Top.Mail.Ru

Падведзены вынікі конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава»

За сапраўдныя каштоўнасці

21 кастрычніка ў Мінску ўзнагародзілі пераможцаў XV Рэспубліканскага творчага конкурсу «Моцная сям’я — моцная дзяржава». За цыкл тэматычных публікацый калектыў «Звязды» стаў адным з яго пераможцаў у намінацыі «Лепшыя матэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ». Усяго на конкурс сёлета былі пададзены 73 заяўкі ад 53 рэдакцый і выдавецтваў. Сімвалічна, што яго вынікі былі падведзены падчас Тыдня бацькоўскай любові і ў Дзень бацькі.

Як падкрэсліў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ, тэма сям’і і сямейных адносін справядліва заслугоўвае, каб пра яе памяталі і гаварылі.

— У нашай краіне сям’ю заўсёды шанавалі і шануюць. Сямейныя каштоўнасці — гэта тое, што надзейна цэментуе духоўныя і маральныя асновы беларускага грамадства, беларускай дзяржаўнасці. Многае зроблена і робіцца ў нашай краіне для развіцця інстытута паўнацэннай і моцнай сям’і, — адзначыў Дзяніс Езерскі.

Не застаюцца ў баку і журналісты, работа якіх у многім задае трэнды ў грамадстве на вялікую сям’ю. Дзяніс Езерскі паведаміў, што з кожным годам колькасць работ, якія падаюць на конкурс «Моцная сям’я — моцная дзяржава», павялічваецца, а іх якасць — паляпшаецца. Усё гэта сведчыць пра тое, што беларусы дбаюць пра будучыню, прадаўжэнне свайго роду, а значыць і сваёй краіны.

Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ звярнула ўвагу, што грамадская арганізацыя заўсёды акцэнтуе сваю дзейнасць па захаванні сям’і і сямейных каштоўнасцяў на моладзі.

— Мы разумеем, што каштоўнасці, якімі мы сёння падзелімся з маладымі людзьмі, пойдуць з імі па жыцці, а значыць, род беларусаў будзе працягвацца на нашай зямлі, таму гэта так важна, — адзначыла Вольга Шпілеўская, дадаўшы, што сёння сацыяльныя сеткі і традыцыйныя СМІ павінны распаўсюджваць трэнд на тое, што быць маці і татам модна, таксама як і мець моцную сям’ю.

Падводзячы вынікі Тыдня бацькоўскай любові, Вольга Шпілеўская ўдакладніла, што да яго падключылася ўся краіна, а ўсе грамадскія аб’яднанні праводзілі шэраг мерапрыемстваў. Было шмат намаганняў накіравана на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу: шматдзетным сем’ям, сацыяльна-педагагічным цэнтрам, хтосьці дапамагаў пажылым людзям.

— Мы разумеем, што ў сацыяльна-педагагічных цэнтрах знаходзяцца тыя дзеткі, якіх крыху падвялі дарослыя. Нам хочацца паказаць, што, нягледзячы на тое, што бацькі сябе не зусім правільна павялі, ёсць іншыя дарослыя, якія могуць пра іх паклапаціцца. Важна ўзгадаць і пра пажылых бацькоў, дзядуль і бабуль, якім таксама патрэбны клопат і ўвага, — падкрэсліла Вольга Шпілеўская.

Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга ВАСІЛЕЎСКАЯ падкрэсліла, што ў нашай краіне выбудавана дзейная дзяржаўная палітыка падтрымкі сям’і, якая выхоўвае дзяцей, і яна датычыцца ўсіх сфер жыццядзейнасці. Пры гэтым яна пастаянна ўдасканальваецца. У прыватнасці, цяпер разглядаецца пытанне зрабіць бацькоўскі водпуск, які тата можа атрымаць на 14 дзён пасля нараджэння дзіцяці, аплатным.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара Іванчыкава

Чытайце таксама: У Мінску прайшоў фінал конкурсу «Краса Беларусі-2025»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю