Top.Mail.Ru

Па якіх напрамках супрацоўнічаюць БСЖ і Зімбабвэ?

12 мая ў Мінску, у сценах гасцініцы «Еўропа», члены праўлення Беларускага саюза жанчын прымалі прадстаўнікоў афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Зімбабвэ.


У складзе дэлегацыі Зімбабвэ — міністр па справах жанчын, абшчын, развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Моніка Муцвангва, міністр інфармацыі, рэкламы і радыёвяшчання Джэнфан Мусверэ. На сустрэчы таксама прысутнічаў Звінайра Джэйкаб Купа, дырэктар кампаніі AVM Afrіca.

Візіт зімбабвійскай дэлегацыі стаў лагічным працягам актыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Зімбабвэ, у якім важную ролю адыгрывае Беларускі саюз жанчын. Старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская падкрэсліла, што ўзаемаадносіны паміж беларускімі і зімбабвійскімі жанчынамі маюць доўгую гісторыю і грунтуюцца на прынцыпах узаемнай павагі і імкнення да развіцця партнёрства.

— Мы актыўна супрацоўнічаем і абменьваемся дэлегацыямі, — нагадала кіраўнік БСЖ. — У мінулым годзе прадстаўнікі БСЖ наведвалі Зімбабвэ. Падчас нашага візіту быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. І на базе гэтага дакумента выбудоўваюцца нашы адносіны. Ён ахоплівае шырокі спектр узаемадзеяння. Гэта і горназдабыўная прамысловасць, і сельская гаспадарка, і адукацыя, і медыцына, і развіццё дзелавых адносін паміж жанчынамі-прадпрымальніцамі.

Выказваючы задавальненне ў сувязі з візітам у Беларусь, міністр па справах жанчын, абшчын, развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Рэспублікі Зімбабвэ Моніка Муцвангва адзначыла:

— Я вельмі рада знаходзіцца тут. У нас цудоўныя, цёплыя адносіны паміж нашымі краінамі. У першую чаргу, я хацела б выказаць падзяку за тую работу, якую вы праводзіце. Мы імкнёмся, каб нашы краіны сталі партнёрамі, асабліва ў сферы малога і сярэдняга бізнесу. Бо малы і сярэдні бізнес у маёй краіне адыгрывае найважнейшую ролю і на яго прыпадае 60 % ВУП.

У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. У прыватнасці, разгледжаны перспектывы пашырэння супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культуры, аховы здароўя, лёгкай прамысловасці і прадпрымальніцтва. 

Асаблівая ўвага была аддадзена рэалізацыі сумесных праектаў, накіраваных на падтрымку жаночага бізнесу і развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Таксама прадметам абмеркавання сталі пытанні, якія датычацца навучання грамадзян Зімбабвэ ў беларускіх установах адукацыі.

— Сёлета мы ўжо прымаем студэнтаў з Зімбабвэ, ствараем для іх умовы. Мы абяцалі жанчынам Зімбабвэ, што гэтыя маладыя людзі будуць адчуваць сябе як дома, — адзначыла Вольга Шпілеўская, акцэнтаваўшы ўвагу на стварэнні спрыяльнага асяроддзя для навучання і адаптацыі зімбабвійскіх студэнтаў.

У рамках абмеркавання пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва прадстаўнікі беларускага боку выказалі гатоўнасць да пашырэння паставак прадукцыі лёгкай прамысловасці ў Зімбабвэ, а таксама да абмену вопытам і тэхналогіямі ў дадзенай сферы. Старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна падкрэсліла:

— Перадавалі туды спецабутак. Хачу адзначыць, што спецадзенне зарэкамендавала сябе вельмі добра. Мы перадавалі каля 50 касцюмаў, улічваючы клімат, — там ёсць перыяд дажджоў. Шэсць, сем месяцаў нашэння — нічога не выліняла, нягледзячы на ўмовы надвор’я. Адзін з кірункаў — гэта не толькі туды пастаўляць нашу прадукцыю, але і навучаць на нашых вытворчых магутнасцях і пляцоўках.

Акрамя таго, была адзначана важнасць умацавання інфармацыйнага абмену і культурных сувязяў паміж дзвюма краінамі, што будзе спрыяць больш глыбокаму ўзаемаразуменню і збліжэнню народаў Беларусі і Зімбабвэ.

— Не менш важная сустрэча з міністрам інфармацыі, рэкламы і радыёвяшчання. Чым больш краіны будуць ведаць адна пра адну, разумець культуру адна адной, тым больш мы будзем разумець, як развіваюцца нашы краіны, тым больш цеснымі будуць нашы ўзаемаадносіны. Не толькі эканамічныя, але і культурныя, і сацыяльныя. А пунктаў судакранання ў нас вельмі шмат, — пераканана кіраўнік БСЖ. — Жанчын усяго свету звязваюць заўсёды такія, мне здаецца, вельмі аднолькавыя каштоўнасці. Гэта сям’я, дзеці, здароўе, развіццё дзяцей і здароўе нацыі ў прынцыпе.

Візіт дэлегацыі Рэспублікі Зімбабвэ ў Беларусь стаў важным крокам у развіцці міждзяржаўных адносін і стварэнні трывалай асновы для доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў розных сферах. Вынікі праведзеных перагавораў сведчаць аб імкненні абодвух бакоў да далейшага паглыблення партнёрства і рэалізацыі сумесных праектаў, накіраваных на дабрабыт народаў Беларусі і Зімбабвэ.

Айчынны медыядосвед на экспарт

Беларусь працягвае супрацоўніцтва з Рэспублікай Зімбабвэ ў розных сферах, у тым ліку ў медыяпрасторы.

13 мая ў Белтэлерадыёкампаніі пабываў міністр інфармацыі, рэкламы і радыёвяшчання Рэспублікі Зімбабвэ Джэнфан Мусверэ.

Дэлегацыя з афрыканскай рэспублікі прыбыла з мэтай вывучыць структуру і ўнутраную работу вядучых беларускіх медыяхолдынгаў, а таксама абмеркаваць перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва. Асноўны акцэнт у перагаворах быў зроблены на распрацоўцы сумесных ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне двухбаковага партнёрства ў сферы СМІ. Абодва бакі падкрэслілі станоўчую дынаміку развіцця адносін паміж дзвюма краінамі.

Па словах старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Івана Эйсманта, Зімбабвэ бачыць у Беларусі прыклад паспяховага супрацьстаяння знешняму націску ў інфармацыйнай прасторы.

Цікавасць да беларускай інфармацыйнай стратэгіі і гатоўнасць да абмену кантэнтам адкрываюць новыя магчымасці для развіцця культурных і інфармацыйных сувязяў паміж дзвюма краінамі. Эксперты мяркуюць, што гэта толькі першы крок на шляху да доўгатэрміновага і плённага супрацоўніцтва ў сферы медыя.

Марыя АСМАЛОЎСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю