Top.Mail.Ru

Падарожжа ў часе. Мінчанка стварае гістарычныя касцюмы і ўдзельнічае ў балях XIX стагоддзя

Ганна Юхнавец не проста ўзнаўляе мінулае, а нібы жыве ў ім. Таму запэўнівае, што дастаткова надзець правільную сукенку, элегантна памахаць веерам — і вось вы ўжо ў пазамінулым стагоддзі. Яе шлях у гістарычную рэканструкцыю пачаўся 15 гадоў таму з відэазапісу танцаў мінулых стагоддзяў, а сёння яна сама стварае вінтажныя ўборы і дзеліцца сакрэтамі эпохі ампір. Расказваем пра яе захапленне: ад першага балю ў Мірскім замку да калекцыі капялюшыкаў, якія могуць расказаць аб планах дамы на дзень. Пра гэта паведаміла БелТА.



Сустракаемся з Ганнай у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Па-першае, гэта яе месца работы вось ужо больш за 10 гадоў. А па-другое, тут праходзіць выстава, дзе экспануюцца некаторыя прадметы жаночага гардэроба з яе калекцыі. «Мяне завуць Ганначка, — прадстаўляецца жанчына. — І мне вельмі падабаецца, як гучыць маё імя ў гэтым варыянце».

Нядаўна ў галерэі «Атрыум» адкрылася выстава «Жаночая прастора», дзе прадстаўлены і работы з калекцыі Ганны Юхнавец. Сярод іх — галаўныя ўборы, аксесуары (сумачкі, пальчаткі), брошкі ручной работы і кветкі з тканіны па старадаўніх тэхналогіях. Асаблівую ўвагу прыцягваюць упрыгажэнні для прычосак. Як заўважае наша гераіня, вянкі, брошкі, кветкі — не проста дэкор, а носьбіты тайных сэнсаў. Напрыклад, кветка ў прычосцы магла азначаць запрашэнне на мазурку ці нават аб’яўленне аб заручынах. 

Да гістарычнай рэканструкцыі Ганначка прыйшла праз яшчэ адно са сваіх хобі — фатаграфаванне. Яна здымала, як людзі выконваюць гістарычныя танцы, а часам кагосьці падмяняла — і так паступова захапілася. 
Спрабавала сябе ў розных эпохах, але больш за ўсё яе пакарылі ампір і рэгенцтва — гэта пачатак XIX стагоддзя. 


Свой першы баль Ганначка памятае вельмі добра, хоць адбыўся ён ужо шмат гадоў таму — вясной 2014-га. Праходзіў у Мірскім замку — у зале з ізумруднымі шторамі і партрэтамі гістарычных асоб. У ім удзельнічалі прадстаўнікі беларускіх і расійскіх клубаў. 

«Я адчувала сябе лёгкай, радаснай і поўнай захаплення, — успамінае наша гераіня. — Выбрала пяшчотна-ліловы ўбор. У той час у мяне была вельмі кароткая стрыжка, амаль хлапечая. Перажывала, але мы знайшлі гістарычныя пацвярджэнні, што такое было магчыма. Было хвалююча адпавядаць: як падаць руку ў пальчатцы, як выцягнуць насок нагі ў паклоне, як усміхнуцца нясмела... З часам набіраешся вопыту: глядзіш на іншых, разумееш, чаго хачаш наступны раз, і рухаешся далей».


Удзельнікі балю абавязаны строга выконваць дрэс-код. Гэта значыць, што іх уборы павінны сапраўды адпавядаць заяўленаму перыяду: па сілуэце, кроі і тканінах. Не менш важна прытрымлівацца манер і правіл паводзін той эпохі. 

«Баль — гэта нібы ажыўшыя старонкі кнігі. Мы сапраўды выглядалі як героі з мінулага і адчуваем сябе менавіта так», — дзеліцца сваімі эмоцыямі Ганначка.

Балі для рэканструктараў праходзяць у нашай краіне прыкладна чатыры разы ў год, летам яшчэ арганізуюцца пікнікі. 

Сёння ў калекцыі ў Ганначкі шмат цікавых жаночых штучак з гісторыяй: больш за 10 сукенак і звыш 30 галаўных убораў. Сярод іх — чапцы, берэты, пілоткі, саламяныя капялюшыкі і мадэлі ў стылі «клёш». 


Цікава, што капялюшыкі маглі шмат расказаць аб планах дамы на дзень. Напрыклад, галаўны ўбор з шырокім казырком засцерагаў ад сонца і ветру, а таксама хаваў твар ад непажаданых позіркаў. Гэта такі аналаг сучаснага капюшона, дзякуючы якому можна было інкогніта хадзіць па вуліцы. Мадэлі без казырка забяспечвалі лепшы агляд, таму ідэальна падыходзілі для верхавой язды, прагулак. 

Сваё моднае калекцыйнае адзенне і аксесуары Ганначка выкарыстоўвае не толькі на балях, фестывалях і рэканструкцыях, а ўключае некаторыя з іх у штодзённыя вобразы. 

Яна прызнаецца, што варта ёй пераапрануцца ў гістарычны ўбор — і ў ёй нешта мяняецца: загараюцца вочы, з’яўляюцца іншыя манеры.

«Я літаральна ўсяляюся ў вобраз: разумею, як трэба павярнуцца, каб прычоска прыцягнула ўвагу, як элегантна памахаць веерам, — з усмешкай гаворыць аб сваім ператварэнні Ганначка і дзеліцца марамі: — Хачу натхняць жанчын не баяцца спрабаваць новае, дзяліцца сакрэтамі рукадзелля, каб створаныя касцюмы не віселі ў шафе, а жылі. Яшчэ мару падарожнічаць у касцюмах, стаць своеасаблівым гісторыкам моды — расказваць пра яе».

Ганна Юхнавец — гераіня праекта «Беларусы ў кадры». Даведаліся ў яе, дзе і як у нашай краіне праводзяцца балі розных эпох, як да іх правільна падрыхтавацца. Таксама пагаварылі аб тым, як вінтажныя рэчы змяняюць жанчыну.



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю