Top.Mail.Ru

Пачала работу трэцяя сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання

Чарговая сесія адкрываецца напярэдадні Дня народнага адзінства — свята, якое займае важнае месца ў сэрцах і розумах беларусаў, з’яўляецца сімвалам нацыянальнай дзяржаўнасці, гонару за краіну і яе дасягненні.



Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, высокая ступень адказнасці за дынамічнае развіццё Беларусі ўскладзена і на дэпутацкі корпус. «Кіраўнік дзяржавы паставіў перад намі сур’ёзныя задачы, падкрэсліўшы асаблівую значнасць працягу пастаяннага дыялога з выбаршчыкамі, — удакладніў спікер. — Мы павінны трымаць руку на пульсе грамадскага жыцця, бачыць і вырашаць праблемы, якія хвалююць грамадзян. Людзі хочуць міру, стабільнасці і дабрабыту і, самае галоўнае — сацыяльнай справядлівасці. Менавіта ў гэтым залог даверу народа да дзяржаўных інстытутаў і захавання яго адзінства».

Кажучы аб заканадаўчых планах Палаты прадстаўнікоў, Ігар Сергяенка праінфармаваў, што ў парламенцкім партфелі ўжо знаходзіцца больш за 20 законапраектаў, і іх колькасць будзе ўзрастаць.

«Безумоўны прыярытэт заканадаўчай дзейнасці — забеспячэнне незалежнасці і абараназдольнасці дзяржавы, — падкрэсліў ён. — Падчас бягучай сесіі нам трэба будзе разгледзець законапраекты ў сферы ваеннай і пагранічнай бяспекі. Будуць унесены карэктывы ў крымінальны і адміністрацыйны кодэксы ў частцы выкарыстання грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў».

000022_1758001189_737525_big.jpg

Сур’ёзна прапрацаваны законапраект па пытаннях дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Па словах спікера, ён падрыхтаваны з выкарыстаннем пакетнага прынцыпу, калі паралельна з праектам закона рыхтуюцца і праекты неабходных падзаконных актаў. Такі падыход, як падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў, дазваляе комплексна ацаніць запланаваныя заканадаўчыя навацыі, своечасова заўважыць калізіі і прабелы ў правапрымяненні.

«Цяпер завяршаецца распрацоўка прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026 год, які стане першым у новай пяцігодцы, — адзначыў Ігар Сергяенка. — І яго вынікі павінны даць якасны імпульс чарговаму цыклу развіцця краіны». Дэпутаты з пачатку года ўцягнуты ў працэс яго падрыхтоўкі. Пры абмеркаванні пакета бюджэтна-падатковых дакументаў пастаянным камісіям пастаўлена задача яшчэ раз уважліва паглядзець, наколькі эфектыўна створаныя прававыя ўмовы будуць садзейнічаць актывізацыі дзелавой ініцыятывы і выкананню сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы.

На бягучай сесіі дэпутацкі корпус упершыню на ўзроўні закона комплексна перагледзіць усе пытанні, звязаныя з рэгістрацыяй і ліквідацыяй суб’ектаў гаспадарання. «Галоўная мэта, якая пры гэтым пераследуецца, — стымуляванне добрасумленнага вядзення бізнесу, яго сацыяльнай адказнасці», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Будуць разгледжаны і законапраекты, якія датычацца жыццезабеспячэння краіны і насельніцтва. Праекты па пытаннях экалогіі, энергазберажэння, пітнога водазабеспячэння і водаадвядзення закліканы павысіць сацыяльныя стандарты ў гэтых галінах (што асабліва актуальна для жыхароў сельскай мясцовасці), а таксама скарэкціраваць правілы для правапрымяняльнікаў.

000022_1758001189_737525_big.jpg

«Адначасова нам неабходна зрабіць шэраг крокаў па павышэнні эфектыўнасці заканадаўчага працэсу, — акцэнтаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Па-першае, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, каб мы часцей запрашалі спецыялістаў міністэрстваў, ведамстваў і разам у працэсе дыскусіі знаходзілі канкрэтныя рашэнні. Па-другое, у мэтах падтрымання належнай якасці і аператыўнасці прыняцця законапраектаў мэтазгодна падключацца да іх падрыхтоўкі на самых ранніх стадыях. Па-трэцяе, Палатай прадстаўнікоў вядзецца вялікая праца па аналізе практыкі правапрымянення. І гэты сур’ёзны рэсурс будзе задзейнічаны для ініцыятыўнай падрыхтоўкі законапраектаў, запатрабаваных грамадствам і дзяржавай. Па-чацвёртае, значнай навацыяй сесіі стане ўнясенне змяненняў у Закон «Аб нарматыўных прававых актах». 

У прыватнасці, прапануецца надзяліць Палату прадстаўнікоў паўнамоцтвамі па ажыццяўленні кантролю за рэалізацыяй заключных палажэнняў прынятых законаў. Дэпутацкаму корпусу, як адзначыў спікер, прынцыпова важна бачыць, як рэалізуюцца новыя законы, паколькі несвоечасовае прыняцце або карэкціроўка падзаконных актаў могуць зрабіць самыя запатрабаваныя нормы непрацаздольнымі.

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю