Top.Mail.Ru

Пачалася аперацыя па спуску цел двух альпіністаў, якія загінулі на піку Курумды

Пошукі трэцяга альпініста з групы працягваюцца


Ратавальнікі пачалі аперацыю па спуску цел двух загінулых альпіністаў у гарах Кіргізіі, паведаміў кіраўнік пошукава-выратавальнай аперацыі Аляксандр Смірноў.
Раней ён расказаў, што ў гарах Кіргізіі знойдзены целы дваіх загінулых альпіністаў, пошукі трэцяга альпініста з групы працягваюцца.

«Пачалася работа па спуску. Пошукі трэцяга працягваюцца», — паведаміў Смірноў на сваёй старонцы ў Facebook.

У панядзелак, 24 жніўня, верталёт з пяццю ратавальнікамі высадзіўся на ледавік на вышыні 4,3 тысячы метраў. Пошукавая брыгада разбіла лагер і адразу распачала работу.
У штабе пакуль не называюць імёнаў альпіністаў, чые целы знойдзены і рыхтуюцца да спуску.

Нагадаем, грамадзяне Беларусі Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў і Сяргей Рубцоў з Літвы 2 жніўня здзейснілі паспяховае ўзыходжанне на пік Курумды. 4 жніўня група павінна была пачаць спуск да базавага лагера, аднак у прызначаны час на сувязь не выйшла. МНС і валанцёры пачалі пошукавую аперацыю. Але дрэнныя ўмовы надвор’я ўскладнілі пошукі, і каштоўны час быў упушчаны.

Пік Курумды (Карумду) знаходзіцца на ўсход ад піка Леніна. Гэта горная вяршыня ў Чон-Алайскім хрыбце, размешчаная на мяжы Кыргызстана, Таджыкістана і Кітая. Горны масіў характарызуецца вузкімі грабянямі, вострымі скалістымі вяршынямі і ледавікамі, якія спускаюцца на стромкіх участках.

Да 2001 года на пік неаднаразова спрабавалі ўзысці экспедыцыі з розных краін, але беспаспяхова. Першае пацверджанае ўзыходжанне адбылося ў кастрычніку 2001 года. Маршрут праходзіў па паўночным рабры вышынёй 6 тысяч 96 метраў.

Узыходжанне на пік Курумды адносіцца да найвышэйшай катэгорыі цяжкасці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю