Top.Mail.Ru

Падведзены вынікі работы ў сферы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі ў 2025 годзе

У маі мінулага года Кіраўнік дзяржавы правёў пашыраную нараду па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстанні другасных матэрыяльных рэсурсаў. У выніку ўраду быў накіраваны шэраг даручэнняў па прадухіленні ўтварэння адходаў, змяншэнні іх аб’ёмаў і максімальным уключэнні ў гаспадарчы абарот.

Аб выніках 2025 года і планах на 2026-ы ў сферы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі расказалі сёння ў сталіцы ўдзельнікі адпаведнай прэс-канферэнцыі.

У першую чаргу работа ў сферы адходаў у 2025 годзе датычылася ўдасканалення адпаведнага заканадаўства. Так, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя быў падрыхтаваны праект закона, які прадугледжвае перадачу гэтаму ведамству функцый па каардынацыі дзейнасці ў сферы другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Для забеспячэння аўтаматызаванага ўліку камунальных адходаў, а таксама дакладнасці і даступнасці інфармацыі аб бягучым стане сістэмы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА) і перспектывах яе развіцця створана АІС «Адходы». Распрацавана канцэпцыя развіцця інфраструктуры для сартавання ЦКА, зацверджана Стратэгія па абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання ў Рэспубліцы Беларусь.

— Стратэгія накіравана на стварэнне эфектыўнай сістэмы абыходжання з адходамі з адзінай глабальнай мэтай — забяспечыць да 2040 года ўзровень выкарыстання як адходаў вытворчасці, так і адходаў спажывання не менш як 90 %, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Максім ТАРАСАЎ.

Выкананне задач стратэгіі будзе адбывацца ў тры этапы. Першы этап — да 2030 года. Да гэтага часу ўзровень выкарыстання адходаў вытворчасці (без уліку буйнатанажных адходаў) павінен быць 90 %, а ЦКА — 70 %.

Стратэгія прадугледжвае вызначэнне адзінага органа, які каардынуе дзейнасць па абыходжанні з адходамі, а таксама ўключае пералікі: віды прадукцыі, пры вытворчасці якой неабходна выкарыстоўваць ДМР; віды прадукцыі і тавараў, вырабляць якія не дапускаецца з-за складанасці (немагчымасці) перапрацоўкі іх інгрэдыентаў, і інш. Акрамя таго, у рамках рэалізацыі стратэгіі зацверджана праграма распрацоўкі дзяржаўных стандартаў у галіне ўстанаўлення патрабаванняў да ўпакоўкі, якія забяспечваюць магчымасць яе перапрацоўкі пасля страты спажывецкіх уласцівасцяў.

— Калі параўнаць з 2020 годам, то ўзровень выкарыстання ЦКА вырас на 23,9 %. Сабрана і ўцягнута ў гаспадарчы абарот 245 тыс. т ДМР. Практычна ўвесь гэты аб’ём накіраваны на перапрацоўку. Выключэнне складае мінімальны працэнт моцна забруджаных пластыкаў, якія плануецца адправіць у энергетычнае выкарыстанне ў складзе RDF-паліва, — расказала дырэктар ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Аксана ГАЙДУК.

У 2025 годзе аб’ём выкарыстання арганікі склаў 704 тыс. т, вынята і накіравана на вытворчасць RDF-паліва больш як 6 тыс. т высокакаларыйных кампанентаў з незапатрабаваных адходаў упакоўкі. Дасягненню такіх паказчыкаў садзейнічала планамерная работа арганізацый ЖКГ на працягу года. У прыватнасці, вялікая ўвага была ўдзелена своечасоваму і якаснаму аказанню паслугі па абыходжанні з ЦКА, зніжэнню колькасці прэтэнзій грамадзян на якасць паслуг. Так, у цэлым па краіне колькасць скаргаў у параўнанні з 2024 годам скарацілася на 30 %.

— У Беларусі працуюць 10 смеццеперапрацоўчых заводаў (у Брэсце, Баранавічах, Віцебску, Наваполацку, Оршы, Гомелі, Гродна, Бабруйску, Магілёве, Мінску) і 73 лініі сартавання. За 2025 год на аб’ектах сартавання апрацавана 826 тыс. т ЦКА, з якіх дадаткова вынята 75 тыс. т ДМР, —макулатура, шклабой, адходы пластмас. Гэта дазволіла ў значнай меры выключыць іх пахаванне на палігонах і накіраваць на перапрацоўку, — растлумачыла Аксана Гайдук.

Да таго ж, у мінулым годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю тры новыя смеццесартавальныя заводы ў Бабруйску, Наваполацку і Мінску (сумарная магутнасць — 780 тыс. т у год). Будуюцца комплексы ў Гомелі і Ваўкавыскім раёне. Завершаны праектныя работы для рэгіянальных аб’ектаў Пінскай і Пухавіцкай зон абслугоўвання.

Для павышэння ўзроўню выкарыстання ЦКА да 70 % да 2030 года плануецца прадоўжыць работу па ўдасканаленні сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі, уключаючы іх раздзельны і кантэйнерны збор. Будуць пабудаваны сем заводаў па сартаванні і выкарыстанні ЦКА, у тым ліку ў Гомелі і Ваўкавыску. Таксама запланавана стварэнне (рэканструкцыя) станцый сартавання і пунктаў дасартавання ЦКА ў Жлобіне і Светлагорску, будаўніцтва пляцовак для кампаставання арганікі (харчовых адходаў, раслінных рэшткаў і адходаў ад прыборкі азялененых тэрыторый) і цэнтраў па раздзельным зборы ЦКА і г. д.

Александрына ПАРШЫНА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю