Нездарма кажуць: рыхтуй сані летам. Гэту народную мудрасць добра засвоілі адказныя за тое, каб у нашых дамах і розных установах зімой была камфортная тэмпература. Комплекс арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў ахоплівае ўсю неабходную інфраструктуру і прадпрыемствы паліўнага комплексу. Па словах прадстаўнікоў профільных ведамстваў, падрыхтоўка вядзецца згодна з зацверджанымі графікамі, глабальных праблемных пытанняў не ўзнікае. Ёсць адпаведная пастанова Савета Міністраў.
Пашпарты гатоўнасці
Намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер дзяржаўнай установы «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд» Аляксандр ГУЛЕВІЧ паведаміў, што загадзя былі складзены графікі рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў да работы ў асенне-зімовы перыяд, яны зацверджаны выканаўчымі камітэтамі. Прадугледжаны шэраг арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. У прыватнасці, неабходна выканаць тэхнічнае абслугоўванне і рамонт энергетычных установак цеплавых і электрычных сетак, праверыць працаздольнасць аўтаномных крыніц энергазабеспячэння, стварыць аварыйны запас матэрыялаў і запасных частак. Акрамя таго, праводзяцца гідраўлічныя выпрабаванні і прамыўка цеплаўстановак, аднаўленне ізаляцыі трубаправодаў, электрафізічныя вымярэнні і выпрабаванні абсталявання, тэхнічнае абслугоўванне газаправодаў у шматкватэрных жылых дамах, праверка і прывядзенне ў належны стан дымавых і вентыляцыйных каналаў.
Усяго па краіне рэгістрацыі падлягаюць 28 018 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і 10 500 ведамасных цеплакрыніц. На сёння ўжо зарэгістравана 39 % пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і 31 % пашпартоў цеплакрыніц. Лідарамі па тэмпах рэгістрацыі з’яўляюцца Гомельская і Магілёўская вобласці.
— Усе падрыхтоўчыя работы павінны быць завершаны да 20 верасня, а пашпарты гатоўнасці зарэгістраваны да 30 верасня, за выключэннем асобных выпадкаў. Глабальных праблемных пытанняў у цэлым няма, — падкрэсліў Аляксандр Гулевіч.

Пад асаблівым наглядам
Начальнік упраўлення нагляду за бяспекай абсталявання, якое працуе пад ціскам, і цеплавых электрастанцый Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Васіль ЛЕСНІЧЭНКА нагадаў, што падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона з’яўляецца штогадовым планавым мерапрыемствам, якое праводзіцца пры ўзаемадзеянні суб’ектаў гаспадарання з дзяржаўнымі органамі, органамі нагляду і кантролю. Ён адзначыў, што патрабаванні да падрыхтоўкі кацельняў і кацельнага абсталявання ў параўнанні з папярэднімі гадамі не змяніліся. Дэпартамент ажыццяўляе кантроль і выдае заключэнні аб гатоўнасці ацяпляльных кацельняў магутнасцю больш за 200 кілават незалежна ад магутнасці ўстаноўленых у іх катлоў.
Асноўная ўвага пры правядзенні кантролю ўдзяляецца своечасоваму тэхнічнаму агляду і дыягнаставанню абсталявання, спраўнасці кантрольна-вымяральных прыбораў, сістэм водападрыхтоўкі, а таксама наяўнасці кваліфікаваных спецыялістаў і абслугоўваючага персаналу.
Пад кантроль падпадаюць 5252 кацельныя, якія належаць 1966 суб’ектам гаспадарання. На сёння ўжо абследавана 2620 кацельняў, што складае каля 50 % ад іх агульнай колькасці. Найбольш высокія паказчыкі па пацвярджэнні гатоўнасці дэманструюць Гомельская вобласць, дзе адпаведныя працэдуры прайшлі каля 60 % кацельняў, а таксама Брэсцкая і Віцебская вобласці — каля 50 %.
— Работа па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду для нашага ведамства з’яўляецца прыярытэтнай і будзе працягнута, — канстатаваў Васіль Леснічэнка.
Аб’екты высокага напружання
Пра падрыхтоўку энергааб’ектаў да работы ў асенне-зімовы перыяд 2026/2027 года расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДВА «Белэнерга» Міхаіл ШЭВАЛДЗІН. Паводле яго слоў, у аб’яднанні таксама зацверджаны неабходныя арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне надзейнага і ўстойлівага электразабеспячэння спажыўцоў. Выдадзены адпаведныя загады, створаны часовыя рабочыя групы па забеспячэнні рацыянальных рэжымаў цеплазабеспячэння і эканомным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў, дзейнічаюць камісіі па праверцы гатоўнасці філіялаў.

На 2026 год запланаваны капітальны рамонт 27 энергетычных катлоў, 16 турбін, васьмі водагрэйных і дзевяці паравых катлоў. На сёння рамонт ужо завершаны на 21 адзінцы абсталявання, яшчэ 26 праходзяць капітальны рамот. Акрамя таго, сярэдні рамонт запланаваны на 50 адзінках цеплатэхнічнага абсталявання. На 16 аб’ектах работы ўжо завершаны, яшчэ 18 знаходзяцца ў працэсе рамонту.
У частцы электратэхнічнага абсталявання прадугледжаны капітальныя рамонты 12 генератараў, двух сілавых трансфарматараў, сямі высакавольтных выключальнікаў, а таксама комплексны рамонт 161 падстанцыі напружаннем ад 35 да 110 кілавольт. На сёння завершаны рамонт 34 адзінак абсталявання, яшчэ на 113 адзінках ён працягваецца. Выкананы таксама бягучы рамонт ліній электраперадачы ўсіх класаў напружання агульнай працягласцю больш за 9400 кіламетраў, што складае каля 44 % ад гадавога плана.
Будзе чым тапіць
Па стане на 28 ліпеня 2026 года, эксплуатацыйныя запасы топачнага мазуту перавышалі 243 тысячы тон пры гадавым заданні ў 254 тысячы тон.
— Арганізацыі ДВА «Белэнерга» якасна і своечасова падрыхтуюцца да маючага адбыцца ацяпляльнага перыяду, — заявіў Міхаіл Шэвалдзін.
Не прадбачыцца праблем і з забеспячэннем тарфяным палівам, запэўніў начальнік упраўлення па фарміраванні навуковай палітыкі і забеспячэнні агульных відаў дзейнасці ДВА «Белпалівагаз» Аляксандр БЕЛКІН. Паводле яго інфармацыі, прадпрыемствы, якія займаюцца здабычай торфу, цалкам гатовы забяспечыць унутраны рынак тарфяным палівам. На сёння ўжо здабыта каля аднаго мільёна тон торфу, выраблена больш за 374 тысячы тон тарфяных брыкетаў і тарфяной сушонкі. Палівазабяспечваючыя арганізацыі ўжо рэалізавалі больш за 71 тысячу тон паліўных брыкетаў, што дазваляе стабільна пакрываць патрэбы ўнутранага рынку.
Комплекс падрыхтоўчых мерапрыемстваў працягваецца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Так што нам, спажыўцам, можна працягваць спакойна атрымліваць асалоду ад летніх дзянькоў — зімой дакладна не змерзнем. Ну а тое, што на пару тыдняў адключаюць гарачую ваду, — вымушаная тэхналагічная неабходнасць. І лішні доказ таго, што ўсё сапраўды ідзе дакладна па графіку. Бо лепш «залатаць» слабыя месцы цяпер, чым адключаць гарачую ваду, калі за вокнамі трашчыць мароз. Згодны?
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ