Top.Mail.Ru

Падрабязнасці перагавораў Прэзідэнта Беларусі са спецпасланнікам ЗША

«Суседзі і іншыя лідары дзяржаў уважліва сочаць за нашай сустрэчай»


У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў амерыканскую дэлегацыю на чале са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам. У ходзе перагавораў, якія доўжыліся тры гадзіны, бакі абмеркавалі далейшыя крокі развіцця беларуска-амерыканскага ўзаемадзеяння.


«З вялікай цікавасцю грамадства ўспрымае вашы візіты»

«Паважаны Джон, далёка жывём, таму рэдка бачымся. Але я вас вітаю ў Беларусі. Аб тым, што вы да нас прыедзеце, мы нічога не ўтойвалі. Ды і вы асабліва нічога не хавалі, нам пра гэта вядома. Нашы людзі ведаюць, што вы прыедзеце, — вітаў амерыканскага госця беларускі лідар. — Я вам павінен сказаць, што з вялікай цікавасцю грамадства ўспрымае вашы візіты. Ну, а суседзі і іншыя лідары дзяржаў уважліва сочаць за нашай сустрэчай». 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што склад на перагаворах крыху пашырыўся. «Я папрасіў прыехаць Прэм’ер-міністра, кіраўніка нашага ўрада, каб ён падрабязна мог далажыць аб выніках мінулых кантактаў на практыцы», — адзначыў Прэзідэнт. 

Удзел у перагаворах з беларускага боку таксама ўзялі старшыня КДБ Іван Тэртэль і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.


«Мы адкрытыя да абмеркавання любых пытанняў»

У сваю чаргу спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл перадаў прывітанне беларускаму лідару ад Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. «Ён падтрымлівае ўсяляк усё тое, што мы робім», — запэўніў кіраўнік амерыканскай дэлегацыі.

Улады ЗША пачулі нядаўнюю заяву Прэзідэнта Беларусі аб неабходнасці вярнуць замарожаныя ў амерыканскім банку грошы, вынікае з заяў спецпасланніка ЗША па Беларусі Джона Коўла на перагаворах з беларускім лідарам. 

Як паведамлялася ў пятніцу, 11 верасня, адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра чатыры дзясяткі мільёнаў долараў, якія «захраснулі» ў Сіцібанку. «Даўжок вярніце. 43-44 мільёнаў долараў нашых у Сіцібанку захраснулі — кампанія, якая з намі супрацоўнічала, заплаціла грошы. У багатай Амерыкі затрымаліся. Вы нам, калі ласка, вярніце гэтыя грошы. Урад мне далажыў пісьмова (пра сітуацыю з „захраслай“ сумай. — „Зв.“). Грошы вярніце! Гэта ж ганьба для ЗША. Потым мы з вамі будзем дамаўляцца пра больш сур’ёзныя рэчы», — заявіў у той дзень беларускі лідар.

«Я абсалютна цалкам падтрымліваю вашы патрабаванні. Фактычна вы абсалютна маеце рацыю, — звярнуўся да Прэзідэнта Беларусі спецпасланнік ЗША. — Гэтыя грошы павінны быць размарожаныя і вернутыя. Мы звярнуліся да банка з просьбай размарозіць гэтыя сродкі. Зараз выпрацоўваем механізм таго, якім чынам гэта зрабіць. Як толькі мы атрымаем дакладны адказ ад банка, мы адразу вам паведамім».

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Джону Коўлу за тое, што амерыканскі бок уважліва сочыць за яго заявамі. «Мы адкрытыя да абмеркавання любых пытанняў. Адзінае, гэта не патрабаванне, як вы сказалі, а мая просьба да вас, каб мы няўхільна выконвалі нашы дамоўленасці з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амерыкі», — заявіў Прэзідэнт.


Беларускі лідар падкрэсліў, што бакі дасягнулі нямала пагадненняў, якія датычацца сфер нашых эканамічных адносін. «Таму я і запрасіў Прэм’ер-міністра, які літаральна ў некалькіх фразах ці словах праінфармуе і вас, і нас усіх тут аб рэалізацыі нашых дамоўленасцей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

«Ніякіх палітвязняў у Беларусі няма»

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што перад цяперашняй сустрэчай вельмі шмат было размоў з нагоды вызвалення так званых палітвязняў. «Я яшчэ раз заклікаю вас да таго, каб мы не ўваходзілі ў зман. Ніякіх палітвязняў у Беларусі няма, таму што няма такога артыкула ў нашым заканадаўстве, — развянчаў яшчэ адзін фэйк ад нядобразычліўцаў Прэзідэнт. — Але пра гэта вельмі шмат гавораць, аб вызваленні людзей, якія (вы, як юрыст, адвакат, гэта выдатна разумееце) па законе знаходзяцца пад следствам ці ж у папраўча-працоўных калоніях. Я падводжу вас да галоўнай тэмы. Нашы збеглыя разганяюць тэму на Захадзе, і вас, адчуваю, па маіх звестках, пераканалі ў тым, што мы кагосьці тут адпускаем, але, працягваючы рэпрэсіі, на гэтае месца ў два разы больш затрымліваем людзей». 

«Я хачу вось публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — У нас няма такой мэты: замест вызваленых людзей адпраўляць новых людзей у папраўча-працоўныя калоніі. Такой у нас праблемы няма, мы гэта не робім і рабіць не будзем. Гэта нашы беларусы». 


Пры гэтым, падкрэсліў беларускі лідар, тыя ці іншыя людзі, незалежна ад іх грамадзянства, могуць быць затрыманыя і прыцягнутыя да адказнасці толькі ў выпадку здзяйснення імі правапарушэнняў. «Калі хтосьці з грамадзян Беларусі і прысутных тут неграмадзян парушыць беларускія законы, мы абавязкова будзем рэагаваць па законе. І калі яны заслугоўваюць знаходзіцца пад следствам або ў папраўча-працоўных калоніях, яны будуць там знаходзіцца. Але гэта абсалютна не звязана з палітыкай, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Нам няма неабходнасці палітычна сёння кагосьці пераследаваць. Абсалютна ніякай неабходнасці няма, таму што ўсе працэсы ў Беларусі знаходзяцца пад кантролем».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю