Top.Mail.Ru
332

Падмурак, на якім будуецца грамадства свядомых і адказных грамадзян, — гэта патрыятызм

Тэма патрыятычнага выхавання сёння адна з самых папулярных. Не важна, як мы пра гэта гаворым — з пафасам, упэўненасцю або трывогай, важна, што мы разумеем: ад таго, як мы выхаваем моладзь, залежыць, ці зможа Беларусь зберагчы сябе і прымножыць свае дасягненні, стаўшы сучаснай, перспектыўнай краінай, якая эфектыўна развіваецца. І ў той жа час — наша краіна павінна захаваць сябе як нацыю, не страціць сваю самабытнасць у няпростай знешняй абстаноўцы. Сёння сваімі думкамі пра самае галоўнае — пра каштоўнасці, маральныя асновы, на якіх мы можам і павінны будаваць наша жыццё, выхоўваць дзяцей, развіваць грамадства, умацоўваць дзяржаву, — разважае член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Клішэвіч.



Едзь і глядзі

— Невыпадкова апошнім часам кіраўнік дзяржавы ў многіх выступленнях звяртае ўвагу на пытанні маладзёжнай палітыкі, пераемнасці пакаленняў, захавання гістарычнай памяці. Мы з вамі павінны разумець, што гісторыя нашай маладой дзяржавы рухаецца наперад, і ў гэтай сувязі маладыя людзі абавязаны ўзяць у свае рукі адказнасць за краіну. Натуральна, яны павінны быць да гэтага гатовыя, — сказаў парламентарый. — У гісторыі нашай дзяржавы былі розныя перыяды, у тым ліку трагічныя, калі ва ўладзе знаходзіліся некампетэнтныя, або, што яшчэ горш, настроеныя супраць інтарэсаў грамадства людзі. Таму наша стратэгічная задача сёння - падрыхтаваць моладзь, якая будзе працаваць у імя сваёй краіны і сваёй будучыні.

На думку Сяргея Міхайлавіча, першае і самае галоўнае — дапамагчы зарыентавацца юнакам і дзяўчатам, каб будаваць сваю будучыню, гэта значыць практычную рэалізацыю сваіх памкненняў і жыццёвых мэт тут, на Радзіме. Трэба сказаць, што дзяржава сёння зрабіла ўсё дзеля таго, каб такія магчымасці ў нашай моладзі былі.

— А як быць з тымі, хто яшчэ не зняў з сябе ружовыя акуляры і з захапленнем слухае казкі аб еўрапейскім квітнеючым садзе?

— Сёння сапраўды вельмі шмат разнастайных інфармацыйна-псіхалагічных прынад, задача якіх маляваць карцінку «шчаслівага» заходняга або замежнага жыцця, — дзеліцца суразмоўца. — Вядома, самы надзейны спосаб праверыць такія сцвярджэнні — гэта параўнаць, пабываўшы на чужыне і выпіўшы, скажам так, поўную чашу праблем, звязаных з іх медыцынай, умовамі атрымання адукацыі, коштам жыцця, пытаннямі стварэння сям’і і будаўніцтва жылля. Толькі пры параўнанні ўмоў працы і быту можна па заслугах ацаніць вялікія магчымасці для развіцця асобы і справядлівы грамадскі парадак, устаноўлены ў Беларусі.

Вядома, некаторыя маладыя людзі з’язджаюць за мяжу, каб узбагаціць свае веды, атрымаць параўнальны досвед і вярнуцца дадому. Але са зносін з тымі, хто пад ціскам заходняй ідэалогіі, заходняй інфармацыйнай плыні, пакінуў Радзіму, вучыўся ці працаваў за мяжой і вярнуўся, Сяргей Клішэвіч зрабіў відавочную выснову: наша моладзь нікому не патрэбная, яе прызначэнне там — служыць людзям на працоўных пасадах, незапатрабаваных на Захадзе. Таму мары многіх аб самарэалізацыі ў замежжы рассыпаюцца ў пыл.

— Чалавек не можа быць шчаслівым там, дзе не можа ўвасобіць сваю мару, дасягнуць поспехаў і кар’ернага росту ў тым кірунку, які вызначыў асабіста для сябе на этапе выбару прафесіі, тым больш, калі яму першапачаткова адведзена другарадная роля ў чужым грамадстве, — падсумоўвае ён. — Але ёсць і такія, хто не здольны пачуць, зразумець гэту ісціну, правераную далёка не адным дзясяткам пакалечаных лёсаў, і рвецца туды... Аднак многія, пабываўшы на чужыне, вяртаюцца, распавядаюць аб рэальнасці, з якой сутыкнуліся там іншым маладым людзям. І гэта адзін з самых эфектыўных спосабаў для ўсведамлення, наколькі добра там, дзе цябе чакаюць, дзе гатовы дапамагчы, проста таму што ты родны чалавек, грамадзянін сваёй краіны.

Формула шчасця

— Яна простая, і знаходзіцца тут, на Радзіме, — дзеліцца Сяргей Клішэвіч. — Дзе ты нарадзіўся, дзе вырас. Дзе, нават зрабіўшы памылку, можна пачаць усё нанова: для маладых па-ранейшаму адкрыты ўсе магчымасці, а жыццёвы поспех вызначае не высокі статус бацькоў або памер іх кашалька, а ўласныя веды і праца. Гэта тая формула, тая аксіёма, якая зацверджана і працуе ў нашай краіне. Шчасце, канешне, гэта і рэалізацыя сваёй мары. Такіх магчымасцяў для яе ажыццяўлення дастаткова. А калі людзі асэнсавана імкнуцца да пэўнай мэты, дзяржава становіцца інструментам, які дапамагае ў яе дасягненні.

Адукаваны патрыятызм

— Справядліва кажуць, што дзейсны патрыятызм — гэта, у тым ліку, адукаваны патрыятызм, — разважае Сяргей Клішэвіч. — Для мяне быць патрыётам -- значыць, усведамляць, як і чым ты можаш быць карысным сваёй Айчыне. Добра вучыцца, атрымліваць больш ведаў, ствараць сябе сёння — а значыць, быць карысным і адначасова запатрабаваным грамадствам. У сувязі з чым стаіць пытанне сучаснасці і будучыні нашай сістэмы адукацыі, яе чысціні і справядлівасці. Гаворка не толькі аб адукацыйным, але і аб выхаваўчым кампанентах — яны абодва з’яўляюцца стратэгічнымі ў справе патрыятычнага выхавання моладзі.

Менавіта школы і ўніверсітэты, на думку парламентарыя, фарміруюць грамадзян сваёй краіны. Грамадзянскія інстытуты перадаюць памяць пакаленняў, каштоўнасці, культуру, вызначаюць тыя ідэі і бачанне будучыні, якія будуць прасоўваць грамадства наперад і праз некалькі дзесяцігоддзяў. Таму ўстановы адукацыі павінны рыхтаваць не проста выпускніка ці спецыяліста, а выпускніка-патрыёта, спецыяліста-патрыёта.

— Такія падыходы не даюць спакою заходнім агентам уплыву, якія працягваюць барацьбу за розумы нашых дзяцей, — канстатуе член Пастаяннай камісіі. — Мы бачым, якую ўвагу экстрэмісцкія СМІ ўдзяляюць нашым выдатнікам, тым, хто, напрыклад, здаў цэнтралізаваны іспыт на 100 балаў. Практычна пра кожнага з іх яны імкнуцца напісаць хвалебную оду, паказаць, маўляў, глядзіце, якое пакаленне расце насуперак уладзе. Але гэтае захапленне — ілжывае, мэта такіх опусаў — перавабіць на свой бок таленавітых маладых людзей, падштурхнуць светлыя галовы працаваць у будучыні не на Радзіму, якая дала ім аснову для развіцця і асабістага поспеху, а на інтарэсы іншых дзяржаў і карпарацый.

— І як супрацьстаяць такім спробам?

— Натуральна, мы ўсё гэта бачым, і павінны адпаведным чынам рэагаваць, паказваць рэальную карціну таго, што адбываецца, у тым ліку ў грамадска-палітычным жыцці краіны, каб ніхто не мог падмануць нашых дзяцей, нашу будучыню, — кажа Сяргей Клішэвіч. — А акрамя інфармацыйнай работы, важным складнікам нашай маладзёжнай палітыкі з’яўляюцца сацыяльныя гарантыі, якія атрымліваюць нашы маладыя людзі і якія дазваляюць на аснове асабістай працы рэалізаваць сябе ў любой сферы - кожнаму, хто гэтага захоча ў нашай краіне. 

Суразмоўца ўспомніў гаворку з партугальскімі маладымі спецыялістамі, якія скончылі ВНУ. У іх няма багатых бацькоў і тугіх кашалькоў. У іх ёсць адукацыя, да якой яны ўпарта ішлі і якая не дае ім у роднай краіне гарантыю працаўладкавання. Там кіруе прыватны бізнес, дзе галоўнае — прыбытак. Спецыялісты з адукацыяй, але без досведу ў гэтую схему не ўпісваюцца. Таму ў той жа Партугаліі, Іспаніі, іншых еўрапейскіх краінах каля 20-30% маладых людзей з’яўляюцца беспрацоўнымі — з адукацыяй, яны не запатрабаваныя ўласным грамадствам. Астатнія (да 50% моладзі) карыстаюцца скрытымі формамі беспрацоўя — калі іх працаўладкоўваюць на ¼ стаўкі і менш.

— У адрозненне ад іх, у нас выпрацавана і нават выпакутавана ўнікальная, справядлівая, сацыяльна арыентаваная сістэма атрымання адукацыі, — працягнуў парламентарый. — У якой ёсць такі выдатны механізм, як гарантаванае першае працоўнае месца. Але, на жаль, мы не аддалі належнай увагі маркетынгу, ці, калі жадаеце, піяру гэтай з'явы як велізарнаму нашаму дасягненню і сацыяльнай заваёве, якой няма ў шматлікіх замежных краінах.

На думку Сяргея Клішэвіча, з адукацыйнага ўжытку павінны знікнуць такія азначэнні і словы, як «адпрацоўка» і «размеркаванне», якія на падсвядомым узроўні з’яўляюцца адштурхвальнымі і ўспрымаюцца часткай маладых людзей негатыўна.

— Пуцёўку на першае працоўнае месца павінны ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць разам з дыпломам як вялікі бонус, — прапануе ён. — Бо ў сучасным грамадстве важны не толькі змест, але і форма, інфармацыйнае суправаджэнне дзяржаўных гарантый.

Патрыётаў выхоўваюць патрыёты

— Рэспубліка Беларусь — маладая дзяржава. Нам крыху больш за 30 гадоў, што па гістарычных мерках вельмі мала, — працягвае тэму Сяргей Клішэвіч. — Напрыклад, Францыя, Англія, Польшча існуюць больш за 1000 гадоў. А першая беларуская нацыянальная дзяржава ўзнікла толькі ў 1919 годзе, гэта значыць, нам крыху больш за 100 гадоў. Мы толькі фарміруем свае дзяржаўныя традыцыі, каштоўнасці, і таму вельмі важна на гэтым этапе не страціць іх, што, на вялікі жаль, адбылося з некаторымі нашымі суседзямі.

Бацькі сённяшніх маладых людзей — гэта моладзь 1990-х. Хто памятае тыя гады, ведае: ніхто тады асабліва не задумваўся аб патрыятызме. Адзець і пракарміць сям’ю —вось пра што былі думкі людзей. У гэты час Захад пічкаў нас разнастайным ідэалагічным і інфармацыйным сурагатам, рознымі спосабамі ўкладваючы ў галовы юнакоў і дзяўчат чужыя ідэі і арыенціры. Сёння тагачасныя маладыя людзі самі сталі бацькамі. І для нас гэта новы выклік — неабходна пераламаць сітуацыю, дапамагчы ўсвядоміць ім, што на самай справе добра, а што -- дрэнна. Такая работа — доўгі і ювелірны працэс.

На думку парламентарыя, значную частку гэтай работы бярэ на сябе школа, і ў цэлым сістэма адукацыі, якая ўсё больш уцягвае ў выхаваўчую арбіту не толькі сваіх выхаванцаў, але і іх бацькоў.

— Гаворка ў тым ліку ідзе аб захаванні гістарычнай памяці. У цэлым па краіне, і ў адукацыйным кірунку праводзіцца велізарная работа, — кажа Сяргей Клішэвіч. — Але, як бы мы ні стараліся, прыйдзе час, прыйдзе пакаленне, для якога героі Вялікай Айчыннай будуць падобны да віцязяў, волатаў. Сёння ў нас ёсць унікальная магчымасць бачыць і размаўляць з жывымі сведкамі тых страшных і адначасова гераічных падзей, мець зносіны з дзецьмі і ўнукамі непасрэдных удзельнікаў вайны. Гэты працэс патрабуе ўсялякай падтрымкі і садзейнічання.

Член парламента справядліва заўважае, што бацькі, бабулі і дзядулі могуць данесці да сваіх дзяцей інфармацыю, якой не знойдзеш ні ў адным падручніку.

— Старыя лісты, фатаграфіі, апавяданні — гэта запомніцца на ўсё жыццё, гэта будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, —- заўважае ён. — І гэта найбольш эфектыўны спосаб абараніць нашу гістарычную памяць і забяспечыць дастойную будучыню дзецям. Але калі, не дай бог, мы дазволім нашай моладзі забыцца на сваіх родных герояў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, то для іх што Сталінградская бітва, што Курская, што аперацыя «Баграціён», што генацыд беларускага народа стануць у адзін шэраг з далёкімі падзеямі, якія не знаходзяць водгуку ў сямейнай памяці і ўспрымаюцца як сухі факт. І тады ваенны этап нашай будучай гісторыі можа зноў паўтарыцца.

Алена ВІНАГРАДАВА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю