«Мне ўдвая прыемна ў гэтае свята ўручыць вам заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды. Таму што Дзень маці — гэта сімвал бясконцай любові, пяшчоты і клопату. Менавіта мама з’яўляецца крыніцай сілы і натхнення для свайго дзіцяці. Менавіта мама вучыць любіць Радзіму, быць сумленным і справядлівым, паважаць старэйшых і дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Яе ўрокі і запаветы дапамагаюць нам у самыя адказныя і часам лёсавызначальныя моманты нашага жыцця».
Кіраўнік урада падкрэсліў, што падтрымка сем’яў з дзецьмі, здароўе маці і дзіцяці былі і застаюцца найважнейшымі прыярытэтамі сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. «Ствараюцца камфортныя ўмовы для жыцця і выхавання дзяцей: будуецца жыллё, дзіцячыя сады і школы, медыцынскія ўстановы. Павышаецца якасць і даступнасць адукацыі, медыцынскай дапамогі, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Сёння ў гэтай зале сабраліся мамы, якія дасягнулі значных вынікаў не толькі ў выхаванні дзяцей, але і ў прафесійнай дзейнасці ў розных галінах. Узорным служэннем справе вы паказваеце прыклад сваім дзецям».
Асаблівыя словы павагі і захаплення Прэм’ер-міністр Беларусі выказаў шматдзетным мамам. «Кожная з вас — сапраўдная гераіня! Маленькія беларусы растуць дзякуючы вашым надзейным рукам і дабрыні сэрцаў. Неацэнны ваш уклад ва ўмацаванне сямейных традыцый і выхаванне годных грамадзян краіны. Ад вашага клопату залежыць не толькі дабрабыт вашай сям’і і дзяцей, але і будучыня нашай краіны», — сказаў Аляксандр Турчын.
Кіраўнік урада павіншаваў жанчын са святам, пажадаў здароўя, дабрабыту ім і іх сем’ям: «Хачу пажадаць нам усім мірнага неба над галавой, — сказаў ён. — Каб мы як мага часцей збіраліся па такіх выдатных нагодах».
За нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей ордэнам Маці была ўзнагароджана настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 72 Гомеля Ганна Шклярава. «Неацэнная тая падтрымка, якая адчуваецца не толькі ад нашых вялікіх сем’яў, але і на такім высокім узроўні, — адзначыла яна. — Упэўнена, кожны прыкладзе максімум намаганняў для развіцця нашай любімай Беларусі. Мацярынскі абавязак — выхаваць годных грамадзян краіны, прывіць любоў да Радзімы. Кожная сям’я ўнікальная. Гэта шэдэўр, які ствараем мы самі, а сям’я, у якой шмат дзяцей, — гэта залог нашай будучыні».
Ганна Шклярава — маці дваіх сыноў і трох дачок. Старэйшаму ўжо споўнілася 18 гадоў, вучыцца ў ВНУ, малодшая толькі пайшла ў дзіцячы сад. Паводле слоў гамяльчанкі, дапамога шматдзетным сем’ям у Беларусі аказваецца каласальная. Акрамя таго, што выплачваюцца дапамогі па доглядзе дзіцяці, дзеці могуць хадзіць бясплатна на гурткі і секцыі. Аказваецца падтрымка і ў падрыхтоўцы да школы. У многіх магазінах прадастаўляецца зніжка. «Мае дзеці разумнікі, імі ганаруся. Добра вучацца, ведаюць, што без працы нічога не атрымліваецца. У спорце ёсць пэўныя дасягненні. Вельмі прыемна, што роля маці ацэньваецца так высока», — адзначыла Ганна Шклярава.
Медалём «За працоўныя заслугі» ўзнагароджана намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Ганна Землянухіна. «На дзяржаўнай службе ўжо больш за 25 гадоў, восем — узначальваю сацыяльную сферу раёна, — паведаміла яна. — Задачы, якія стаяць і ў адукацыі, і ў ахове здароўя, у культуры, спорце, у галіне сацыяльнай абароны, вельмі шматпланавыя — на варце інтарэсаў людзей. Вельмі адказная работа і добры калектыў, каманда, якая сёння робіць часам нават практычна немагчымае. Ганарымся тым, што за апошнія гады ў нас вельмі сур’ёзна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база сацыяльнай сферы. У канцы 2019 года пабудавалі новую бальніцу, у мінулым — новую школу. Выканалі капітальныя рамонты школ, устаноў аховы здароўя. Гэта сапраўды дарагога варта. Самае важнае — удзячныя дзяржаве за тое, што наша праца адзначана такой высокай узнагародай. Гэта матывуе на новыя дасягненні».
Медаль Францыска Скарыны ўручана артыстцы балета Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча Ірыне Данілюк. У калектыве яна працуе з 1998 года. «Калі даведалася аб узнагароджанні, мяне перапаўнялі пачуцці гонару і радасці, — прызналася яна. — Мне як маме двух выдатных сыноў прыемна атрымаць узнагароду менавіта сёння. Прывыкла заўсёды працаваць, быць у рэсурсе, быць важнай, неабходнай, запатрабаванай, перадаваць вопыт маладому пакаленню, укладваць, ствараць і ад гэтага атрымліваць задавальненне. Па сумяшчальніцтве працую рэпетытарам па балеце, таксама з‘явілася новая сфера — пастаноўшчык нумароў. Не стаім на месцы, развіваемся, рухаемся наперад».
Усяго дзяржузнагародамі ў Дзень маці было адзначана больш за 50 чалавек.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА