Адыходзячы 2025-ы зноў паказаў, што беларускі спорт упэўнена, энергічна і імкліва ідзе наперад, беручы новыя вяршыні і пераадольваючы штучныя цяжкасці, якія сустракаюцца на шляху.
Адыходзячы 2025-ы зноў паказаў, што беларускі спорт упэўнена, энергічна і імкліва ідзе наперад, беручы новыя вяршыні і пераадольваючы штучныя цяжкасці, якія сустракаюцца на шляху.
Нам вельмі прыемна сёння, падводзячы вынікі гэтага спартыўнага года, усведамляць, што на планеце цяпер не так шмат краін, якія з асаблівай павагай і шанаваннем ставяцца да сваіх атлетаў так, як мы, беларусы. Гэта яшчэ раз пацвердзіў святочны вечар, што адбыўся ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Рэспублікі Беларусь, дзе былі названы лаўрэаты спартыўнага 2025 года.
Напэўна, не будзе перабольшваннем сказаць, што ўсё наша спартыўнае сузор’е мае адно жаданне — каб алімпійскі спорт вярнуў сабе ўсе тыя прынцыпы, якія былі закладзены калісьці ў яго аснову.
І падставы для гэтага сёння ёсць. Галоўнае — беларускі спорт паступова вяртаецца на міжнародную арэну пасля незаконных санкцый, асабліва ў індывідуальных відах, дзе спартсмены выступаюць пакуль пад нейтральным статусам. Ёсць таксама пазітыўныя зрухі ў камандных відах спорту: маладзёжныя зборныя па валейболе дапускаюцца да турніраў з 2026 года. Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гандбола Хасан Мустафа ў сваім лісце паведаміў, што зборныя Беларусі розных узростаў могуць у найбліжэйшай перспектыве зноў пачаць выступленні на міжнародных турнірах.
Такім чынам, федэрацыя афіцыйна пацвердзіла, што рыхтуе паэтапнае зняцце абмежаванняў і вяртанне беларускай і расійскай зборных на міжнародны ўзровень.
Чакаецца, што і Еўрапейская канфедэрацыя валейбола (CEV) у найбліжэйшы час прыдумае рашэнне для ўсіх праблем, якія пакуль спадарожнічаюць вяртанню нашых зборных.
...У 2025-м мы ўбачылі шмат беларускіх перамог, адкрылі новыя спартыўныя комплексы, як невялікія — у рэгіёнах, — так і маштабныя, падобныя да Нацыянальнага футбольнага стадыёна, — усё гэта дапамагла зрабіць беларуская дзяржава. Мы адзначылі 30-годдзе з дня стварэння Міністэрства спорту і турызму Беларусі, што дало магчымасць азірнуцца на ўсе перыяды вялікай спартыўнай гісторыі, якая налічвае ўжо 102 гады, а таксама яшчэ раз успомнілі, што ў 90-я гады маглі ўсё гэта страціць, упусціць. На шчасце, не страцілі.
Яркая цырымонія вынікаў года Нацыянальнага алімпійскага камітэта вызначыла пяць галоўных асоб нашага спорту, трэнерскіх і камандных дасягненняў.
«Прарыў года» — гэта беларускі прадстаўнік у Кантынентальнай хакейнай лізе. Мінскае «Дынама» не толькі дабілася сёлета найвышэйшага выніку ў гісторыі, узначаліўшы ў канцы снежня турнірную табліцу Заходняй канферэнцыі КХЛ, але і цэлы год збірала аншлагі, прычым не толькі на Мінск-Арэне, але і далёка ад дома.
«Камандай года» стала бліскучая мужчынская зборная па скачках на батуце, якая адкрыла новыя імёны, а «Трэнерам года» заслужана прызналі Вольгу Уласаву. Дарэчы, узнагароду ёй уручылі другі год запар: такое пакуль не ўдавалася больш нікому.
У 2025 годзе падапечныя Уласавай на сусветным форуме ў іспанскай Памплоне заваявалі чатыры ўзнагароды, тры з якіх — залатыя: Іван Літвіновіч, Себасцьян Станкевіч і Андрэй Буйлоў занялі першае месца ў камандных спаборніцтвах у мужчын; Андрэй Буйлоў і Іван Літвіновіч сталі чэмпіёнамі ў сінхронных скачках.
Біятланіст Антон Смольскі так пракаментаваў атрыманне Прэміі НАК Беларусі ў намінацыі «Найлепшы спартсмен»: «Было хвалюючае чаканне, і для мяне было нечакана, што менавіта я перамог у гэтай прэміі, — сказаў Антон, атрымліваючы ўзнагароду. — І зноў жа, гэта вялікі гонар быць уладальнікам такой прэміі. У прынцыпе, шмат добрых спартсменаў вартыя гэтай прэміі не менш, чым я. Год 2025-ы асабіста для мяне поўны перамог, розных эмоцый, у асноўным пазітыўных. Шмат атрымаў задавальнення ад праведзенай работы. І зноў жа, знаходжуся ў кампаніі такіх жа энтузіястаў і фанатаў, якія падганяюць адзін аднаго сваёй стараннасцю, сваёй матывацыяй. Гэта вельмі важна, бо, як кажуць, адзін у полі не воін, гэтак жа і ў біятлоне», — сказаў Смольскі.
Найлепшай спартсменкай стала наша славутая мастацкая гімнастка Аліна Гарнасько, якая знаходзіцца ў росквіце спартыўнай кар’еры. У 2025-м Гарнасько заваявала «золата» на Універсіядзе ў Германіі, узяла адразу некалькі ўзнагарод на этапах Кубка свету і Кубка Выкліку, стала найлепшай на прэстыжных міжнародных турнірах у Мінску, Маскве, Дубаі і Пекіне, а таксама перамагала на клубных чэмпіянатах Францыі і Іспаніі.
Тым не менш ёсць у асяроддзі балельшчыкаў версія, што ўзнагароду магла б атрымаць Арына Сабаленка, якая ўвесь год правяла ў статусе найлепшай тэнісісткі свету. Яна — першая ракетка свету. 63 тыдні запар!
...Складана вызначыць найлепшых, калі беларускі спорт нават у эпоху брудных санкцый упэўнена стаіць на нагах і ўвесь час ідзе ўверх, а гэта праца вялікай колькасці людзей. Не толькі ўласна спартсменаў, але і каласальных намаганняў трэнераў, медыцынскіх работнікаў, псіхолагаў і ўсіх тых, хто заўсёды побач.
Дзякуючы іх старанню, цяпер у беларусаў ужо чатыры алімпійскія ліцэнзіі, што яшчэ пару месяцаў таму падавалася фантастыкай.
Улічваючы, што ў 2026-м чакаецца вяртанне многіх беларускіх спартсменаў на міжнародныя спаборніцтвы, канкурэнцыя за ўзнагароды будзе яшчэ больш вострая.
Бо зусім хутка заўзятараў чакае зімовая Алімпіяда ў Італіі...
Тым цікавей будзе паглядзець, хто ж стане найлепшым праз год.
Анатоль СЛАНЕЎСКІ.