваляе максімальна спрасціць рух нашых краін насустрач адна адной. Бонусы тут не толькі ад афіцыйных сустрэч, але і ад кулуарных стасункаў. А кантракты традыцыйна заключаліся адразу на палях форуму. У спецыяльным выпуску «МС» падрабязна расказваем аб працы тэматычных секцый і асноўных выніках, якія прынёс нашым краінам сёлетні форум.
«Эканоміка — гэта самае галоўнае для нас»
Пра важнасць і аўтарытэтнасць Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі сведчыць пільная ўвага з боку кіраўнікоў нашых дзяржаў. Гэта ўнікальная саюзная пляцоўка паказала, што Беларусі і Расіі ёсць што прапанаваць адна адной і чым дапоўніць узаемадзеянне.
Як неаднаразова адзначае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, эканоміка — гэта самае галоўнае для нас. Ад узроўню яе развіцця, умацавання прамысловага, аграрнага патэнцыялу залежаць дабрабыт грамадзян, бяспека і суверэнітэт нашых краін. А на міжрэгіянальных сувязях трымаецца інтэграцыя. «Менавіта рэгіёны фарміруюць тую матэрыяльную аснову, якая робіць Саюзную дзяржаву жыццяздольнай і ўстойлівай да знешніх выклікаў», — заявіў Прэзідэнт у відэазвароце да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Другі дзень работы форуму быў цалкам прысвечаны эканоміцы. Як прыбраць пакінутыя бар’еры і запусціць новыя сумесныя праекты — гэтыя пытанні Старшыня Савета Рэспублікі і кіраўнік Савета Федэрацыі абмяркоўвалі за круглым сталом з кіраўнікамі мясцовых органаў улады і губернатарамі. Спікеры сышліся ў меркаванні: гарызантальныя сувязі працуюць эфектыўна, паміж краінамі дзейнічаюць 89 міжурадавых пагадненняў.
Аб’ём заключаных кантрактаў перавысіў 1,7 мільярда беларускіх рублёў
Як адзначаў па выніках старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Раман Бродаў, у ходзе секцыйных пасяджэнняў прагучала амаль 160 дакладаў, і ў развіццё іх тэматыкі — не менш за 150 разгорнутых каментарыяў. «Калі іх выбудаваць у адзін часавы шэраг, атрымаем амаль 24 гадзіны якасных ідэй, прапаноў, ініцыятыў. І, як часта гаворыць наш Прэзідэнт, ініцыятыва — гэта жыццё. Нам удалося ўзяць вельмі высокую планку ў змястоўнай частцы форуму. Паводле сціплых ацэнак, абмеркаваннямі было ахоплена не менш за палову нашага двухбаковага саюзнага парадку дня. І, паводле слоў саміх удзельнікаў, самым дэфіцытным рэсурсам аказаўся вольны час. На некаторых секцыях фактычная колькасць жадаючых выступіць у 2,5 раза перавысіла колькасць тых, хто быў прадугледжаны пачатковым рэгламентам», — прывёў цікавую статыстыку сенатар.
«Эканоміка не любіць гучных слоў. Яна любіць вынік», — заўважыў Раман Бродаў. Ключавым вынікам форуму стала значнае нарошчванне дагаворнай базы міжрэгіянальнага і камерцыйнага супрацоўніцтва. Аб’ём заключаных кантрактаў перавысіў 1,7 мільярда беларускіх рублёў. Гэта амаль у два разы больш за вынікі папярэдняга форуму. Агульная колькасць кантрактаў дасягнула 220. У ходзе ўсіх пасяджэнняў было падпісана амаль 90 пагадненняў, мемарандумаў і дагаворных дакументаў.
Пазіцыі саюзнага патэнцыялу
У ходзе секцый сумесны патэнцыял быў разгледжаны з пяці пазіцый, як адзначыў Раман Бродаў. Першая — эканоміка і ўмацаванне тэхналагічнага суверэнітэту праз прызму стратэгічных кірункаў у прамысловасці і навукова-тэхналагічнай сферы. Асаблівы акцэнт быў зроблены на развіцці новага інструмента — «тавар Саюзнай дзяржавы».
Другая — забеспячэнне харчовай бяспекі і збалансаванае развіццё АПК, на якім абмяркоўвалася ўзаемадзеянне паміж прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу абедзвюх дзяржаў.
Трэцяя — міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, якое абмяркоўвалася на самай шматлікай па колькасці ўдзельнікаў секцыі. І такая цікавасць цалкам абгрунтаваная: эканоміка заўсёды пачынаецца з зямлі. Кантрольныя органы Беларусі і Расіі абмяркоўвалі правядзенне ацэнак выкарыстання патэнцыялу рэгіёнаў.
Чацвёрты блок пытанняў датычыўся ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі па гуманітарных аспектах. Удзельнікі секцый падтрымалі развіццё механізмаў дыстанцыйнага ўзаемадзеяння паміж медыцынскімі цэнтрамі Беларусі і Расіі. Знойдзены сумесныя рашэнні ў сферы турызму.
Пяты блок — маладзёжны парадак дня. Форум становіцца маладзейшым, і калі на пляцоўках, дзе абмяркоўваюцца перспектыўныя праекты, даводзіцца шукаць вольнае месца, будучыня Саюзнай дзяржавы ўяўляецца больш упэўненай.
«Трывалы канат супрацоўніцтва рэгіёнаў»
Добрай традыцыяй форуму з’яўляецца правіла ўключаць у праграму мерапрыемства, якое праводзіцца ўпершыню. Гэтым разам такім стала першае пасяджэнне Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы.
«Прыемным момантам форуму стала цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу „Найлепшыя тавары Беларусі на рынку Расіі“. У рамках форуму таксама адбылася экспертная сесія на тэму „Саюзная дзяржава — тэрыторыя развіцця“, якая аб’яднала больш за 70 экспертаў з дзвюх краін. Традыцыйнае ўпрыгожванне форуму — выстаўка-кірмаш. Абноўлены фармат з акцэнтам на рэгіёны дазволіў аб’яднаць 170 вытворцаў Беларусі і Расіі», — канкрэтызаваў сенатар.
Асабліва ён адзначыў атмасферу. Яе нельга апісаць або ўнесці ў справаздачу. Але менавіта яна часта вызначае вынік. Паводле слоў старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі, форум паказаў, што галоўным капіталам беларуска-расійскага супрацоўніцтва, безумоўна, з’яўляецца давер.
«Ніякія сучасныя тэхналогіі не могуць замяніць асабістую размову. Кожная сустрэча, кожнае выступленне, кожны кантакт — гэта як новая злучальная нітка, а ўсе разам яны сплятаюцца ў трывалы канат супрацоўніцтва нашых рэгіёнаў», — рэзюмаваў Раман Бродаў.
Аднак форум — гэта не толькі перагаворныя залы. Уся экспазіцыйная плошча Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра BELEXPO ператварылася ў маштабную вітрыну дасягненняў — прамысловыя гіганты і аграхолдынгі, інавацыйныя стартапы і турыстычныя брэнды... Гэта была ўнікальная магчымасць для кожнага рэгіёна паказаць свой эканамічны профіль і знайсці партнёра для кааперацыі.
XІV Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў 2028 годзе прымуць Смаленск і Смаленская вобласць.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА і Лізаветы ГОЛАД