Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Мабілізацыя павінна быць. Павінна быць дысцыпліна

Падрабязнасці рабочай паездкі Прэзідэнта ў Мазырскі раён


Вялікая камандзіроўка кіраўніка дзяржавы на Гомельшчыну пачалася з наведвання ААТ «Мазыртэхсэрвіс», дзе Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з дзейнасцю прадпрыемства, лінейкай адноўленай і вырабленай тут сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама сельскагаспадарчай тэхнікай, выпушчанай на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы правёў семінар-нараду па пытаннях аграсэрвіснага абслугоўвання, арганізацыі рамонту і аднаўлення сельскагаспадарчай тэхнікі. 

Тэма — рэспубліканскага значэння, таму склад удзельнікаў мерапрыемства быў шырокі: губернатары, памочнікі Прэзідэнта, міністры, кіраўнікі прадпрыемстваў. Галоўнае пытанне — работу аграсэрвісаў — разгледзелі комплексна: абмеркавалі ўсе аспекты, нешта паглядзелі на практыцы. Прэзідэнт не пакінуў без увагі і іншыя пытанні сельскай гаспадаркі ў маштабах краіны, якія з’яўляюцца не менш актуальнымі. 


«Трэба час, але трэба ў гэтым напрамку рухацца»

Прыбыўшы на мазырскую зямлю, Прэзідэнт даў станоўчую ацэнку палявым і лясным работам у рэгіёне, якія ён убачыў з борта верталёта. Аднак было за што і пакрытыкаваць: гаворка ідзе аб жывёлагадоўлі.

«Гэта называецца жах, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, акцэнтаваўшы ўвагу старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко на матэрыялах праверак. — Я разумею, што ў асобных месцах, разумею, што яны канцэнтруюць негатыў (матэрыялы праверкі. — „Зв.“), але гэта больш, чым крымінальная справа».

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт скіраваў на адказныя і справядлівыя адносіны да меліяраваных зямель. Ён адзначыў, што працэсам меліярацыі павінны кіраваць губернатары. Пры гэтым важны не толькі сам працэс, але і адпаведныя адносіны да ўжо меліяраваных земляў. Іх перадача гаспадаркам, па словах кіраўніка дзяржавы, павінна быць замацавана ў адпаведных дакументах.


«Дзесьці мы правялі меліярацыю, але два-тры гады — зноў зараслі каналы, — патлумачыў такую прапанову беларускі лідар. — Гэта як разумець? Вы закапалі там прыстойныя грошы. Вось зараз прыедзе пракурор і спытае: а акт перадачы падпісалі? Усё павінна быць перададзена па акце ад меліяратараў гаспадарцы. Узяў ты гэта меліяраванае поле (туды ўкладзены мільёны рублёў), перадалі па акце — адказвай». 

Захаванне ўрадлівасці глебы, як і будаўніцтва дарог, па словах Прэзідэнта, з’яўляецца дзяржаўнай задачай. Асаблівае значэнне, удакладніў ён, меліярацыя набывае на поўдні Беларусі. Адказным за меліярацыю Аляксандр Лукашэнка даручыў пракантраляваць гэта пытанне. «На Палессі гэта найважнейшае пытанне», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на важнасці будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. «Што такое малочнатаварны комплекс? Калі мы гэтыя заняпалыя землі ператвараем у комплексы, вакол адразу (нават на Палессі, дзе ў вас балоты, лясы, пяскі) пераўтвараецца край, — патлумачыў ён мэтазгоднасць ісці такім шляхам. — Патрэбны кармы, каб комплекс утрымліваць. Зразумела, што адразу гэта не рване. Трэба час, але трэба ў гэтым напрамку рухацца».


«Трэба кроў з носа аднавіць сельгастэхнікі!»

Даючы ацэнку дзейнасці ААТ «Мазыртэхсэрвіс», Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што было б добра, каб так было ўсюды. «Але ж у нас сельгастэхнікі былі не ўсюды такія, — заўважыў ён. — Былі і горшыя. Яны і ёсць горшыя. А гэта (ААТ „Мазыртэхсэрвіс“. — „Зв.“) — цэлы завод. Яны тут выконваюць работы, якія мы рабілі калісьці ў сельгастэхніцы, а цяпер — у райаграсэрвісе. Ну калі сэрвіс — значыць сэрвіс». 

Прадпрыемства, якое наведаў кіраўнік дзяржавы, было створана ў 1935 годзе. Пасля шматлікіх пераўтварэнняў у сакавіку 2010 года было зарэгістравана як ААТ «Мазыртэхсэрвіс» з доляй дзяржавы 99,9 %. Прадпрыемства адносіцца да арганізацый сэрвісу, асноўнай функцыяй якіх з’яўляецца тэхнічнае абслугоўванне, рамонт машын і абсталявання агульнага і спецыяльнага прызначэння для сельскай і лясной гаспадаркі. Акрамя выканання рамонтных работ, тэхнічнага абслугоўвання і вырабу машын, абсталявання і агрэгатаў, прадпрыемствам ажыццяўляюцца грузаперавозкі, аказваюцца паслугі па прадастаўленні спецтэхнікі, выконваюцца электрамантажныя работы і тэхнічнае абслугоўванне даільнага і халадзільнага абсталявання, шынамантажных грузавых і сельскагаспадарчых шын, вядзецца аптовы і рознічны гандаль запаснымі часткамі, масламі, тэхнічнымі вадкасцямі і г. д.


Прэзідэнт звярнуў увагу на кадравы патэнцыял райаграсэрвісаў. «Раней у кожным калгасе, што ні рабочы — прафесар, вучоны, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння не ва ўсіх калгасах, саўгасах, але ў палове патрэбна дапамога і па рамонце, і гэтак далей. І не толькі таму, што стала больш складанай тэхніка. А таму, што няма тых людзей. Ужо гэтых сівавалосых старых (яны, можа, дзесьці і ёсць) трэба прасіць, каб яны прыйшлі і параілі, дапамаглі, падтрымалі слесараў, рамонтнікаў і гэтак далей».

Беларускі лідар адзначыў, што каштоўны вопыт гэтых людзей будзе вельмі карысным для новага пакалення спецыялістаў. І трэба паспець яго перадаць. 

Кіраўнік дзяржавы даручыў аднавіць сельгастэхнікі. «Трэба кроў з носа аднавіць сельгастэхнікі! — канкрэтызаваў ён. — Трэба аднавіць у кожным раёне». Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў: што гэта за старшыня райвыканкама, калі ў яго няма сельгастэхнікі і будаўнічага ПМК? 

Акрамя таго, Прэзідэнт заклікаў спецыялістаў сельгастэхнікі дапамагаць і мясцоваму насельніцтву, калі патрэбна затачыць, напрыклад, сякеру або нож. «Гэта таксама вельмі важна», — удакладніў ён. 

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на падтрыманне дысцыпліны. «Павінна быць жалезная дысцыпліна, калі мы хочам выжыць. Каму-каму, а гамяльчанам гэта не трэба тлумачыць: паглядзіце на поўдзень — зразумееце», — маючы на ўвазе падзеі ва Украіне, заўважыў Прэзідэнт. 


Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з лінейкай адноўленай і вырабленай на ААТ «Мазыртэхсэрвіс» сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама сельскагаспадарчай тэхнікай, выпушчанай на тэрыторыі Гомельскай вобласці. З працэсам вытворчасці тэхнікі Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся непасрэдна ў цэхах прадпрыемства. 

У ходзе знаёмства з тэхнікай Прэзідэнт закрануў пытанне аб’яднання гаспадарак і параіў з гэтым не спяшацца. Па яго словах, не заўсёды гэта эфектыўна. 

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуўся да тэмы рэформы сістэмы кіравання. Па яго словах, кіраўнікоў цяпер больш, чым гэта было ў савецкі перыяд. «Не спяшайцеся, — параіў ён, гаворачы аб рэфармаванні. — Трэба ісці спакойна. Па кіраванні мы яшчэ збяромся з губернатарамі і пагаворым».


«Нам трэба паскарацца»

Пачынаючы семінар-нараду па пытаннях аграсэрвіснага абслугоўвання, арганізацыі рамонту і аднаўлення сельскагаспадарчай тэхнікі, якая прайшла на базе прадпрыемства, Прэзідэнт нагадаў, што ў кожным раёне ў савецкія часы былі сельгастэхнікі, якія канцэнтравалі ў сабе асноўныя кірункі для работы саўгасаў і калгасаў, у цэлым сельскай гаспадаркі. Па яго словах, магчымасці сельгастэхнік дазвалялі аднавіць любую тэхніку. 

«Яна была тады, у савецкія часы, не такой складанай, як цяпер, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — У сельгастэхніцы былі сканцэнтраваны прадпрыемствы, якія бурылі свідравіны, праводзіліся іншыя работы».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што былі міжраённыя сельгастэхнікі. «Сельгастэхнікі заўсёды мелі неабходны запас запасных частак для рамонту, і ствараўся пэўны фонд паліва: бензіну і дызельнага паліва для работы калгасаў, — канстатаваў ён. — Потым наступіў перыяд, калі мы ўсе сталі рыначнікамі, адпусцілі ў вольнае плаванне. А ў выніку палова гэтых сельгастэхнік былі знішчаны. Такі ў нас рынак быў».

Цяпер, па словах кіраўніка дзяржавы, прыйшло разуменне памылак. «І разумеючы свае памылкі, мы пачынаем усведамляць, што падобныя цэнтры павінны быць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я настройваю, каб яны былі ў кожным раёне. Маленькім, вялікім — няважна. Па розных кірунках, якія працуюць».

Прэзідэнт адзначыў, што гаспадарчая вертыкаль устаноўлена: Белаграсэрвіс, абл- і райаграсэрвісы на базе сельгастэхнік. «Вельмі марудна разварочваемся па іх аднаўленні, па аснашчэнні, перааснашчэнні (там, дзе гэта трэба) — вельмі марудна, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Таму нам трэба паскарацца».


«Укласці грошы, каб атрымаць добрую аддачу»

Прэзідэнт заўважыў, што некаторыя крытыкавалі тых, хто траціў грошы на аднаўленне сельгастэхнік. А чым, па яго словах, гэта не ініцыятыва для дзяржпраграмы «Адзін раён — адзін праект».

«Нам трэба сур’ёзна прааналізаваць як меліярацыю, так і іншыя пытанні — як будзем рухацца далей, — даручыў беларускі лідар, маючы на ўвазе і праграму „Адзін раён — адзін праект“. — Бо ўсе думалі, будуць шалёныя грошы — 154 праекты па праграме „Адзін раён — адзін праект“. Замахнуліся, не ўсё зрабілі, але сельгастэхнікі і райсэрвісы, найперш аблсэрвісы, яны акурат і з’яўляюцца такім праектам. А дзесьці гэта нават важней, чым стварыць пяць працоўных месцаў і штампаваць пластык або мяхі нейкія рабіць і гэтак далей. Напэўна, і гэта трэба, але гэта (сельгастэхнікі. — „Зв.“) добрыя праекты, якія трэба рэалізоўваць. І калі хтосьці ўкладваў грошы, якія прызначаны для праграмы „Адзін раён — адзін праект“ у падобны кірунак, падобныя праекты, я думаю, гэта нядрэнна».

Такі ж падыход, па словах Прэзідэнта, павінен быць і па іншых кірунках: будаўнічым, дарожным і г. д.

Кіраўнік дзяржавы даручыў падумаць, як рухацца далей у рэалізацыі праграмы «Адзін раён — адзін праект». У якасці прыкладу ён прывёў Шклоўскі раён, дзе адразу рэалізуецца некалькі праектаў. Пры гэтым, дадаў Прэзідэнт, трэба рацыянальна ўлічваць і кадравае пытанне, і сацыяльную падтрымку задзейнічаных у праектах.

«Я да таго, каб разумна падысці: можа, у нейкім раёне і не патрэбны нам гэты праект, а перавесці гэтыя сродкі на іншы», — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу ён прывёў прадпрыемства па вытворчасці рыбы каштоўных парод у Краснапольскім раёне, якое нядаўна наведваў. «Рынак у нас нямераны, адкрыты, робяць цудоўную прадукцыю — дай бог свой рынак насыціць, як належыць, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Ведаем, як рабіць. Раней малька гэтага куплялі, дарошчвалі. Цяпер ікру атрымалі і малька вывелі — замкнёны цыкл. Рынак нямераны. Знешні рынак вялікі — расіяне гатовы купляць. Ну дык чаму не ўкласці грошы, хутка ўкласці, каб атрымаць добрую аддачу. Добры праект. 10 такіх вытворчасцяў можам запраста разгортваць».

І такіх праектаў, па словах Прэзідэнта, нямала. І яны перш за ўсё звязаны з зямлёй, будаўніцтвам, рамонтам, аднаўленнем. «Тое, што мы ўмеем рабіць, — канстатаваў беларускі лідар. — І доўга думаць не трэба і нешта выдумляць. Можа, і доўга трэба думаць, але нічога не выдумляць».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што жорстка кантралюе аднаўленне і стварэнне райаграсэрвісаў, сельгастэхнік. «Тэхніка становіцца больш складанай, — яшчэ раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб школах, створаных на базе сельгастэхнік. — Кадры трэба вучыць. Горш не будзе, калі паказаць нешта, расказаць».


Па словах Прэзідэнта, больш за палову сельгастэхнік у краіне адноўлены. Цяпер, па яго словах, трэба аднавіць сельгастэхнікі там, дзе іх няма. «Ёсць раёны, дзе вельмі трэба, — падкрэсліў ён. — Таму трэба гэтыя базавыя, міжраённыя (сельгастэхнікі. — „Зв.“) аднавіць. І потым у гэтых раёнах таксама ствараць майстэрні, якія будуць абслугоўваць гэты раён».

Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на яшчэ адны традыцыйныя арганізацыі — сельгасхіміі. Ад іх стану залежыць захаванасць мінеральных угнаенняў. «Яшчэ раз хачу губернатараў папярэдзіць, каб у нас не было непрыемных з вамі потым размоў, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Камітэт дзяржкантролю мне далажыў: ёсць праблемы, і праблемы немалыя, па захаванасці ўгнаенняў. Хлопцы, ну вы проста адной нагой у турме. Я вам гэта абгрунтоўваў эканамічна. У нас сёння цэны на міжнародных рынках вялізныя, асабліва на азотныя ўгнаенні. А вы іх гробіце. Не можаце захаваць — не бярыце. Сказана — зроблена. Мабілізацыя павінна быць. Павінна быць дысцыпліна».

«Гарантыйнае абслугоўванне павінна быць» 

Прэзідэнт назваў ААТ «Мазыртэхсэрвіс» узорным прадпрыемствам, якое займаецца абслугоўваннем сельгастэхнікі. Больш за тое, тут яшчэ і выпускаюцца асобныя ўзоры. Пастаўлена задача — зрабіць падобнае па ўсёй краіне. Магчыма, у меншых маштабах, але стварыць. «Трэба выпрацаваць сістэму і трэба разумець (гэта самае галоўнае), што без гэтага мы не абыдземся, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Тэхніка становіцца больш складанай, яе трэба абслугоўваць. Усё на завод не адвязеш. Завод адзін, а калгасаў і саўгасаў — сотні. Таму трэба мець гэта». 


Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы даручыў вызначыцца з гарантыйным рамонтам тэхнікі і тэрмінам, на працягу якога вытворца нясе адказнасць па гарантыі. «Жалезабетонна! — падкрэсліў ён. — Няякасную вырабіў прадукцыю — забірай і аднаўляй за свой кошт. Таму гарантыйнае абслугоўванне павінна быць. Мы павінны яшчэ раз да гэтага пытання вярнуцца ва ўрадзе і вызначыцца». Прэзідэнт патлумачыў, што гэта пытанне набывае асаблівую актуальнасць у сувязі са з’яўленнем вельмі складаных машын: кшталту збожжа-, кормаўборачнай тэхнікі «Гомсельмаш», трактароў МТЗ, аўтамабіляў і іншай. Бываюць выпадкі, па яго словах, калі такія машыны спісваюць пасля даволі кароткага тэрміну эксплуатацыі і ставяць пад плот. 

Хаця па-добраму такую тэхніку трэба было б вярнуць у эксплуатацыю, і такія станоўчыя прыклады ёсць. «Добра, гамяльчане нас навучылі, як гэтыя трактары аднаўляць: з двух адзін або з трох два, па-рознаму атрымліваецца, — канкрэтызаваў беларускі лідар, маючы на ўвазе прадпрыемства, якое наведваў. — Добрая тэхніка і таннейшая, чым новая». Па словах кіраўніка дзяржавы, неабходна ўстанавіць канкрэтныя правілы па абслугоўванні тэхнікі і тэрмінах. «Мы павінны дакладна даць сігнал на месцы, у бухгалтэрыі той ці іншай гаспадаркі, — канкрэтызаваў ён. — І хоць памры, ты яе не спішаш. Ты яе павінен захоўваць, берагчы, аднаўляць. Гэта ўжо справа кіраўніка. Таму мы павінны вызначыцца па гарантыйным рамонце тэхнікі: колькі гадоў завод будзе несці па гарантыі адказнасць. Не трэба ўсё гэта — няякасную тэхніку — перакладаць на сялян. Трэба прымушаць прамыслоўцаў працаваць якасна. Таму сельгастэхнікам, райаграсэрвісам — быць!». 

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз заклікаў гэтыя прадпрыемствы аказваць паслугі і мясцоваму насельніцтву, маючы на ўвазе ў тым ліку абслугоўванне асабістага транспарту.


«Наперадзе павінна ісці вытворчасць»

Дырэктар ААТ «Мазыртэхсэрвіс» Аляксей Баранаў расказаў, што ў сферу каардынацыі Рэспубліканскага аб’яднання «Белаграсэрвіс» уваходзіць 125 арганізацый, з якіх 87 райаграсэрвісаў, 13 райсельгасхімій, 4 маторарамонтныя і 4 рамонтныя заводы, 6 абласных арганізацый аграсэрвісу і іншыя арганізацыі, у якіх працуе больш за 14 тысяч чалавек. Па яго словах, штогод аграсэрвіснымі арганізацыямі аказваюцца паслугі па рамонце больш чым 3 тысяч адзінак тэхнікі, 1600 рухавікоў для трактароў, збожжа- і кормаўборачных машын, больш чым 890 адзінак вузлоў і агрэгатаў. Аляксей Баранаў расказаў аб шырокіх магчымасцях райаграсэрвісаў, выказаў сваё бачанне іх далейшага развіцця. 

Прэзідэнт пацікавіўся, што прымусіла прадпрыемствы, якія раней займаліся толькі рамонтам сельгастэхнікі, узяцца яшчэ і за яе вытворчасць. Дырэктар ААТ «Мазыртэхсэрвіс» заўважыў, што сэрвіснае абслугоўванне — гэта справа нестабільная: сёння тэхніка можа выйсці са строю, а заўтра не. А прамысловая вытворчасць тэхнікі дазваляе такім прадпрыемствам адчуваць сябе больш стабільна і ўстойліва. Аляксандр Лукашэнка заклікаў выбудаваць сістэму такім чынам, каб рамонт тэхнікі ў райаграсэрвісах быў даступны і прымальны для калгасаў і саўгасаў, якія не маюць такіх прадпрыемстваў. 

Генеральны дырэктар ААТ «Гомельаблаграсэрвіс» Юрый Дзеркачоў расказаў аб арганізацыі аграсэрвіснага абслугоўвання ў Гомельскай вобласці. Гаворачы аб далейшым развіцці райаграсэрвісаў, Прэзідэнт заклікаў не памыліцца — дзе і што будуць ствараць. Ён яшчэ раз адзначыў, што нават у невялікіх райцэнтрах павінны быць адпаведныя майстэрні. «Каб пэўныя работы там ажыццявіць і людзям аказаць дапамогу і падтрымку, — патлумачыў беларускі лідар. — Падумайце, але не зацягвайце гэту работу».

«Нельга страціць гэтыя землі» 

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы расказаў аб ходзе рэалізацыі праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што ў аснове гэтага павінны быць канкрэтныя праекты. «Наперадзе павінна ісці вытворчасць, потым дзіцячыя сады, адукацыя, ахова здароўя», — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. «Гэта аснова, — падкрэсліў Міхаіл Русы. — Будзе вытворчасць — усё пад гэта падцягнецца, людзі прыйдуць».

У якасці прыкладу Прэзідэнт зноў прывёў перспектывы развіцця рыбнай галіны, якая добра развіта на Палессі. «Гэта нескладаныя вытворчасці, мы ўмеем іх будаваць», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка і паставіў задачу шукаць такія праекты. «Прасачы, Міхаіл Іванавіч, разам з Леанідам Канстанцінавічам (Зайцам, старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. — „Зв.“), каб мы выратавалі землі, — даручыў беларускі лідар. — Ты ведаеш, як яны зарастаюць, калі не апрацоўваюцца як трэба, калі культуры няма. Палешукі жыць будуць тут. Так склалася — ад азёр, балот, рэк і зямельных угоддзяў, якія б гэтыя землі ні былі. Можа, нешта прыдумаем па павышэнні ўрадлівасці». 


Адзін са спосабаў, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, — меліярацыя. Пры гэтым, па словах Прэзідэнта, важна захаваць ужо меліяраваныя землі, не дапускаючы іх зарастання і выхаду з сельгасабароту. Пра работы па меліярацыі, ажыццёўленыя ў мінулыя гады, а таксама перспектывы гэтага кірунку далажыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што развіццё сельскай гаспадаркі — ключавы кірунак рэалізацыі праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. Плануецца, што да 2030 года ў дзевяці раёнах Гомельскай і Брэсцкай абласцей, уключаных у праграму, удасца дасягнуць паказчыкаў па адным мільёне тон малака і збожжа з зернем кукурузы, 100 тысяч тон мяса ялавічыны ў год. Мерапрыемствы праграмы, як запэўнілі беларускага лідара, рэалізуюцца своечасова і ў поўным аб’ёме.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу павышаць культуру земляробства. Ён адзначыў, што ў Гомельскай вобласці ў гэтым плане ўжо ёсць пазітыўныя зрухі. «Культурна, акуратна, палі апрацаваны, — канстатаваў ён, гаворачы аб тым, што ўбачыў з верталёта, падлятаючы на мазырскую зямлю. — Відаць, што людзі папрацавалі. Так павінна быць усюды».

Па словах Прэзідэнта, важна працягваць і работы па меліярацыі. «Меліярацыю трэба праводзіць, — падкрэсліў ён. — Нельга страціць гэтыя землі. Тут, на Палессі, людзі ўмеюць працаваць і хочуць».

«Па ўсіх кірунках яшчэ трэба многае мадэрнізаваць» 

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз указаў на важнасць перадачы вопыту: ад дасведчаных спецыялістаў — маладому пакаленню. «Мы з вамі дарослыя людзі, а ёсць такія, як Дзмітрый Мікалаевіч Крутой (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — „Зв.“) і яшчэ маладзейшыя, якія ў тыя часы не жылі, — патлумачыў Прэзідэнт. — А калі хтосьці і жыў, яны гэтым не цікавіліся. У іх няма вопыту. Таму, мужыкі, трэба хутка зрабіць тое, што мы ўмеем рабіць. Нашы дзеці гэтага не зробяць. Яны добрыя, з інтэрнэтам разбіраюцца і іншае. Яны разумнейшыя за нас па асобных кірунках». 

Але без сельскай гаспадаркі, па словах кіраўніка дзяржавы, нічога не будзе. «Мы — вопытныя людзі, і нам трэба вось за гэты перыяд, які нам адведзены, стварыць краіну, якую мы ім перададзім (новаму пакаленню. — „Зв.“), — падкрэсліў беларускі лідар. — Яны павінны цяпер ад нас навучыцца, яны павінны гэта ўсё ўбачыць. Іх справа потым — або яны кропку паставяць на гэтым, або яны будуць выкарыстоўваць ужо наш сумесны вопыт. Ім давядзецца перадаваць краіну. І мы павінны па ўсіх кірунках нешта зрабіць. Інакш усё гэта прападзе». 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, як у першыя гады свайго прэзідэнцтва прыязджаў на Палессе. У той час людзі прасілі кіраўніка дзяржавы забяспечыць іх самым простым — хлебам. З таго часу шмат што зроблена, людзі на Палессі жывуць не горш, чым на захадзе краіны. І гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, важна захаваць. 

«Нельга страціць гэтыя землі, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Тут, на Палесіі, людзі яшчэ ўмеюць працаваць. Таму і прыватныя, і калгасы-саўгасы — трэба развіваць усё гэта. 

Трэба падрыхтаваць краіну, якую потым любы возьме. І моладзь потым ад гэтага не адмовіцца, але ўжо будзе ведаць — як. Вось у чым вялікі сэнс. У гэтым уся філасофія, у гэтым сутнасць уся. Мы павінны з вамі справу зрабіць. І на гэта ў нас застаецца ўсё менш і менш часу. Вось, здавалася б, краіна ёсць, усе задаволены. Не, хлопцы, па ўсіх кірунках яшчэ трэба многае мадэрнізаваць». 

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз папрасіў губернатараў звярнуць увагу на культуру земляробства і арганізацыю шэфскай дапамогі сельскай гаспадарцы з боку прамысловых прадпрыемстваў. «Мы з вамі сёння нешта ўбачылі, аб чымсьці пагаварылі, абмеркавалі ўсе пытанні, з чымсьці паехалі, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Пачынаем дзейнічаць!» 

Вераніка КАНЮТА 

Фота БелТА 

Мазырскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю