Top.Mail.Ru

Падлеткі, якім ужо споўнілася 14 гадоў, маюць магчымасць афіцыйна зарабіць свае першыя грошы. Жадаючых шмат

Гомельская сярэдняя школа № 75 з’яўляецца адной з самых буйных у вобласці — у ёй налічваецца больш за 2080 навучэнцаў, і 700 з іх па ўзросце ужо могуць афіцыйна працаўладкавацца. Аднак даць такую магчымасць усім ахвотным — задача няпростая. Таму ў школе распрацавалі цэлую сістэму праектаў другаснай занятасці і самых розных фарматаў карыснага працоўнага лета.



«Збіраю на мару»

— Кожны дзень прыбягала і крычала: «Мам, ура! У мяне ўсё атрымліваецца, я як дарослы чалавек!» — не хавае эмоцый і шчыра перадае, як перажывала свой першы ў жыцці рэальны працоўны вопыт, дзевяцікласніца Варвара БАЧКУНОВА.

Дзяўчына ў складзе групы школьніц-ўдзельніц лагера працы і адпачынку «Юнацтва» па праекце другаснай занятасці выконвала заказ па пашыве вырабаў для дашкольнай установы.

— Я займаюся мадэлінгам, а ў будучыні мару стаць дызайнерам, таму вельмі хацела паспрабаваць сябе ў сапраўднай швейнай справе. У мяне ўсё атрымлівалася, я нават перажыла нейкі працоўны азарт: кожнай з нас, як на сапраўднай вытворчасці, давалі канкрэтны аб’ём работы, і я старалася хутчэй за ўсіх выканаць заданне. Зразумела, што навучылася цярплівасці, уседлівасці. Калі радок выходзіў крывы, трэба было акуратна ўсё распароць і зрабіць нанова. Але мне гэта вельмі цікава, — дзеліцца Варвара.

Стараста класа Дар’я САРАКАЛЕТАВА не толькі выконвала сваю норму, але і паспявала дапамагаць аднакласніцам, у якіх атрымлівалася горш.

— Пайшла працаваць, бо перш за ўсё хацела паўдзельнічаць у добрай справе, падтрымаць сваю школу, — тлумачыць Дар’я. — Мне пашанцавала, бо работа якраз мая — вельмі люблю шыць. І, вядома, выдатна, што яшчэ ёсць магчымасць і зарабіць. Я збіраю на мару, але што гэта — сакрэт!


— Пасля праекта мы адразу запісаліся ў лагер працы і адпачынку, каб у жніўні зноў трапіць у групу па пашыве, — усміхаецца яе сяброўка Вікторыя ЛАПАТКОВА.

Пакуль дзяўчаты расказваюць пра першы вопыт работы і першы заробак, ёсць магчымасць ацаніць аснашчэнне школьнай майстэрні — швейны арсенал.

— Набралі ў групу 17 дзяўчат, — расказвае настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 75 горада Гомеля Галіна ЦІТКОВА. — Працавалі яны на швейных машынах. Кожная ўдзельніца павінна была пашыць па пяць пакрывал для дзіцячых ложкаў, якія будуць перададзены дашкольнай ўстанове.

Галіна Аляксандраўна працуе з дзяўчатамі ў праектах другаснай занятасці па пашыве пэўных вырабаў не першы год.

— Шылі посцілкі, пасцельныя камплекты для групы падоўжанага дня ў школе, фартухі, ручнікі, хусткі... Усё залежыць ад таго, што неабходна вырабіць, бо выконваем жа канкрэтны заказ. І вось гэта патрабаванне, што шыем ужо не на ўроку па нейкім заданні, а выраб, які пасля будзе правярацца на якасць і выкарыстоўвацца, — гэта вельмі матывуе дзяўчат, — лічыць педагог. — Безумоўна, для нас галоўнае не толькі тое, што дзяўчынкі могуць зарабіць свае першыя грошы. Хочацца натхніць вучаніц, дапамагчы ім раскрыцца. Тут яны праяўляюць сябе зусім інакш, чым на ўроках. Больш самастойныя, адказныя, пачынаюць разумець, што такое сапраўдная праца і што ад іх намаганняў залежыць канчатковая якасць вырабу, вучацца рабоце ў камандзе, што вельмі карысна для дзяцей, бо гэтага сучасным падлеткам якраз не хапае. У папярэднія гады некаторыя дзяўчынкі прызнаваліся, што не чакалі, наколькі сур’ёзнымі будуць патрабаванні, што працаваць трэба ўжо па-даросламу. Не ўсім хапала вытрымкі і ўседлівасці. У гэтым годзе ўсе ўдзельніцы паспяхова справіліся з пастаўленай задачай і давялі працу да канца.

Ужо ў жніўні настаўнік працоўнага навучання набярэ чарговую групу дзяўчат для выканання заказу па пашыве ў рамках праекта другаснай занятасці.


«Дайце работу!»

— Гэта ўсё ж дзеці. Таму важна арганізаваць работу так, каб яны адчулі самастойнасць, адказнасць, даць ім такую задачу, якую яны змогуць выканаць ад пачатку да канца і ўбачыць вынік сваёй працы, — гаворыць настаўнік працоўнага навучання гэтай школы Уладзімір КУКАЕЎ.

У яго групе — 21 дзевяцікласнік. Па праекце другаснай занятасці яны прыводзілі ў парадак школьную тэрыторыю.

— З хлопчыка трэба выхаваць мужчыну, таму важна даваць яму складаныя задачы, каб ён вучыўся іх вырашаць. Трэба даваць разнастайную працу, каб ён вучыўся, развіваўся і разумеў адказнасць за сваю справу, — упэўнены Уладзімір Мікалаевіч. — Былі дзеці, якія прыходзілі і адразу патрабавалі: «Дайце хутчэй работу! Хачу працаваць!» Вядома, хлопцы хочуць і свае грошы зарабіць, каб хоць трошкі адчуць сябе незалежнымі, маленькімі здабытчыкамі. Хтосьці дзяліўся, што хоча купіць красоўкі, хтосьці збірае на веласіпед.

Юнакі-ўдзельнікі лагера працы і адпачынку па праекце другаснай занятасці за дзесяць дзён (працавалі крыху менш чым па дзве гадзіны ў дзень) зарабілі 140 рублёў. Дзяўчаты, якія займаліся пашывам, за такі ж тэрмін — па сто рублёў, бо працавалі крыху больш за гадзіну ў дзень.


Напагатове будзеш — усё здабудзеш

У першы набор праекта другаснай занятасці ўсяго ў школе працаўладкавалі 38 вучняў. У жніўні дзяўчат, якія будуць працаваць, чакае новы заказ па пашыве пасцельнай бялізны і сталовых камплектаў, а хлопцаў — работы па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі. У кожнай групе будзе па 15 чалавек.

— Работа па карыснай занятасці дзяцей у нас ідзе практычна без перапынку. Толькі завяршыўся праект другаснай занятасці, і адразу пачалі працаваць студатрады, праз першасную арганізацыю БРСМ. На летні перыяд школе вызначана квота — 90 працоўных месцаў. Усе ўдзельнікі праходзяць афіцыйнае працаўладкаванне: медыцынскую камісію, санітарны мінімум, заключаюць працоўны дагавор, — адзначае намеснік дырэктара сярэдняй школы № 75 горада Гомеля Ганна ПІНЧУК.

Яшчэ з вясны ў школе фарміруюць спісы вучняў, жадаючых папрацаваць улетку. Для іх арганізуюць праходжанне санітарнага мінімуму, медыцынскай камісіі і афармленне неабходных дакументаў.

Першыя два студатрады па 30 чалавек, сфарміраваныя ў школе, пачалі працаваць яшчэ да пачатку летніх канікул. Працавалі прыбіральшчыкамі. Ва ўстанове чатыры вялікія навучальныя корпусы і вельмі вялікая прылеглая тэрыторыя, таму работай можна забяспечыць усіх жадаючых падлеткаў.


Па словах намесніка дырэктара, школа імкнецца даць магчымасць папрацаваць як мага большай колькасці дзяцей, таму склад студатрадаў і ўдзельнікаў праектаў другаснай занятасці пастаянна мяняецца. Да працоўнага лета абавязкова заахвочваюцца падлеткі, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная праца.

— Мы стараемся, каб у праектах удзельнічалі розныя дзеці. Жадаючых вельмі шмат. Таму занятасць дзяцей у нашай школе арганізавана на працягу ўсіх трох летніх месяцаў, — дадае Ганна Уладзіміраўна.

Улічваючы колькасць дзяцей, занятых справай летам у школе, можна зрабіць выснову, што тут сапраўды мода на працу.

— Так, здаецца, яшчэ ўчарашнія малышы прыбягаюць і з радасцю выдаюць: «Мне хутка 14! Значыць, павіншуйце, магу афіцыйна працаваць і нават атрымаць працоўную кніжку». Дзеці шчыра радуюцца, а мы — разам з імі. І рыхтуемся да яшчэ больш адказнай работы па карыснай летняй занятасці, — падкрэслівае Ганна Пінчук і перадае ад сваёй школы словы падтрымкі калегам з усёй краіны ў гэтае працоўнае школьнае лета.

Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара і СШ 75 г. Гомеля

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю