Top.Mail.Ru

Падлетак у Мінску стаў звяном арганізаванай злачыннай групы

Падрабязнасці расследавання.


У сучасным свеце арганізаваная злачыннасць актыўна выкарыстоўвае ўсё новыя і новыя метады вярбоўкі выканаўцаў. Усё часцей у іх ролі аказваюцца непаўналетнія, якія прыцягваюцца абяцаннямі лёгкага заробку і ілжывым рамантызмам «дарослага» жыцця.

Гэтымі днямі Маскоўскім (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта ўстаноўлены абставіны махлярства, учыненага ў асабліва буйным памеры і незаконнага абароту плацежных інструментаў, сродкаў плацяжу і іх рэквізітаў. Фігурантам па крымінальнай справе стаў 17-гадовы гімназіст.

Як інфармуе група па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю УСК па горадзе Мінску, у снежні 2023 года зламыснікі выйшлі на падлетка ў адным з месенджараў, прапанаваўшы «высокааплатную падпрацоўку з гнуткім графікам». Першапачаткова яму патрабавалася аформіць банкаўскія карты ў розных банках горада, даўшы поўны доступ да іх так званага працадаўцы за ўзнагароджанне.

Затым было новае даручэнне — старанна выконваючы меры канспірацыі забіраць у грамадзян грашовыя сродкі пад маркай дэкларавання. Фігурант прытрымліваўся ўсіх указанняў куратара, забіраў наяўныя грошы і перадаваў іх іншаму кур’еру. За гэта ён атрымліваў узнагароду, выконваючы, па сутнасці, самую рызыкоўную частку работы, знаходзячыся навідавоку ў праваахоўных органаў і сістэм відэаназірання.

Фінальным этапам супрацьпраўнай дзейнасці маладога мінчаніна стала даручэнне забраць у пенсіянеркі буйную суму і «падпольна» абмяняць яе на крыптавалюту. Аднак дзякуючы аператыўнай рабоце супрацоўнікаў міліцыі фігуранта затрымалі. Падчас асабістага вобыска пры ім было знойдзена больш за 760 000 еўра, якія ён незадоўга забраў у адной жанчыны.

Следчыя ўстанавілі, што непаўналетні, па ўказанні саўдзельнікаў завалодаў маёмасцю пацярпелых на агульную суму больш за 2 600 000 рублёў. Сваю віну ён прызнаў і ў зробленым раскаяўся.

Па крымінальнай справе дапытаны абвінавачаны, пацярпелыя, сведкі, прааналізавана інфармацыя, якая змяшчаецца ў памяці мабільных тэлефонаў, агледжана дакументацыя і запісы з камер відэаназірання, да матэрыялаў справы далучаны заключэнні экспертаў, праведзеныя спецыялістамі ДКСЭ.

Вывучэнне асобы школьніка паказала, што ён выхоўваецца ў поўнай сям’і, на прафілактычных уліках не быў, да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці раней не прыцягваўся.

Дзеянні фігуранта кваліфікаваны па ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры) і ч. 1 арт. 222 (незаконнае распаўсюджванне рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак і аўтэнтыфікацыйных даных, з дапамогай якіх магчыма атрыманне доступу да рахункаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Да яго з санкцыі пракурора прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады 6 месяцаў са штрафам у памеры 30 базавых велічынь і адтэрміноўкай выканання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на 3 гады.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю