Прайшоў Адзіны дзень інфармавання, падчас якога абмяркоўваліся ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту і Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, прынятай на другім пасяджэнні VІІ Усебеларускага народнага сходу.
На Гомельшчыне старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка наведаў адно з ключавых прамысловых прадпрыемстваў краіны ААТ «Гомсельмаш».
Як звярнуў увагу кіраўнік ЦВК, цікавасць да работы вытворчых флагманаў у рамках правядзення Адзінага дня інфармавання — гэта магчымасць ужывую бачыць, як ідзе мадэрнізацыя вытворчасцяў, якія існуюць перспектывы па выпуску і збыце прадукцыі, якія напрамкі дыверсіфікацыі паставак дапамагаюць зніжаць залежнасць ад абмежаванай колькасці рынкаў. Менавіта гэтыя задачы, як нагадаў кіраўнік ЦВК, непасрэдна закладзены ў дзяржаўную праграму развіцця.
У выступленні перад працоўным калектывам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі падрабязна спыніўся на асноўных пасылах кіраўніка дзяржавы, адказнасці кожнага грамадзяніна за будучыню краіны, а таксама ролі працоўных калектываў ва ўмацаванні эканомікі і стабільнасці Беларусі. Як нагадаў спікер, Усебеларускі народны сход пачаў функцыянаваць як канстытуцыйны орган, што стала важным крокам ва ўмацаванні прынцыпаў народаўладдзя і пашырэнні ўдзелу грамадзян у кіраванні дзяржавай.
Сустрэча ў рамках Адзінага дня інфармавання прайшла ў жывым фармаце. Работнікі актыўна ўключаліся ў дыялог, задавалі пытанні і выказвалі свае пазіцыі па актуальных тэмах. Асабліва адзначыў спікер актыўнасць на сустрэчы маладых спецыялістаў.
— Радуе, што ў прадпрыемства добрыя цесныя сувязі з установамі адукацыі па падрыхтоўцы кадраў, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Дырэктар ведае свае базавыя ўстановы адукацыі, а ўстановы адукацыі ведаюць свае базавыя прадпрыемствы. Гэты кантакт вельмі важны, таму што пытанні кадравага забеспячэння — адзін з элементаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. І кадравы патэнцыял — адзін з элементаў развіцця чалавечага патэнцыялу ў цэлым, тое, што ўвогуле закладзена ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця, — звярнуў увагу старшыня ЦВК.
* * *
Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў расказаў пра планы на пяцігодку супрацоўнікам кампаніі «Альцімед», што ў Асіповічах. У цэнтры ўвагі было здароўе нацыі.
Аляксандр Хаджаеў нагадаў, што дзяржпраграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» існуе ўжо амаль дваццаць гадоў.
— Гэта гаворыць пра тое, што ўсё мае сваю стратэгію і гэта вельмі важна, — рэзюмаваў ён. — Тое, што мы прымаем на пяцігодку, не павінна быць адарваным ад сістэмы развіцця краіны ў цэлым. Мы зацвердзілі новую праграму, якая ўступіла ў сілу з 1 студзеня. Тыя пасылы, якія закладзены ў ёй і былі зацверджаны на сходзе, забяспечаны пацвярджальнымі фарматамі выканання. Праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» — у тым ліку. Мы бачым, што за апошнія гады працягласць жыцця значна павялічылася, мы працуем на прафілактыку небяспечных захворванняў. У нас амбіцыйныя лічбы для павелічэння працягласці жыцця і яго якасці. Але павінна быць сумесная работа паміж урачамі і людзьмі.
Міністр заўважыў: існуе алгарытм адказнасці чалавека за здароўе, трэба цаніць той факт, што ў краіне існуе бясплатная медыцына.
Пасля выступлення міністр адказаў на шматлікія пытанні прысутных. Яны датычыліся развіцця кампаніі, экспарту, рэгістрацыі новых распрацовак. Міністр даў падрабязныя тлумачэнні і паведаміў, што Міністэрства аховы здароўя заўсёды адкрыта да канструктыўнага дыялогу.
* * *
На гродзенскім прадпрыемстве «Контэ Спа» з працоўным калектывам сустрэўся старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзяніс Каржыцкі.
Адзін са слупоў прынятай праграмы развіцця — рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця, лічбавая трансфармацыя. Таму пытанні навуковай тэхналагічнай галіны будуць у топе.

Дзяніс Каржыцкі падкрэсліў важнасць тэхналагічнага суверэнітэту і развіцця прамысловасці ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. У яе рамках рэалізоўваюцца 25 буйных інвестыцыйных праектаў і мноства ініцыятыў па ўкараненні перадавых тэхналогій. Указам нумар 135 Прэзідэнта вызначаны прыярытэтныя тэхналогіі для рэальнага сектара эканомікі на наступную пяцігодку. Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях актыўна працуе над рэалізацыяй Дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця, аналізуючы праекты для новай пяцігодкі. За папярэднюю пяцігодку выканана каля 100 праектаў у рамках гэтай праграмы, і плануецца дасягнуць аналагічнага выніку ў бягучым перыядзе.
Цяпер актыўна распрацоўваюцца і рэалізоўваюцца 20 дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, якія ахопліваюць ключавыя галіны эканомікі і прыярытэтныя кірункі дзейнасці. Таксама ўкараняюцца шэсць рэгіянальных навукова-тэхнічных праграм для стварэння і ўкаранення новай прадукцыі і тэхналогій.
Прэзідэнт даручыў узмацніць экспертызу праектаў і адбіраць толькі высокаэфектыўныя і запатрабаваныя распрацоўкі. У рамках гэтага працэсу праекты мадыфікуюцца для максімальнай адпаведнасці запатрабаванням рэальнага сектара. Дзяніс Каржыцкі паведаміў, што ў праграму на пяцігоддзе ўвойдуць праекты па рабатызацыі вытворчасцяў для павышэння прадукцыйнасці працы і паляпшэння якасці прадукцыі.
Таксама спікер адзначыў, што наша краіна дасягнула поспехаў у медыцыне: трансплантацыя сэрца і перадавыя метады лячэння раку, у тым ліку паспяховае лячэнне лімфомы і эксперыменты з новымі метадамі. У найбліжэйшыя пяць гадоў плануецца развіццё вытворчасці ветэрынарных і медыцынскіх прэпаратаў на аснове плазмы крыві, а таксама ўкараненне біятэхналогій. Прэзідэнт падкрэсліў важнасць паскарэння гэтых праектаў, што прадугледжана новай Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця, якая ўключае рабатызацыю і штучны інтэлект. Ідзе актыўная работа над выкананнем задач сацыяльна-эканамічнага развіцця.
* * *
З калектывам адкрытага акцыянернага таварыства «Кіруючая кампанія холдынга «Марка» ў Віцебску сустрэлася першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Васілеўская.
Яна патлумачыла, як ключавыя аспекты паслання Прэзідэнта і прынятая праграма тычацца непасрэдна ўдзельнікаў сустрэчы, іх прадпрыемства і горада. Размова ішла пра канкурэнтаздольнасць прадукцыі, якую вырабляе «Марка», розныя бакі работы галіны лёгкай прамысловасці і эканомікі ў цэлым, а таксама сацыяльную падтрымку грамадзян з боку дзяржавы.
Паводле нашых карэспандэнтаў.
Фота БелТА.