Top.Mail.Ru

Пад увагай прафсаюзаў — пасяўная

Тэхнічная інспекцыя працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі праверыць выкананне заканадаўства аб ахове працы ў час веснавых палявых работ. Прафсаюзныя спецыялісты наведаюць больш за 1000 сельгасарганізацый па ўсёй краіне.


Пад асаблівай увагай — пытанні своечасовага правядзення навучання, інструктажоў па ахове працы з работнікамі, якія задзейнічаны на палявых работах, забеспячэнне іх спецадзеннем і абуткам, наяўнасць і стан санітарна-бытавых памяшканняў, забеспячэнне работнікаў гарачым харчаваннем і пітной вадой. Акрамя таго, у прыярытэце пытанні спраўнасці і бяспечнай эксплуатацыі задзейнічаных у пасяўной кампаніі тэхнікі і механізмаў. Дарэчы, усе гэтыя пытанні прафсаюзы пачынаюць глядзець яшчэ да пачатку разнастайных этапаў сельскагаспадарчых работ.

— Гэтую працу прафсаюзы праводзяць круглы год. Практыка паказвае, што няважных момантаў у ахове працы няма. Важныя ўсе дэталі, пачынаючы ад таго, як тэхніка вяртаецца з палёў, у якім яна стане, ці прымаліся меры па яе рамонце, ачыстцы. Часам мы бачым, што для захавання графіка асобныя арганізацыі выводзяць тэхніку, якая не павінна эксплуатавацца да прывядзення яе ў бяспечны стан. У такіх выпадках тэхнічныя інспектары працы прыпыняюць яе эксплуатацыю да ўстаранення парушэнняў. Напрыклад, летась у гэты перыяд прафсаюзамі было выяўлена больш за 50 адзінак такога абсталявання, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў.

У цэлым кожны год падчас маніторынгаў тэхнічная інспекцыя працы працягвае выяўляць дастатковую колькасць парушэнняў. Так, у мінулы сезон іх было звыш 1200. Сярод самых распаўсюджаных парушэнняў — неўкамплектаванне сродкамі першаснага пажаратушэння, адсутнасць тэхагляду і інструктажоў, нявыдача работнікам неабходнага спецадзення або невыкарыстанне яго самімі работнікамі, у некаторых арганізацыях адсутнічалі душавыя. Па выяўленых парушэннях наймальніку выдаюцца рэкамендацыі на іх устараненне.

Дарэчы, 2025 год аб’яўлены Годам бяспечнай працы ў сельскай гаспадарцы. Прафсаюзы ў сваю чаргу таксама падключаюцца да работы па правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку траўматызму, паляпшэнне ўмоў і аховы працы работнікаў.

У прэс-службе ФПБ нагадалі, што прафсаюзы прыходзяць у арганізацыі не з кантралюючай функцыяй. Галоўная задача — аказаць кансультатыўную і практычную дапамогу, пасадзейничаць наймальніку ў ліквідацыі усіх недахопаў, звярнуць увагу работнікаў на неабходнасць захавання заканадаўства аб ахове працы. Пад пільнай увагай пытанні забеспячэння і дастаўкі гарачага харчавання. Тут, як правіла, пытанняў не ўзнікае — у большасці сельгасарганізацый арганізавана двухразовае гарачае харчаванне. Пры гэтым калектыўнымі дагаворамі прадугледжваецца патанненне кошту харчавання работнікаў, у большасці выпадкаў кошт патаннення даходзіць ад 70 да 90 %.

Акрамя таго, аказваецца дапамога ў набыцці электратэхнікі ў пакоі адпачынку і прыёму ежы, посуду для сталовай, тэрмасаў з нержавеючымі колбамі для дастаўкі гарачага харчавання, камплектаў складной мэблі і інш.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю