У Год добраўпарадкавання поўнасцю праведзены мерапрыемствы па рэгуляванні баршчэўніка Сасноўскага — адной з самых агрэсіўных інвазіўных раслін. Як адзначыла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна ЖАЛЯЗНОВА, было запланавана апрацаваць крыху больш за 5 тысяч га, а апрацавана звыш 6 тысяч га (з улікам паўторнай апрацоўкі).
— Па інвазіўнасці лідарамі з’яўляюцца Віцебская (першае месца) і Мінская (другое) вобласці. Гэта звязана з перамяшчэннем насення з найбліжэйшых тэрыторый. На Брэстчыне месцы росту баршчэўніка поўнасцю ліквідаваны яшчэ ў 2024 годзе. Сёлета працягваецца маніторынг гэтых месцаў. Насенне баршчэўніка захоўвае ўсходжасць
да 12 гадоў, таму патрэбны пастаянны кантроль для аператыўнай апрацоўкі.
У Год добраўпарадкавання таксама былі запланаваны мерапрыемствы па ліквідацыі буравых свідравін па здабычы падземных вод, якія не падлягаюць выкарыстанню.
— Гэта штогадовая работа ў рамках навядзення парадку на зямлі. Ліквідацыя важная, каб не забруджваць падземныя воды. Сёння ліквідавана 346 такіх свідравін. Усяго ў краіне іх 1064, у наступным годзе работа працягнецца, — расказала прадстаўнік Мінпрыроды і нагадала пра яшчэ адзін важны кірунак Года добраўпарадкавання — рэкультывацыю адпрацаваных унутрыгаспадарчых кар’ераў. Так, на кастрычнік іх рэкультывавана 222. Работы вяліся на плошчы звыш 200 га. Усяго ў Беларусі 832 такія кар’еры.
Шмат увагі ў рамках Года добраўпарадкавання таксама ўдзялілі ачыстцы паверхневых водных аб’ектаў. Напрыклад, у Мінскай вобласці пры падрыхтоўцы зон масавага адпачынку навялі парадак на пяці вадатоках і 13 вадаёмах у Вілейскім, Дзяржынскім, Клецкім, Крупскім, Любанскім, Салігорскім, Стаўбцоўскім, Чэрвеньскім і Уздзенскім раёнах. Былі выдалены небяспечныя і патанулыя дрэвы, праведзена ачыстка дна ад глеістых адкладаў, санітарнае абразанне дрэў і кустоў, абкос воднай расліннасці і іншае.
— У 2025 годзе ў Мінскай вобласці, згодна з рэспубліканскім планам мерапрыемстваў па правядзенні Года добраўпарадкавання, былі ўладкаваны крыніцы ў Бярэзінскім, Дзяржынскім, Клецкім, Нясвіжскім, Стаўбцоўскім і Уздзенскім раёнах. Так, у Дзяржынскім раёне ў адзіным стылі з астатнімі крыніцамі абсталявана Юцкаўская крыніца: устаноўлены каваныя альтанка і ўваходная група, металічны плот, прыступкі, інфармацыйныя таблічкі, абсталявана пляцоўка для зручнага набору вады і латкі з нержавеючай сталі, добраўпарадкавана стаянка для аўтамабіляў, — расказалі ў Мінскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Александрына ПАРШЫНА.