19 снежня на пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра BELEXPО пачала сваю работу маштабная экспазіцыя «Мая Беларусь».
Адным з пунктаў прыцягнення ўвагі яе наведвальнікаў стаў стэнд Дзяржстандарта, размешчаны ў тэматычным раздзеле «Рухавік эканомікі». Разам з экспазіцыямі Міністэрства прамысловасці і вядучых канцэрнаў краіны, такіх як «Беллегпрам», «Белнафтахім» і «Беллеспаперапрам», ён наглядна дэманструе, што ляжыць у аснове высокай якасці беларускай прадукцыі і з’яўляецца залогам канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Менавіта таму галоўны арыенцір да стэнда Дзяржстандарта — сімвалічны Дзяржаўны знак якасці.
Экспазіцыя раскрывае ролю стандартызацыі і метралогіі, якія фарміруюць аснову ўсёй сістэмы якасці. Развіццё гэтых кірункаў у краіне каардынуецца праграмай «Якасць». Гэты праграмны дакумент ужо прыняты і на наступны перыяд: 2026–2030 гады.
Наведвальнікі могуць атрымаць унікальную магчымасць зазірнуць у свет высокадакладных выпрабаванняў. Напрыклад, прадстаўлены макет абсталявання для праверкі даўгавечнасці спружынных мяккіх элементаў мэблі — абавязковага тэсту згодна з адным з тэхрэгламентаў Мытнага саюза. Сёння такія выпрабаванні рэгулярна праходзяць вырабы флагманскіх прадпрыемстваў канцэрна «Беллеспаперапрам». Здзівіць і макет стэнда для дынамічных выпрабаванняў сродкаў індывідуальнай абароны ад падзення з вышыні, прадстаўлены Гомельскім цэнтрам стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. А Брэсцкі ЦСМС прадставіў устаноўку для выпрабавання на сціск і распластоўванне гафрыраванага кардону.
Ёсць і інтэрактыўная праграма, разлічаная на наведвальнікаў усіх узростаў. Праверыць свае веды ў тэматычных крыжаванках і загадках, прысвечаных стандартам і якасці, праявіць творчыя здольнасці ў размалёўках можа кожны. А справіцца з заданнямі дапаможа візуальная інфармацыя, віртуальныя туры, з якімі можна азнаёміцца на тач-панэлях.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Дзяржстандарта