Іх прадставілі вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Народны летапіс
Яшчэ ў 2020 годзе Нацыянальная акадэмія навук ініцыявала Усебеларускую акцыю «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», мэта якой — сабраць і захаваць памяць аб пакаленні пераможцаў. Вучоныя заклікалі дасылаць інфармацыю, якая захоўваецца ў сем’ях пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны (як успаміны ўдзельнікаў і іх нашчадкаў, так і копіі фатаграфій, дакументаў). У інстытут сталі прыходзіць лісты з розных куткоў Беларусі. Актывізавалася пошукавая праца: больш людзей пачалі цікавіцца гісторыяй продкаў, да справы падключыліся моладзь і школьнікі. Дзякуючы гэтаму адкрытыя імёны герояў, факты, якія раней былі вядомыя толькі вузкаму колу людзей. Для даследчыкаў — гэта каштоўны матэрыял, які дазваляе па-новаму паглядзець на ваенныя падзеі, для нашчадкаў удзельнікаў і сведкаў — магчымасць захаваць памяць пра родных назаўсёды.
Сёлета ўбачыў свет шосты том «Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны». Для яго вучоныя пастараліся адабраць матэрыялы, звязаныя з пачаткам вайны, а таксама з «жаночай» тэмай. У кнізе прадстаўлена інфармацыя пра мінскае, брэсцкае і калінкавіцкае падполле. Як расказалі гісторыкі, у Інстытут гісторыі яшчэ з канца 1950-х гадоў сталі паступаць успаміны пра пачатак вайны ў Брэсце, у тым ліку ад жанчын, якія прыехалі ў горад незадоўга да Вялікай Айчыннай. Многія з іх былі актыўнымі ўдзельніцамі брэсцкага падполля, пазней перайшлі ў партызаны. Тэма ж брэсцкага падполля пачала распрацоўвацца толькі ў канцы 1960-1970 гадоў. Вучоныя вырашылі ўспаміны, па якіх можна прасачыць, як зараджалася і развілася супраціўленне ў Брэсце, уключыць у шосты том «Народнага летапісу».

Гісторыкі падзяліліся планамі пра выданне асобнай кнігі аб ролі жанчын, якое можа пабачыць свет ужо сёлета. Таксама сабраны матэрыялы для сёмага тома «Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны». Сама ж акцыя па зборы матэрыялаў не мае тэрмінаў: вучоныя Інстытута гісторыі працягваюць атрымліваць інфармацыю ад нашчадкаў. У папярэдніх выданнях і таксама ў шостым томе можна знайсці падказкі, як працаваць з сямейнымі архівамі, як раскрываць гісторыю па дакументах.
Новы погляд на гісторыю
У мінулым годзе Інстытут гісторыі аднавіў выхад кніг серыі «Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі». Яна была задумана яшчэ ў 1995 годзе, але са з’яўленнем новых праектаў, у тым ліку сумесных з расійскімі вучонымі, на яе забыліся амаль на 30 гадоў. У грамадстве рос запыт на фундаментальныя выданні. Пачалі выходзіць шматтомнікі «Краіна ў агні», «Унёсак беларускага народа ў Перамогу». Толькі за апошнія пяць гадоў інстытут падрыхтаваў больш за 40 кніг па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Але сёння, калі расце цікавасць да ваеннай тэмы ў чытачоў, з’яўляюцца новыя падыходы да яе на канферэнцыях, серыю вырашана аднавіць і расказваць пра сучасныя даследаванні не толькі акадэмічных вучоных, але і іх калег з ВНУ, музеяў, архіваў. Сам жа інстытут ператварыўся ў цэнтр, які аб’ядноўвае ўсіх айчынных ваенных гісторыкаў краіны, а таксама наладжвае кантакты з вучонымі з іншых краін. Новы выпуск серыі «Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі» знаёміць з шырокім спектрам даследаванняў. Тут раскрываюцца пытанні арганізацыі ўсенароднага супраціўлення, баявых дзеянняў на тэрыторыі рэспублікі і ўдзелу ў іх прадстаўнікоў розных народаў СССР, нацысцкай акупацыі, генацыду насельніцтва Беларусі і савецкіх ваеннапалонных, пачатку аднаўленчай працы. Асвятляюцца сучасныя навуковыя падыходы, вызначаны геапалітычныя аспекты гісторыі Другой сусветнай вайны. Як заўважыў дырэктар Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза падчас прэзентацыі навінак у Нацыянальным прэс-цэнтры, сёння важна займацца і аналізам замежнай гістарыяграфіі — для таго, каб разумець, як адказваць на выклікі і пагрозы, супрацьстаяць фальсіфікацыям. Таксама ў зборніку падаюцца новыя тэмы, якія дазваляюць па-іншаму паглядзець і на ваенную гісторыю, і на захаванне памяці. Так, у свежым выпуску асвятляюцца пытанні эканамічнага генацыду, калі акупанты стваралі ўмовы невыноснага жыцця для жыхароў захопленых тэрыторый, паказана, як выкарыстоўваліся сатыра і гумар у партызанскім і франтавым друку, змешчаны звесткі пра тое, як ствараўся мемарыял «Брэсцкая крэпасць», якія карэктывы рабілі аўтары праекта.

Персаніфікаваць памяць
У яшчэ адным выданні НАН упершыню ў гістарыяграфіі на прыкладзе кіруючага саставу партызанскіх фарміраванняў паказана роля партызан — удзельнікаў Савецка-Фінляндскай вайны ў арганізацыі і кіраўніцтве партызанскай барацьбой на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго аўтар — галоўны навуковы супрацоўнік цэнтра ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі Аляксей Літвін — па крупінках збіраў матэрыялы пра прадстаўнікоў вышэйшага звяна партызан — удзельнікаў Савецка-Фінляндскай вайны (камандзіраў і камісараў брыгад, атрадаў, начальнікаў штабоў). На сёння ім выяўлена 488 чалавек. З іх дзесяць чалавек сталі Героямі Савецкага Саюза, яшчэ тры атрымалі такое высокае званне на франтах ужо пасля вызвалення Беларусі.

Падчас даследавання вучоны зрабіў высновы, што папярэдні баявы вопыт удзельнікаў ваенных аперацый шырока выкарыстоўваўся з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэта праяўлялася ў арганізацыі партызанскіх атрадаў і баявых дзеянняў. Сярод такіх партызан былі як асобы, якія выйшлі з акружэння, змаглі збегчы з палону, так і прадстаўнікі спецыяльных груп, якія закідваліся ў беларускія лясы з савецкага тылу. У кнізе «Удзельнікі Савецка-Фінляндскай вайны ў партызанскім руху Беларусі 1941—1944 гадоў» прадстаўлены біяграфічныя звесткі, паказаны лёсы герояў. Праца па персаніфікацыі гісторыі не завершана. Кніга можа стаць дапаможнікам для іншых даследчыкаў, бо аўтар правёў каласальную работу ў плане аналізу гістарыяграфіі, зборнікаў дакументаў, архіўных матэрыялаў, інтэрнэт-парталаў. Матэрыялы з яе будуць выкарыстаны пры падрыхтоўцы восьмага тома шматтомніка гісторыі Беларусі. Акрамя таго вучоныя спадзяюцца, што такі вопыт будзе карысным для стварэння ў будучыні энцыклапедыі партызанскага руху.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ