У гэты перыяд рэкамендуецца высаджваць таматы, перцы і баклажаны — яны доўга ўзыходзяць і павольна растуць, таму ранні старт ім неабходны. Высейваюць раннюю моркву, радыску, буракі, гарох, цыбулю-чарнушку, а таксама разнастайную зеляніну — кроп, пятрушку, пастарнак, ліставую салату. Гэта холадаўстойлівыя культуры, якія добра пераносяць невялікія замаразкі. Адзіная ўмова — прагрэў глебы да 3–10 °С, без якога насенне не пачне прарастаць.
Падрыхтоўка да сяўбы
Для падрыхтоўкі да сяўбы насення на расаду неабходна выбраць правільныя ёмістасці, урадлівы і добра дрэніраваны грунт. Глебу для расады можна выкарыстоўваць як з крамы, так і прыгатаваную самастойна — у вопытных садаводаў ёсць свае рэцэпты такога грунту.
Яшчэ адна важная акалічнасць — адбракоўка пасадачнага матэрыялу. Для таго каб вызначыць якасць насення, дастаткова апусціць яго ў ваду на пяць хвілін. Непрыдатнае да сяўбы будзе на паверхні, а добрае апусціцца на дно. Перад пасадкай таксама насенне лепш абеззаразіць у ружовым растворы марганцоўкі і на ноч пакласці ў халадзільнік. Гэта палепшыць яго ўсходжасць і стойкасць да замаразкаў.
Як высейваць
Таматы рэкамендуецца высейваць на расаду з пачатку сакавіка, каб паспець атрымаць ураджай на працягу летняга сезона. Насенне можна прарасціць, змясціўшы ва ўвільготненую баваўняную тканіну або папяровую сурвэтку. Прарослае насенне можна саджаць, непрарослае — чакаць не варта. Нават калі яно і ўзыдзе, расліны будуць слабымі і малаўраджайнымі.
Капуста. Сакавік — выдатны час для сяўбы розных яе відаў на расаду. Каб насенне хутчэй узышло, яго папярэдне замочваюць на 15–18 гадзін. Затым у загадзя падрыхтаваныя ёмістасці рассыпаюць насенне па паверхні грунту і засыпаюць пластом зямлі таўшчынёй каля 1 см. Глебу моцна паліваюць вадой і больш не чапаюць да таго часу, пакуль не з’явяцца ўсходы. Гэта працэдура абараняе ўсходы ад «чорнай ножкі». Важна ведаць, што капусту ні ў якім разе нельга паліваць халоднай вадой, лепш за ўсё выкарыстоўваць ваду пакаёвай тэмпературы. Каб прадухіліць выцягванне расады, неабходна панізіць тэмпературу ў памяшканні да 15-17 оС.
Баклажан. Гэта агародніна таксама адносіцца да катэгорыі цяплічных культур. Яны валодаюць далікатным смакам і шырокім дыяпазонам сартоў. Улічвайце, што баклажаны патрабуюць дастаткова цяпла і святла для паспяховага вырошчвання.
Базілік. Калі вы хочаце атрымаць зеляніну ў больш раннія тэрміны, то мэтазгодна заняцца вырошчваннем базіліку з насення на расаду. Аптымальна пасеяць яго ў канцы сакавіка. Раскладзіце папярэдне замочанае насенне з дапамогай пінцэта на адлегласці 3-5 см адно ад другога. Прысыпце пластом зямлі таўшчынёй 3-5 мм, увільгатніце грунт і накрыйце пакетам да з’яўлення першых усходаў. На расаду ў сакавіку таксама можна сеяць розную салатную агародніну і зеляніну — цыбулю, шпінат, а яшчэ каранёвы сельдэрэй.
Якія кветкі пасеяць?
У першыя дні сакавіка на расаду сеюць вербену. Гэтай расліне патрабуецца лёгкая, паветрапранікальная глеба. Насенне раскладваюць па паверхні і засыпаюць зверху вельмі тонкім пластом перагною.
Цынію лепш пасадзіць у тарфяныя збанкі, паклаўшы ў кожны па 2-3 семечкі, каб лішні раз не трывожыць карані расліны. Прыкладна праз тыдзень з’явяцца парасткі.
Дробнае насенне званочка сеюць па тым жа прынцыпе, што і насенне петуніі: рассыпаюць па паверхні грунту і накрываюць плёнкай да з’яўлення ўсходаў. Насенне лаванды перад пасадкай неабходна абавязкова стратыфікаваць. Без такой перадпасяўной падрыхтоўкі ў хатніх умовах шмат (ці нават усё) насення проста не ўзыдзе, а прарослыя ўсходы будуць слабымі і кволымі. Для стратыфікавання насенне можна пакласці паміж двума вільготнымі ватнымі дыскамі і закрыць у пластыкавым кантэйнеры, а потым паставіць у халадзільнік на тэрмін ад 30 да 45 дзён. Затым насенне раскладваюць у загадзя падрыхтаваныя ёмістасці з грунтам і прысыпаюць тонкім (3 мм) пластом зямлі або пяску. Акрамя вышэйпералічаных кветак у сакавіку сеюць на расаду: гайлардыю, геліопсіс, рудбекію, гіпсафілу, мальву.
Важна памятаць, што любую расаду, высаджаную ў канцы зімы — пачатку вясны, калі светлавы дзень яшчэ кароткі, неабходна дасвечваць, інакш яна моцна выцягнецца і аслабне.