Імя Аляксандра Міхайлавіча Радзькова, аўтарытэтнага педагога, у нядаўнім мінулым — міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча, прафесара, публіцыста, добра вядома ў нашай краіне.
У апошнія гады пабачыў цэлы шэраг яго кніг: «О математике и математиках», «Маленькие истории большой семьи» (у сааўтарстве з Наталляй Ігнаценка), «Вкрапления в официальные, научные и корпоративные доклады, а также содержания бесед и разговоров», «Мой физмат» і інш.
Папулярнасць у чытача набыла і кніга лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Аляксандра Радзькова «Ректоры». Пад адной вокладкай сабраны аповеды дасведчанага аўтара пра тых кіраўнікоў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, з кім Аляксандру Міхайлавічу даводзілася сустракацца, працаваць. Перад чытачом паўстае галерэя цікавых, адметных асоб, тых знакавых персанажаў гісторыі айчыннай адукацыі, хто шмат што паспеў зрабіць для развіцця ўніверсітэцкага навучання, універсітэцкай навукі ў нашай краіне.
У бліжэйшы час кніга «Ректоры» з’явіцца ў кнігарнях.