Top.Mail.Ru

Пачала работу чацвёртая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання

Як адзначыла, адкрываючы сесію, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, бягучая сітуацыя ў свеце характарызуецца абвастрэннем геапалітычных супярэчнасцей паміж асобнымі дзяржавамі, «рэнесансам пратэкцыянізму» ў сусветнай эканоміцы, неабгрунтаваным ростам санкцыйнага ціску. У такіх умовах, па яе словах, асаблівае значэнне набывае кансалідацыя сіл дзеля міру і забеспячэнні глабальнай бяспекі.



«Зусім нядаўна адбылося найважнейшае для ўсяго чалавецтва, адна з самых маштабных палітычных падзей сучаснасці, якая аб’яднала паўсвету, — саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў кітайскім Цяньцзіні, у якім прынялі ўдзел лідары больш як 20 краін і 8 міжнародных арганізацый, — нагадала спікер. — Беларусь упершыню выступала як паўнапраўны ўдзельнік гэтага міжнароднага аб’яднання. Наш Прэзідэнт у сваім выступленні сфармуляваў пяць прыярытэтаў для „сям’і ШАС“ — шматбаковасць, бяспека, устойлівае развіццё як аснова стабільнасці ў рэгіёне, харчовая бяспека, індустрыяльнае і навуковае развіццё».

Старшыня Савета Рэспублікі выказала ўпэўненасць, што шматлікія сустрэчы ў рамках гэтага візіту Прэзідэнта Беларусі з замежнымі лідарамі, дзелавымі коламі Кітая нададуць дадатковы імпульс развіццю ўзаемавыгадных адносін нашай краіны з іншымі краінамі. «У сувязі з гэтым ключавая задача парламентарыяў — забяспечыць заканадаўчую і палітычную падтрымку гэтым дамоўленасцям, замацаваць дасягнутыя вынікі ў прававых актах, а таксама садзейнічаць рэалізацыі сумесных праектаў на міждзяржаўным і міжпарламенцкім узроўнях», — канкрэтызавала спікер.

Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што бягучая сесія, якая звязвае адыходзячую пяцігодку з новай, з’яўляецца адказнай і змястоўнай. «Гэта пераходны этап, на якім важна не толькі падвесці вынікі праведзенай работы, але і закласці трывалы прававы фундамент для будучага развіцця, — зарыентавала спікер. — Менавіта цяпер неабходна максімальна ўзважана падыходзіць да кожнага законапраекта, улічваючы меркаванні ўсіх зацікаўленых бакоў, пазбягаючы фармалізму. Толькі так можна забяспечыць пераемнасць, устойлівасць і эфектыўнасць заканадаўчай базы, якая адпавядае інтарэсам грамадства і выклікам часу».

Гэтыя пасылы, па словах Наталлі Качанавай, трэба ўлічваць пры рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігадовы перыяд, праект якой, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, будзе разгледжаны на Усебеларускім народным сходзе.

«Наша зона адказнасці ў гэтай рабоце — перш за ўсё ўдасканаленне заканадаўства з улікам нацыянальных інтарэсаў, канкрэтных запытаў насельніцтва і мэтавых задач, сфармуляваных Прэзідэнтам краіны», — канкрэтызавала Старшыня Савета Рэспублікі.

Паспяховы старт новай пяцігодкі, па меркаванні спікера, шмат у чым залежыць ад збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, эфектыўнасці іх расходавання. «Неабходна з асаблівай дбайнасцю падысці да разгляду адпаведнага законапраекта і карэкціроўкі Падатковага кодэкса, — паставіла задачу Старшыня Савета Рэспублікі. — Асноўныя прыярытэты бюджэтнай палітыкі застаюцца нязменнымі: фінансаванне ў поўным аб’ёме сацыяльных праграм, рост заробкаў, устойлівае развіццё рэгіёнаў, своечасовае абслугоўванне дзяржаўнага доўгу».

Пакет прагнозных і бюджэтных дакументаў на наступны год быў разгледжаны на пасяджэнні экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі. Пазіцыя заканадаўцаў накіравана кіраўніку дзяржавы. Звяртаючыся да сенатараў, Наталля Качанава папрасіла іх працягваць работу над праектам бюджэту, уносіць абгрунтаваныя прапановы, абапіраючыся на запыты сваіх рэгіёнаў. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю