Герой на сцэне і ў жыцці
Герой на сцэне і ў жыцці
Юбілей артыста — не асабістае свята, а тое, што хочацца падзяліць з гледачамі. Таму адным з герояў праекта «Жыццё ў прафесіі» 24 кастрычніка стаў Антон Краўчанка, які ў Вялікім тэатры Беларусі служыць амаль 25 гадоў. За гэты час ператанцаваў больш чым 30 партый, стварыўшы запамінальныя вобразы ў класічных і сучасных балетах, — яму падуладна ўсё. І нават больш. Таму што паспявае выкладаць у Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы, які сам скончыў. Быў асістэнтам харэографа-пастаноўшчыка шэрагу балетаў. А цяпер з’яўляецца загадчыкам балетнай трупы тэатра. Але застаецца дзейным артыстам — гэта найперш.
З усіх спектакляў ён вылучае балет на музыку Арама Хачатурана «Спартак» — роля раба, які стаў героем дзеля іншых, здолеў павесці за сабой, была яго марай. І ў ёй Антон Краўчанка паўстае моцным, мужным, харызматычным чалавекам. Магчыма, таму што ў ім гэта ўсё ёсць? Толькі без пафасу. Бо моц, харызма і апантанасць бываюць ціхія: чалавек проста робіць сваю справу на сцэне. Але ж так, што часам захоплівае дух. Бо гэта складаны балет (пастаноўка Валянціна Елізар’ева), і тэхніка патрэбна, і атлетызм ды фізічная моц, і акцёрскі талент, каб ні ў каго не было сумневу: перад імі сапраўды Спартак. І побач з ім — маленькая Фрыгія. Падчас бенефісу артыста яго партнёркай была народная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна, з якой у іх бліскучы дуэт у спектаклі, што быў адноўлены ў новай рэдакцыі ў 2017 годзе і карыстаецца ўвагай гледачоў. Не ў малой ступені з-за выканаўцаў, на якіх можна глядзець бясконца.
Некаторыя «хадзілі» і «ходзяць» на Антона Краўчанку ў асобных спектаклях. Так, ён цудоўны ў класічных балетах (Зігфрыд у «Лебядзіным возеры», Эспада ў «Дон Кіхоце», Прынц у «Шчаўкунку», Салор у «Баядэрцы» ды іншых). А ў «Стварэнні свету» выканаў партыі Адама і Бога. У нацыянальных балетах — Уладзіміра і Яраполка («Страсці»), быў князем Вітаўтам, а ў «Анастасіі» танцуе Сямёна. Антон Краўчанка — чалавек па-беларуску працавіты, і не толькі ў тым, што датычыцца прафесійнай дзейнасці. Ён пабудаваў дом, дзе ўтульна яго сям’і. Пры гэтым адвучыўся на эканаміста-менеджара і спецыяліста па міжнародных адносінах у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, скончыў магістратуру па сусветнай эканоміцы. І гэта ўсё пры вялікай нагрузцы ў тэатры! Не дзіва, што ёсць павага калег і аматараў балета, якім цікавыя артысты як асобы. Таму пасля спектакля «Спартак» Антона Краўчанку чакалі на аўтограф-сесію.
Ларыса ЦІМОШЫК