Паcля абнадзейлівай і сур’ёзнай размовы з Прэзідэнтам нашай краіны Дзяржаўны міністр, міністр замежных спраў, па справах нацыянальных абшчын за мяжой і афрыканскіх спраў Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ахмед Атаф усклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску. Затым кіраўнік алжырскай дэлегацыі сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым. Падчас перагавораў кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў падрабязна абмеркавалі перспектывы далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.
«Мы разглядаем Алжыр як аднаго з ключавых партнёраў у Паўночнай Афрыцы і ў цэлым на Афрыканскім кантыненце»
Як заявіў па выніках сустрэчы міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, беларускі бок разглядае цяперашні візіт алжырскай дэлегацыі як адзін з самых важных этапаў у далейшым развіцці ўзаемаадносін і ўмацавання таго духу супрацоўніцтва, які быў закладзены прэзідэнтамі нашых краін у ходзе афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Алжыр у снежні 2025 года. «Мы разглядаем Алжыр як аднаго з ключавых партнёраў у Паўночнай Афрыцы і ў цэлым на Афрыканскім кантыненце, сапраўднага сябра Рэспублікі Беларусь, — заявіў Максім Рыжанкоў. — Нас аб’ядноўваюць традыцыйна ўзаемная павага і падобныя падыходы да фундаментальных пытанняў міжнароднага парадку дня».
Кіраўнік ведамства расказаў, што падчас перагавораў бакі падрабязна абмеркавалі перспектывы палітычнага дыялогу. «Пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць падтрымання інтэнсіўных кантактаў паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін, працяг палітычных кансультацый і падрыхтоўку новых сустрэч на высокім і вышэйшым узроўні, — падкрэсліў кіраўнік МЗС. — Значная частка перагавораў была прысвечана развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. І мы адзіныя ў меркаванні, што існуючы патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння значна перавышае цяперашні аб’ём узаемнага гандлю. Наша агульная задача — напоўніць палітычны дыялог канкрэтнымі эканамічнымі праектамі».
Максім Рыжанкоў нагадаў, што кіраўнікі нашых дзяржаў у снежні 2025 года паставілі амбіцыйную задачу — дасягнуць гандлёвага абароту ў памеры 500 мільёнаў долараў да канца 2027 года. «Гэта вельмі амбіцыйная задача, і на сёння знешнепалітычнымі ведамствамі і ў цэлым міністэрствамі дзвюх краін, урадамі робіцца ўсё, каб гэтую задачу выканаць», — запэўніў міністр.
Кіраўнік МЗС таксама заўважыў, што ў ходзе візіту нашага Прэзідэнта ў Алжыр быў падпісаны цэлы шэраг вельмі важных двухбаковых пагадненняў, якія заклалі аснову для супрацоўніцтва па цэлым шэрагу канкрэтных напрамкаў: ад гандлёва-эканамічнага да гуманітарнага. «Была падпісана дарожная карта нашага супрацоўніцтва, якая павінна дапамагчы дасягнуць 500 мільёнаў долараў тавараабароту, закласці аснову для далейшых чалавечых і міждзяржаўных адносін па ўсіх абсалютна напрамках», — адзначыў міністр.
Акрамя таго, быў падпісаны шэраг першасных кантрактаў па пастаўцы беларускай прадукцыі ў Алжыр, а алжырскай прадукцыі — у Беларусь, якія ўжо сёння даюць адчувальныя канкрэтныя вынікі. «За першае паўгоддзе гэтага года наш экспарт у Алжыр склаў практычна 80 мільёнаў долараў. Гэта ўжо ў два разы больш, чым за ўвесь 2025 год, — канстатаваў Максім Рыжанкоў. — Гэта галоўны канкрэтны вынік рэалізацыі дамоўленасцяў нашых прэзідэнтаў».
«Дух сапраўднага братэрства, павагі і тая палітычная воля, якая аб’ядноўвае нашых прэзідэнтаў, з’яўляюцца галоўнай асновай для рэалізацыі ўсяго намечанага»
У дарожнай карце супрацоўніцтва дзвюх краін распісаны 43 напрамкі, па якіх ідзе работа. «На думку нашых алжырскіх сяброў, па 21-аму з гэтых напрамкаў мы маем больш чым паспяховы вынік. А некаторыя з такіх праектаў намі ўжо выкананы. І гэта я хачу нагадаць: за тэрмін менш за 8 месяцаў з моманту правядзення афіцыйнага візіту, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства. — Мы рады таму, што сёння на вельмі прыстойным узроўні рэалізуюцца праекты паставак беларускіх прадуктаў харчавання: сухога малака, сухой сыроваткі, вяршкоў у Алжыр. Таксама мы рады таму, што ў сур’ёзнай ступені прапрацоўкі знаходзяцца праекты стварэння зборачнай тэхнікі Рэспублікі Беларусь у Алжыры. Мы падышлі ўшчыльную да рэалізацыі праекта па стварэнні комплексаў для сушкі і захоўвання збожжавых. Дарэчы, за гэты час група дзяцей з Алжыра, згодна з рашэннем нашага Прэзідэнта, наведала Нацыянальны дзіцячы лагер „Зубраня“ і засталася вельмі задаволеная знаходжаннем і аздараўленнем у гэтым лагеры».
Таксама адбыўся шэраг узаемных візітаў дэлегацый абедзвюх дзяржаў, а бізнесмены дзвюх краін наведалі розныя выставы ў Алжыры і Беларусі. «У бліжэйшы час віцэ-прэм’ер Беларусі наведае Алжыр для фіналізацыі шэрагу праектаў прамысловай кааперацыі. У кастрычніку ў Мінску мы правядзём пасяджэнне сумеснай міжурадавай беларуска-алжырскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, каб ацаніць ход рэалізацыі ўсіх праектаў, аб якіх дамаўляліся прэзідэнты. Наперадзе ў нас вельмі доўгі шлях. Намераў вельмі шмат, але той дух сапраўднага братэрства, павагі і тая палітычная воля, якая аб’ядноўвае нашых прэзідэнтаў, з’яўляюцца галоўнай асновай для рэалізацыі ўсяго намечанага. Я хацеў бы звярнуць увагу і на тое, што сённяшнія перагаворы з Прэзідэнтам Беларусі заслужылі вельмі высокую ацэнку. Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў іх як маючыя шматабяцальны, сур’ёзны і практыка-арыентаваны характар», — рэзюмаваў Максім Рыжанкоў.
«Перагаворы з Прэзідэнтам Беларусі дазволілі нам ацаніць двухбаковае ўзаемадзеянне, а таксама вызначыць далейшыя перспектывы»
У сваю чаргу Дзяржаўны міністр, міністр замежных спраў, па справах нацыянальных абшчын за мяжой і афрыканскіх спраў Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ахмед Атаф падкрэсліў, што яго візіт у Беларусь праходзіць на фоне якаснага развіцця двухбаковых адносін.
«Перагаворы з Прэзідэнтам Беларусі дазволілі нам ацаніць двухбаковае ўзаемадзеянне, а таксама вызначыць далейшыя перспектывы і шляхі пераводу палітычнай волі ў рэальныя дасягненні, — паведаміў міністр. — Сёння мы адзначылі неабходнасць пераходу ад этапу абмеркавання і абмену думкамі да этапу рэалізацыі, аналізу і ацэнкі, каб дасягнуць мэт, намечаных лідарамі дзвюх краін падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Алжыр у снежні 2025 года».
Ён дадаў, што ўзроўні гандлёвага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння пакуль не адпавядаюць існуючаму патэнцыялу. «Таму мы звярнулі ўвагу на неабходнасць падрыхтоўкі далейшых крокаў, якія дазволяць рэалізаваць вялікую колькасць праектаў», — падкрэсліў Ахмед Атаф.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА