У нашы дні, калі на Новы год горача ў дэмісезонным паліто, а ў сярэдзіне сакавіка даводзіцца даставаць ужо далёка схаваныя шапку і рукавіцы, «наводзіць гадзіннік» па старых народных прыкметах, на жаль, не атрымліваецца. Прыкмета нашага часу: калі на рынках з’явілася расада, значыць, халады дакладна мінулі і наперадзе нас чакае сонейка і цяпло.
Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц» (пра іх раскажам ніжэй). Расада гародніны — памідораў, агуркоў, баклажанаў, кабачкоў, гарбузоў і г. д. — пойдзе пазней, тлумачаць прадаўцы. Актыўны гандаль ёю разгорнецца бліжэй да сярэдзіны красавіка. З-за пагрозы начных замаразкаў — звычайнай вясновай праблемы беларускіх агароднікаў — яе сеюць крыху пазней, чым «дэкаратыўку», інакш расада перарасце раней, чым прыйдзе час высаджваць яе ў грунт.
У вытворцаў расады існуе дакладны падзел: хтосьці займаецца толькі гароднінай, хтосьці — выключна дэкаратыўнымі раслінамі, лекавымі. Іншыя пачынаюць гандаль расадай ранней. Зрэшты, на зеляніну — цыбулю «на пяро», кроп-пятрушку — такі падзел «сфер уплыву» не распаўсюджваецца, і гэта расада ўжо напоўніцу прадаецца.
«Для гэтай справы павінен быць талент...»
— Гваздзік ужо можна высаджваць. Два дні патрымаеце, пакуль холадна (у нас гэтымі днямі добры мароз быў!), і высаджвайце, — дае рэкамендацыі прадавец. — Адна скрыначка — адзін кусцік. А ўжо на наступны год дзяліце. Можна чаранкаваць.
Гваздзік суразмоўніца прадае па 10 рублёў за скрынку, герань — па 12. Прадавец за суседнім прылаўкам, Ірына, расказвае, што гандлюе расадай на Камароўцы кожную вясну і ў яе гадавальніка ўжо напрацаваны пастаянныя кліенты.
— Пакупнікам наша расада вядомая, яны кажуць: гэта расада з гадавальніка ў Дзяржынску. А назвы ў майго гадавальніка няма, не прыдумала, — дае тлумачэнні Ірына. — Я свой гадавальнік усё жыццё збірала. Што ў нас ёсць? Усё, што бачыце на прылаўку. Гэта размарын, па 8 за кусцік. Гэта гартэнзія. А гэта фарзіцыя — белая і жоўтая.
Фарзіцыя вясной зацвітае першай: раскошныя буйныя кветкі на голых яшчэ галінках, заўважае яна. Жоўтая — яркая і кідкая, але без паху. Белая ніжэйшая і не так кідаецца ў вочы, затое духмяная. Пах, дарэчы, вельмі тонкі (саджанцы Ірына прадае ўжо з кветачкамі), быццам дарагой парфумы. Парадак цэн на фарзіцыю — ад 8 да 35 рублёў у залежнасці ад памеру і сорту.
Лісця ў фарзіцыі пакуль няма, але прадавец можа пра іх расказаць:
— У «жоўтых» сартоў кветкі розных тонаў. Бачыце: у аднаго саджанца — лімонныя, а ў другога — колеру сланечніка. І форма кветак розная. У аднаго — доўгія пялёсткі, у другога — больш круглявыя. І лісточкі ў іх будуць розныя: тут — зялёны ліст з жоўтай аблямоўкай. Калі куст адцвіце, усё роўна будзе вельмі прыгожым. А тут лісточак будзе проста зялёны, — тлумачыць яна пакупніцы.
Магнолій у маёй суразмоўніцы ўжо няма, прадала — на іх вялікі попыт. Будуць праз тыдзень, запэўнівае. Сёлета магнолію прадаюць па 20 рублёў за кусцік. Саджанцы лаванды і размарыну ідуць па адной цане — 10 рублёў, шалфею — ад 12 да 18.
— Часцей за ўсё пакупнікі пытаюцца пра духмяныя расліны: чабор, лаванду, мяту, шалфей, бергамот і гэтак далей, — кажа Ірына. — У апошнія гады многія на сваіх участках вырошчваюць лекавыя расліны, яны таксама карыстаюцца попытам. Актыўна купляюць дэкаратыўныя хмызнякі — вейгелу, дэйцыю. Карыстаюцца попытам розныя сарты буйналіставых гартэнзій, калі яны рэмантантныя, то-бок цвітуць на парастках бягучага года. Калі гартэнзія цвіце на леташніх парастках, яна менш цікавіць пакупніка.
Каштуе гэта расліна ад 15 да 30 рублёў, гартэнзія мяцёлчатая таннейшая за іншыя: ад 10 да 30 рублёў у залежнасці ад сорту і памеру саджанца. У цэлым, чым навейшы сорт і чым буйнейшы парастак, тым ён даражэйшы.
Сёння ў гадавальнікаў вялікі выбар саджанцаў бэзу — у сярэднім 30–40 рублёў за кусцік. Сартоў — дзясяткі. Махровы бэз самы дарагі.
— У крамах яшчэ даражэйшы, — каментуе прадавец.
Ёсць і ўцэненыя: калі саджанец не занадта прыгожа сфармаваўся, цана зніжаецца амаль у палову.
— Але корань тут добры, кусцік хутка пойдзе ў рост, — тлумачыць Ірына.
Пакупнікі дэкаратыўных раслін, як і можна было меркаваць, у асноўным жанчыны.
— Маладыя дзяўчаты часцей за ўсё бяруць першацветы, — кажа суразмоўніца. — Ёсць нейкі працэнт мужчын, у асноўным дачнікі. Але большасць, вядома, жанчыны сярэдняга ўзросту — і дачніцы, і з сельскай мясцовасці, у каго свой дом.
— А чаму б не вырасціць расаду самім?
— Калі, напрыклад, браць цыбульныя (тыя ж першацветы) — пра гэта трэба было паклапаціцца загадзя, яшчэ ўвосень. Цыбульныя трэба купляць або ўвосень цыбулінай, або цяпер з кветкай.
— А іншыя саджанцы? Тую ж зеляніну, напрыклад?
— Каб вырасціць добрую расаду, патрэбен талент. Не ва ўсіх атрымліваецца. Трэба ведаць шмат тонкасцяў. Размарын, напрыклад, прадаецца ў насенні, але насенне практычна не ўзыходзіць. Я размнажаю яго чаранкамі. Але насенне прадаецца, людзі купляюць, робяць некалькі спроб і прыходзяць да нас па расаду. Мы прапаноўваем больш устойлівыя і непатрабавальныя ці больш новыя і прыгожыя сарты пад розныя запыты.
Працаёмкі працэс
Вікторыя прадае расаду са Смалявіч, яе асартымент — таксама «дэкаратыўка», але галоўным чынам ягадная. Парасткі клубніц-суніц — аднаго памеру, здаровыя, нагадваюць салдат на парадзе. Каштуе адзін такі саджанец ад 3-3,50 да 5 рублёў у залежнасці ад сорту: чым больш запатрабаваны пакупніком сорт, тым, адпаведна, даражэйшая расада. Па пяць, напрыклад, суніцы-клубніцы, новы гібрыд гэтых дзвюх раслін.
— З выгляду ягады ў яе пачварныя, — кажа Вікторыя. — Такой неакуратнай формы…
Звычайна клубніцы і суніцы сучасных сартоў маюць прыгожую, акуратную форму ягад, усе на кусце, ды і ў цэлым на градцы практычна аднаго памеру. Але не гэты гібрыд (ён мае назву «Купчыха»), адзначае суразмоўніца. Затое гэтыя ягады неверагодна смачныя, салодкія, духмяныя. І людзям падабаюцца: ужо не першы год «Купчыха» трымае лідарства на рынку расады. Яшчэ адзін лідар рынку — сорт «Азія» сярэдняга тэрміну паспявання, з вельмі буйнымі ягадамі. Цэннік на яго — таксама 5 рублёў.
— Вырошчваць расаду — вельмі працаёмкі працэс, — адзначае Вікторыя. — Так, раней, у савецкія часы, усе вырошчвалі яе самі. Але цяпер куды прасцей проста набыць неабходную колькасць парасткаў.
І, дарэчы, не надта вы і сэканоміце, калі вырашыце ўсё рабіць самастойна, кажуць прадаўцы. Палічыце выдаткі на насенне, грунт, фіталямпы... Не кажучы ўжо пра ваш асабісты час і месца ў кватэры. Клубніцы трэба абнаўляць кожныя тры гады, інакш расліны дрэнна плоданосяць.
А значыць, без пакупнікоў Смалявіцкі гадавальнік дакладна не застанецца.
Вікторыя расказвае, што клубніц-суніц у яе сартоў 35. Ёсць вырашчаныя з італьянскага матэрыялу, ёсць — з айчыннага (у Смалявічах гэтыя ягады расцяць часцей з вусоў, чым з насення). Выбар сартоў грунтуецца на пакупніцкім попыце:
— Шмат тых, хто хоча новыя сарты, але нямала прыходзіць і людзей, якія прывыклі да старых сартоў клубніц і суніц, — заўважае суразмоўніца.
Яшчэ з «папулярнага» ў Вікторыі — зялёная цыбуля, пятрушка-кроп па 5, саджанцы ажыны па 15. Пакуль што людзі прыцэньваюцца і прыглядаюцца, кажа яна. Актыўных продажаў чакае крыху пазней, з прыходам стабільнага цяпла. На тых, хто «проста паглядзець падышоў», Вікторыя не крыўдзіцца.
— Мне падабаецца размаўляць з людзьмі. Часам бабулі прыходзяць адзінокія, ім пагаварыць няма з кім. Я з радасцю з імі пагавару — і пра кветкі, і пра клубніцы, і пра жыццё.
Каб расада добра расла, у яе трэба ўкладваць душу, лічыць суразмоўніца.
— З парасткамі трэба размаўляць. Паліваеш расаду і размаўляеш з ёй: «Маленькія мае, ну як вы тут, мае любімыя раслінкі?» Гэта вам тут кожны скажа. Таму і расце ўсё. У нас жанчына стаіць побач за прылаўкам (сёння яе няма). Прадае хатнія фіялкі. Колькі ў яе сартоў! І якое шчасце — глядзець на іх! Часам прыйдзеш на работу ў дрэнным настроі, паглядзіш на яе кветкі — і адчуеш радасць. Фіялкі — кветкі капрызныя, у мяне, напрыклад, вырошчваць іх не атрымліваецца. А ў яе растуць!
Сярод пакупнікоў Вікторыі ў асноўным дачнікі — людзі, так бы мовіць, дарослыя. Але шмат і моладзі:
— На балкон клубніцы-суніцы купляюць — сарты, што цвітуць усё лета. Ёсць і замежныя пакупнікі — у асноўным студэнты з Кітая, — працягвае Вікторыя. — Яны наогул часта ладзяць «агарод на балконе»: вырошчваюць для сябе і ягады, і агуркі-памідоры, і зеляніну.
Фота аўтара