Беларускія аграрыі пасеялі раннія яравыя культуры на плошчы 70 працэнтаў да плана. У краіне таксама пачалі сяўбу лёну і цукровых буракоў, на чарзе кукуруза, расказаў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў у час рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё» ў Жлобінскім лясгасе Гомельскай вобласці, перадае БелТА.
«У гэтым годзе была мяккая зіма, — адзначыў Юрый Горлаў. — Снежань і студзень мы аралі, таму ў нас вельмі шмат заарана. Напрыклад, у Жлобінскім раёне заарана больш як на 3 тыс. га. У цэлым па краіне гэта лічба таксама вельмі вялікая, таму мы сёння закрываем вільгаць, прычым па тэмпах мінулага года ў два разы. 70% да плана. Па першым разе мы ўжо падкармілі практычна ўсе азімыя культуры і перасягнулі за 50% па другім падкорме азімых збожжавых і рапсу».
Юрый Горлаў падкрэсліў, што ў краіне пачалі ўжо сяўбу лёну і цукровых буракоў. «Літаральна яшчэ 10 дзён, калі пройдуць нізкія тэмпературы, якія чакаюцца на наступным тыдні, і мы пачнём сяўбу кукурузы. Цяпер уносіцца арганіка пад сяўбу кукурузы. Упэўнены, што ўсе работы, намечаныя рабочым планам Мінсельгасхарча, будуць выкананы ў тэрмін», — сказаў ён.
Па словах міністра, паступаюць прапановы ад асобных рэгіёнаў — у прыватнасці ад Брэсцкай вобласці — па пераглядзе структуры пасяўных плошчаў. Так, аграрыі хочуць на месцах змяніць сяўбу ранніх яравых культур і зрабіць большы акцэнт на вырошчванне кукурузы на зерне.
«Мы ідзём ім насустрач, бо гэта эканамічна абгрунтавана, і з улікам такіх падыходаў мы атрымаем больш збожжа, — растлумачыў ён. — Працуем па Віцебскай вобласці. Мы ўжо вызначыліся, што нават у Верхнядзвінскім раёне, адным з самых паўночных, у гэтым годзе таксама будуць павялічаны плошчы пад пасеў кукурузы на збожжа. Але тэхнічна ім трэба будзе пераўзброіцца, каб увосень прыбраць гэтую кукурузу, а таксама правільна і пісьменна ёй распарадзіцца. У гэтым мы таксама падстаўляем ім плячо і сумесна вырашаем пытанні».